1 чэрвеня ў судзе Савецкага раёну пачаўся працэс над палітвязьнем Сьцяпанам Латыпавым. Яго затрымалі 15 верасьня 2020 году ва ўласным двары — абараняў мурал з выявай «дыджэяў перамен» на скрыжаваньні вуліцы Чарвякова і Сморгаўскага тракту.
Судзьдзя — Аляксандар Воўк, дзяржаўны абвінаваўца — Уладзімер Рабаў. Абараняюць Латыпава адвакаты Кацярына Жаўтанога і Ільля Пярхальскі — яны пад падпіскай аб неразгалошваньні.
Латыпава абвінавачваюць у непадпарадкаваньні, супраціве, махлярстве
Сьцяпану Латыпаву выставілі абвінавачаньні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- частак 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і непадпарадкаваньне патрабаваньням прадстаўнікоў улады);
- часткі 2 арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў)
- часткі 4 арт. 209 (махлярства ў асабліва буйным памеры). Нібыта «ў пэрыяд з красавіка 2019 году па верасень 2020 году абвінавачаны шляхам падману і ўвядзеньня ў зман завалодаў грашовымі сродкамі 16 юрыдычных асобаў на агульную суму больш як 123 тысячы рублёў».
Пры ператрусе ў кватэры Сьцяпана Латыпава, які прафэсійна займаецца лячэньнем дрэваў, знайшлі хімічныя рэчывы, пасьля чаго дзяржаўная прапаганда заявіла, што ён нібыта з дапамогай гэтых рэчываў рыхтаваўся труціць міліцыянтаў. Аднак гэтае абвінавачаньне зьнялі.
Сьцяпана Латыпава прывезьлі на суд зь сіняком пад вокам і перабінтаванай рукой
На пачатку працэсу судзьдзя Аляксандар Воўк паведаміў, што ад 1 чэрвеня фота- і відэаздымкі ў залях судоў дазваляюцца толькі са згоды бакоў. Дзяржабвінаваўца і судзьдзя былі супраць, таму фота і відэа забаранілі.
У Сьцяпана Латыпава відаць сіняк пад правым вокам, запясьце левай рукі забінтаванае, пашкоджана левае вуха, на ўказальным пальцы правай рукі — плястыр. Адвакатка бачыла яго ў пятніцу 28 траўня. Тады такіх траўмаў не было, сказала яна.
Латыпаў папрасіў дазволу карыстацца беларускай мовай. Судзьдзя дазволіў, але працягваў весьці працэс па-расейску.
Латыпаў не прызнаў віны ні па адным абвінавачаньні
Абвінавачаньні памочнік пракурора Савецкага раёну Ўладзімер Рабаў чытаў цягам гадзіны.
Паводле сьледчых, з 2019 году да жніўня 2020 Латыпаў падманам завалодаў 123 тысячамі рублёў шаснаццаці юрыдычных асобаў — не аказаў паслуг па хімічнай апрацоўцы земляў і зьнішчэньні баршчэўніка Сасноўскага.
А з 9 жніўня да 15 верасьня 2020 году,
- удзельнічаў у беспарадках,
- заклікаў да масавых дзеяньняў,
- перашкаджаў руху транспарту,
- наносіў малюнкі на фасад будынкаў,
- ствараў тэлеграм-каналы і чаты,
- фінансаваў пратэсты,
- купляў і вырабляў атрыбутыку,
- 15 верасьня супраціўляўся міліцыі пры затрыманьні,
Сьцяпан Латыпаў заявіў, што не прызнае віны ні ў адным эпізодзе.
Сьведкі-міліцыянты блытаюцца ў паказаньнях
Сьведка Васіль Рогаў прадставіўся міліцыянтам патрульна-паставой службы Цэнтральнага РУУС. Ён сказаў, што яго паклікалі на дапамогу калегі на вуліцу Чарвякова, 1.
«Там на трансфарматарнай будцы былі надпісы палітычнага характару. Латыпаў і іншыя не давалі зафарбаваць сьцяну супрацоўнікам ЖЭС. Мы прыбылі на месца паразмаўляць зь людзьмі, там было каля 20 чалавек. Паспрабавалі людзей адціснуць ад сьценкі, але Латыпаў не хацеў адыходзіць. Давялося да яго прымяніць фізычную сілу, несьці на руках, бо Латыпаў упіраўся. Паклалі Латыпава на зямлю. Ён ударыў мяне нагой у вобласьць галавы. Пад’ехала падмога, пагрузілі Латыпава ў бусік», — сказаў Рогаў.
Адвакат адзначае, што ў абвінавачаньні нічога не гаворыцца пра ўдар міліцыянту. «Што было: пагроза ўдару ці ўдар?» Міліцыянт ня змог прыгадаць, у якую частку галавы быў ўдар.
— Паглядзіце на мяне. У вас быў характэрны ацёк на твары, як у мяне?, — спытаўся Латыпаў.
— Не, — адказаў сьведка.
Сьведка-міліцыянт Аляксандар Балаш сказаў, што «бачыў канкрэтны мэтанакіраваны ўдар нагой у твар». «Гэта была спроба ўдару», — сказаў ён. Ён лічыць, што пацярпеў маральна: выслухаў шмат зьняваг ад людзей і Латыпава.
Арбарыст, прамысловы альпініст: што вядома пра Сьцяпана Латыпава
Сьцяпану Латыпаву 41 год. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці, вучыўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлягі. Па прафэсіі Сьцяпан арбарыст, а таксама прамысловы альпініст 5-га разраду.
Сьцяпан прайшоў прафэсійную падрыхтоўку і сэртыфікацыю ў Вялікай Брытаніі, мае сэртыфікат IRATA (для тых, хто выконвае работы на вышыні), працаваў у розных краінах сьвету.
У Менску Латыпаў меў сваё ІП, быў дырэктарам «Беларба». Ён прыводзіў у парадак, лячыў дрэвы ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта, у VIP-кліентаў, супрацоўнічаў з «Дыпсэрвісам». Чытаў лекцыі ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце.
За амаль 9 месяцаў, праведзеных за кратамі, Сьцяпан сядзеў у так званым «Шанхаі», што ў СІЗА на Валадарскага. Як пісаў ён пра «Шанхай» у лістах сябрам, «гэта корпус у паўпадвале з нарамі ў тры паверхі, поўны прусакоў і маргіналаў, там я ляжаў гадзінамі, абгарнуўшы твар мокрым ручніком».
У сьнежні 2020 году Латыпаў пабываў у Навінках, бо яму прызначылі псыханэўралягічную экспэртызу ў РНПЦ псыхічнага здароўя.
У студзені 2021-га на «Валадарцы» Сьцяпан Латыпаў перахварэў на каранавірус.
Са сьнежня 2020 году ён меў праблемы зь ліставаньнем.