Да палітвязьня Сьцяпана Латыпава змагла трапіць адвакатка. Пра гэта Tut.by паведамілі ягоныя родныя.
«Самаадчуваньне здавальняючае. Трымаецца цьвёрда. Хвалюецца за родных».
Для Латыпава прынялі мэдычную перадачу.
Суд над ім адновіцца 10 чэрвеня.
Сьцяпан Латыпаў, якога падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, 1 чэрвеня зрабіў спробу суіцыду проста падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.
Латыпава забрала „хуткая“, яму зрабілі апэрацыю. На наступны дзень стала вядома, што яго забралі з шпіталя ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.