Заяўкі будуць прымаць да 14 чэрвеня 2021 году праз пададзены вышэй лінк. Заяўка складаецца са зьвестак аб удзельніку, матывацыйнага ліста, трох узораў работ, двух рэкамэндацыйных лістоў, рэзюмэ і «Ліста да Вацлава Гавэла». У свой час Вацлаў Гавэл, знаходзячыся ў зьняволеньні, пісаў сваёй жонцы лісты. Пазьней яны былі выдадзеныя як кніга «Лісты да Вольгі».
Узяць удзел у праграме могуць журналісты зь Беларусі, Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Малдовы, Расеі і Ўкраіны. Стыпэндыяты, якія пройдуць адбор, атрымаюць магчымасьць стажавацца ў рэдакцыях галоўнага офісу РСЭ/РС у Празе, супрацоўнічаючы з дасьведчанымі журналістамі. Стажаваньне будзе доўжыцца ад 3 студзеня да 31 ліпеня 2022 году.
Мэта стыпэндыі імя Вацлава Гаўла — падтрымка пэрспэктыўных журналістаў з краінаў, дзе ёсьць праблемы з вольнымі і незалежнымі сродкамі інфармацыі. «Стымулам да стварэньня праграмы стала вера былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла ў ролю журналістыкі як трансфарматара рэпрэсіўных рэжымаў», — адзначаюць ініцыятары прэміі.
- У 2011–2012 гадах стыпэндыятам прэміі імя Вацлава Гаўла ад Беларусі быў Франак Вячорка.
- У 2014–2015 гадах стыпэндыятам стала Ганна Любакова, якая працавала на тэлеканале «Белсат».
- У 2015–2016 гадах стыпэндыю атрымаў блогер, экспэрт у сацыяльных мэдыя Ігар Лосік.
- У 2017–2018 гадах стыпэндыю атрымаў журналіст і блогер Раман Пратасевіч.
- У 2019-2020 гадах стыпэндыяткай была журналістка Наста Бойка, якая працавала на «Эўрарадыё».
- У 2020–2021 гадах стыпэндыю атрымаў журналіст тэлеканалу «Белсат» Вітаўт Сіўчык.
Больш падрабязная інфармацыя пра заяўку на стыпэндыю імя Вацлава Гаўла ТУТ.