Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хімія» і «хатняя хімія». У Берасьці вынесьлі прысуды яшчэ 12 фігурантам «карагоднай справы»

абноўлена

Карагод у Берасьці 13 верасьня 2020 году
Карагод у Берасьці 13 верасьня 2020 году

8 чэрвеня суд Берасьцейскага раёну вынес выракі пятай групе абвінавачаных ва ўдзеле 13 верасьня ў карагодзе на скрыжаваньні бульвару Касманаўтаў і праспэкту Машэрава.

Усіх фігурантаў абвінавацілі паводле ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку»).

Абвінавачаных прыйшлі падтрымаць некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх і нядаўна асуджаная на 2 гады «хатняй хіміі» па той жа справе актывістка Алена Гнаўк.

Алена Гнаўк
Алена Гнаўк

«Кожны дзень сытуацыя зьмяняецца. Судзьдзі таксама людзі. Судзьдзя Маручак нарабіў вельмі шмат памылак падчас працэсу, — кажа Алена перад пачаткам паседжаньня. — Мы разумеем, якія зараз прысуды. Але што тычыцца мяне, я заўсёды пакідаю ў сваёй душы надзею, што ў гэтага судзьдзі прачнецца сумленьне і ён зможа зьняць сваю мантыю».

Бацькі абвінавачанага Арсена Сіняка, які ўжо на працягу некалькіх месяцаў знаходзіцца пад вартай (ягоны бацька Яўген — таксама фігурант справы), прызнаюцца, што вельмі чакаюць сына дома. Пракурор раней запрасіў для яго «хімію».

Арсен Сіняк са сваякамі пасьля прысуду
Арсен Сіняк са сваякамі пасьля прысуду

«Ад суда я ўжо нічога не чакаю, — кажа маці Арсена Алёна. — Уся папярэдняя практыка паказвае, што ад судзьдзі нічога не залежыць. Я толькі спадзяюся на тое, што ўжо сёньня ўвечары сын будзе дома».

Большую частку людзей, якія прыйшлі падтрымаць абвінавачаных, не пусьцілі ў залю суду. «Месцаў няма», — сказалі сілавікі і дадалі, што, згодна з новымі правіламі, перад тым як увайсьці ў залю, тэлефоны павінны быць адключаныя.

Вольга Глушэнь са сваякамі пасьля прысуду
Вольга Глушэнь са сваякамі пасьля прысуду

Судзьдзя Сяргей Маручак прысудзіў:

  • Яўгену Сіняку — 2 гады «хіміі» (абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу);
  • Арсену Сіняку, ягонаму 19-гадоваму сыну-палітвязьню, таксама 2 гады «хіміі» (ён з 9 лютага знаходзіцца ў берасьцейскім СІЗА № 7);
  • паэту-пчаляру Міколу Папеку — 2 гады «хіміі»;
  • Андрэю Ляшко — 1 год 6 месяцаў «хіміі»;
  • Паліне Ляшко, ягонай цяжарнай жонцы і маці дваіх дзяцей — паўтара года «хатняй хіміі» (абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову);
  • Раману Яхіну — 2 гады «хатняй хіміі» (палітзьняволены, знаходзіўся берасьцейскім СІЗА № 7 з 9 лютага 2021);
  • Вользе Глушэнь — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі» (палітзьняволеная, знаходзяцца ў берасьцейскім СІЗА № 7);
  • Марыне Дарашук — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі»;
  • Раману Дземідовічу — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі»;
  • Вікторыі Каральчук — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі»;
  • Алесе Крамчанінай — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі»;
  • Сьвятлане Марчук — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі».

28 траўня пракуроры Аляксей Ярошык і Аляксандар Плышэўскі прасілі суд менавіта аб такіх выраках.

Вольгу Глушэнь, Арсенія Сіняка і Рамана Яхіна вызвалілі ў залі суду.

Прадстаўнікі дзяржаўнага тэлебачаньня ў судзе
Прадстаўнікі дзяржаўнага тэлебачаньня ў судзе

У чым абвінавацілі падсудных?

Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, падсудныя ў групе зь іншымі асобамі наўмысна ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, арганізацый і прадпрыемстваў. У прыватнасьці, з прычыны прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчаваньня. Пацярпелым бокам у справе выступаюць тралейбусны і аўтобусны паркі.

У Берасьці на гэты момант у «справе карагоду» вынесьлі ўжо 5 прысудаў. Агулам асудзілі 57 асобаў, 4 зь іх адправілі ў калёнію.

Прысуд пятай частцы фігурантаў агучылі 3 траўня. Справу разглядаў судзьдзя Яўген Брэган.

Справа карагодаў — адна з самых масавых палітычных справаў у Беларусі. Колькасьць абвінавачаных у ёй на гэты момант складае больш за 70 чалавек. Аднак сілавікі да сёньня працягваюць шукаць удзельнікаў тых падзеяў.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG