Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэйс «Белавія» зь Менску ў Барсэлёну робіць колы над Берасьцейскай вобласьцю 26 траўня
Рэйс «Белавія» зь Менску ў Барсэлёну робіць колы над Берасьцейскай вобласьцю 26 траўня

Асьцярожна, неба закрываецца. Як скасоўваюць палёты зь Беларусі, у Беларусь і над Беларусьсю

абноўлена

Шэраг авіякампаній ужо памянялі маршруты палётаў, каб не ўваходзіць у паветраную прастору Беларусі.

Афіцыйна пра намер абмінаць Беларусь заявілі ў краінах Балтыі, Польшчы, Вялікай Брытаніі, Францыі, Фінляндыі, Славаччыне, Японіі, Фінляндыі. Эўрапейская Рада заклікала ўсе краіны Эўразьвязу не лятаць над Беларусьсю.

Абмінаюць Беларусь і лоў-костэры Wizzair і Ryaniar, а таксама некалькі іншых авіякампаній.

Глядзім, хто застаўся над Беларусьсю і як самалёты абмінаюць яе неба.

10:55 25.5.2021

Фінская авіякампанія Finnair будзе аблятаць Беларусь

Пра гэта яна заявіла 25 траўня, перадае Reuters. Прадстаўніца Finnair паведаміла, што гэтае рашэньне ім рэкамэндавала прыняць Фінскае агенцтва транспарту і сувязі.

10:55 25.5.2021

«Белавія» забаранілі лятаць у Францыю. Air France будзе абмінаць Беларусь

Францыя прыпыніла дазвол на палёты «Белавія» і рэкамэндавала францускім авіякампаніям абмінаць Беларусь, паведаміў міністар транспарту Жан-Батыст Джэбары на сваёй старонцы ў твітэры.

«У мэтах бясьпекі пасажыраў я папрасіў авіякампаніі, якія працуюць у Францыі, больш не лятаць над паветранай прасторай Беларусі. Дазвол на палёты „Белавія“ таксама прыпынены», — напісаў францускі міністар.

24 траўня гэткія ж рашэньні прыняла Вялікая Брытанія.

10:51 25.5.2021

Украіна з 00:00 26 траўня спыняе авіязлучэньне зь Беларусьсю

Як паведаміў у сваім тэлеграм-канале прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль, урад ухваліў адпаведнае рашэньне і даручыў Міністэрству інфраструктуры, Дзяржаўнай авіяцыйнай службе і дзяржаўнаму прадпрыемству «Украерорух» забясьпечыць ягонае выкананьне.

Дзяніс Шмыгаль удакладніў, што ўкраінскім авіякампаніям і самалётам забараняецца выконваць палёты ў паветранай прасторы Беларусі. Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны атрымала загад у мытных пунктах аэрапортаў спыніць афармленьне пасажыраў, якія прыбываюць зь Беларусі або накіроўваюцца ў Беларусь.

10:49 25.5.2021

Хто цяпер аблятае Беларусь?

Пра спыненьне палётаў па-над Беларусьсю і змушанае павелічэньне часу пералётаў заявіў шэраг міжнародных кампаній, у прыватнасьці, такія вядомыя як фінскі Finnair, францускі Air France, польскі LOT, швэдзкая SAS, кіпрская Avia Solutions, літоўская KlasJet, аўстрыйскі Austrian Airlines, вугорскі Wizz Air, латыская airBaltic, нідэрляндзкая KLM і нямецкая Lufthansa.

Ёсьць у сьпісе і азіяцкая кампанія Singapore Airlines.

10:48 25.5.2021

У Літве ад сёньня ўступіла ў сілу забарона на прыём і вылет самалётаў, якія перасякаюць Беларусь

Па словах міністра камунікацый і транспарту Маруса Скуодзіса, на працягу сутак забарона закране каля 180 рэйсаў па 26 напрамках, у асноўным гэта адносіцца да маршрутаў паўднёвага напрамку, цытуе чыноўніка ТАСС.

10:48 25.5.2021

«Белавія» адмяніла палёты ў Лёндан і Парыж з 25 траўня па 30 кастрычніка 2021 году

Гэта адбылося «у сувязі з рашэньнем урадаў Вялікай Брытаніі і Францыі аб забароне рэйсаў «Белавія» ў дадзеныя краіны, растлумачылі ў кампаніі.

«Мы засмучаны сытуацыяй, якая склалася, якую ня ў сілах зьмяніць», — адказалі ў «Белавія».

Пасажыры могуць вярнуць поўны кошт білетаў бяз штрафаў або зьмяніць дату вылету на працягу тэрміну дзеяньня авіябілету.

10:46 25.5.2021

Як абмінаюць Беларусь

Бангкок — Лёндан, British Airways
Бангкок — Лёндан, British Airways
Кіеў — Вільня, Wizz Air
Кіеў — Вільня, Wizz Air
Пафас — Рыга, Ryanair
Пафас — Рыга, Ryanair
Вільня — Кіеў, Wizz Air
Вільня — Кіеў, Wizz Air
Масква — Франкфурт, Lufthansa
Масква — Франкфурт, Lufthansa
Стамбул — Вільня, Turkish Airlines
Стамбул — Вільня, Turkish Airlines

10:43 25.5.2021

Хто быў у небе над Беларусьсю а 10-й гадзіне

  • «Аэрафлот» з Калінінграду ў Маскву
  • SmartAvia з Масквы ў Калінінград
  • «Белавія» з Анталіі ў Магілёў
  • «Белавія» з Анаталіі ў Менск
  • Uzbekistan Airways з Ташкенту ў невядомым кірунку
  • Нявызначаны самалёт маркі Gulfstream GVII-G500
  • Нявызначаны самалёт маркі Hawker 750
  • Грузавы борт з Сэулу ў Вену

XS
SM
MD
LG