Жанчына летась у ліпені здала кватэру памочніцы пракурора аднаго з раёнаў Менску і заключыла зь ёй дамову на два гады. Але пасьля жнівеньскіх падзей перадумала і запатрабавала ад пракурорскай работніцы вызваліць памяшканьне.
У Заводзкай пракуратуры палічылі, што гаспадыня жыльля «паддалася інфармацыйнаму ўплыву» і захацела сьвядома «парушыць правы, свабоды і законныя інтарэсы пацярпелай выключна ў сувязі з займанай ёй пасадай».
На арэндадаўцу завялі крымінальную справу за «парушэньне раўнапраўя грамадзянаў» (арт. 190 КК) і ўжо перадалі яе ў суд. Жанчыне пагражае да 2 гадоў зьняволеньня, сама яна пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Паводле Жыльлёвага кодэксу, разарваць дамову пра найм жытла арэндадаўца можа з сваёй ініцыятывы, папярэдзіўшы наймальніка за месяц і патлумачыўшы матывы.