Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 7 чэрвеня: 3 гады калёніі за заклікі да супраціву, да 8 гадоў за падпал «Табакеркі» і спыненьне цягніка


Клетка ў магілёўскім судзе. Ілюстрацынае фота.
Клетка ў магілёўскім судзе. Ілюстрацынае фота.

Свабода працягвае сачыць за судамі ў крымінальных справах супраць удзельнікаў пратэстаў. Артыкул абнаўляецца.

Ад 2 да 8 гадоў за падпал «Табакеркі», спыненьне цягніка ды прабітае кола

У судзе Бабруйска і Бабруйскайга раёну паведамілі, што Аляксандра Назарэвіча пакаралі 8 гадамі папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму. У яго кафіскавалі аўтамабіль.

Аляксандра Мар’ясава і Віталя Васілевіча адправілі ў калёнію ўзмоцненага рэжыму на 7 гадоў і 6 месяцаў. Аляксандру Гаўрылаву прысудзілі 2 гады абмежаваньня волі ў папраўчай калёніі адкрытага тыпу.

Дзяржаўнае абвінавачваньне прадстаўляла Натальля Лосева. На працэсе супрацоўнік крымінальнага вышуку Алег Дзьмітрук заявіў, што абвінавачаныя плянавалі «атруціць калодзежы, пашкодзіць камэру BelTol ды абстраляць будынак міліцыі», тым самым «дэстабілізаваць абстаноўку ў горадзе і запалохаць міліцыянтаў».

Усіх зьвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеяньняў, што выклікала парушэньне працы транспарту (ч.1 арт 342 КК), злосным хуліганстве (339 арт. КК), наўмысным пашкоджаньні маёмасьці ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт 218 КК), замаху на злачынства (ч.1 арт. 14) ды незаконных дзеяньнях у дачыненьні прадметаў, паражальнае дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў (295-3 арт. КК).

Паводле матэрыялаў справы, Назарэвіч, Мар’ясаў і Васілевіч ля адной з чыгуначных станцыяў падпалілі анучу. Машыністу давялося скарыстаць службовае тармажэньне, каб спыніць таварны лякаматыў, бо ён меркаваў, што набліжаецца сустрэчны цягнік.

Назарэвіч і Гаўрылаў таксама, паводле абвінавачваньня, пашкодзілі машыну супрацоўніка Дэпартамэнту аховы. Яны падклалі пад кола мэталічныя шыпы, якімі прабілі яго. Дзеяньні былі кваліфікаваныя як «злоснае хуліганства».

Інкрымінаванае «пашкоджаньне маёмасьці» выявілася ў нанясеньні Назарэвічам палос чырвонай фарбай на тры белыя лайтбоксы. У матэрыялах справы адзначана, што на такі ўчынак абвінавачаны наважыўся пасьля абмеркаваньня з трыма іншымі фігурантамі справы палітычнай сытуацыі ў краіне.

У падпале кіёску «Табакерка» зьвінавацілі Мар’ясава, Назарэвіча і Васілевіча. Паводле сьледзтва для гэтага яны вырабілі самаробнае прыстасаваньне з гадзіньнікавым мэханізмам. Учыненае кваліфікаванае як «наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці» і «замах на злачынства».

Віну падсудныя прызналі часткова. Прысуд судзьдзі Дзьмітрыя Крэнжыеўскага набудзе моц праз 10 дзён, калі абвінавачаныя яго не абскардзяць

(У публікацыі выкарыстаныя зьвесткі з газэты «Вечерний Бобруйск»).

На 3 гады калёніі асудзілі магілёўца за зьнявагу Лукашэнкі

Жыхара Магілёва Дзьмітрыя Лукашэвіча прызналі вінаватым у злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК) і зьнявазе Лукашэнкі ( ч.2 арт. 368 КК). Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

46-гадовы магілёвец, прызнаны праваабаронцамі палітвязьнем. Ён быў затрыманы 2 сакавіка паводле падазрэньня ў вырабе і спальваньні роставых лялек з тварамі беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку Лукашэнкі. Прысуд Лукашэвічу вынес судзьдзя Магілёўскага раённага суду Максім Курпачэнка. Праваабаронцы лічаць пакараньне абвінавачанаму «палітычна матываваным, зьвязаным зь мірнай рэалізацыяй выказваньня меркаваньня».

Прысуд за заклікі нападаць на сілавікоў

7 чэрвеня ў Берасьцейскім абласным судзе абвясьцілі вырак Уладзіславу Бурыну. Судзьдзя Мікалай Сянько прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 КК і прызначыў 3 гады пазбаўленьня волі, як і прасіла дзяржабвінаваўца Бялт. З улікам неадбытай часткi пакараньня па іншым прысудзе, сумарны тэрмін складзе 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму, піша берасьцейская «Вясна».

Сутнасьцю абвінавачаньня было разьмяшчэньне 20-27 верасьня ў тэлеграм-чаце 13 паведамленьняў. На судзе яіх цалкам не зачытвалі, але ў некаторых было параўнаньне ўкраінскіх і беларускіх пратэстаў. Адно зь іх гучала так: «Нас б’юць, а мы кветачкі ім уручаем».

Лінгвістычная і псыхалягічная экспэртызы, праведзеныя ў рамках крымінальнай справы, заключылі, што ў паведамленьнях і рэпостах Бурына «нэгатыўна ацэньваюцца» сілавікі, а таксама зьмяшчаюцца «заклікі да гвалтоўных дзеяньняў» супраць міліцыянтаў, вайскоўцаў, дзяржаўных службоўцаў і іх сем’яў, у тым ліку з выкарыстаньнем халоднай зброі.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG