За што яго яшчэ пакаралі, каб віна пацягнула на «злоснае непадпарадкаваньне», невядома. Высьветліць гэта не ўдалося і адвакату — тэрмінова сустрэцца з падабаронным яму не далі.
«Толькі тры тыдні адбыў у калёніі, сядзеў у адзіночцы, і ўжо завялі справу па 411 артыкуле, як на мацёрага злачынцу. Нешта ня тое», — кажа Вольга Анішчук.
У адміністрацыі калёніі адвакату сказалі, што ад Арцёма няма заявы на сустрэчу з абаронцам і таму да яго не пусьцілі. Хаця, паколькі завялі крымінальную справу, адмовіць у сустрэчы з адвакатам ня маюць права, мяркуе Вольга. З апошняга ліста жанчына ведае, што ледзь не адразу, як прывезьлі ў калёнію, мужа зьмясьцілі ў ПКТ — гэта памяшканьне камэрнага тыпу.
«Піша ён адтуль заявы ці не — паспрабуй правер. Мне ў лісьце пісаў, што прасіў сустрэчы з адвакатам, але яны могуць казаць што заўгодна. Дый ня веру я ў сыстэматычныя парушэньні зь ягонага боку. Ён ужо столькі спазнаў пасьля затрыманьня, прайшоў праз такія выпрабаваньні. Уся гэтая гісторыя пра 411 артыкул выглядае помстай яму за тую машыну, якая належыць ня простаму міліцыянту», — мяркуе Вольга.
Катавалі электрашокерам, пагражалі павесіць на дрэве
Арцём Анішчук — адзін зь пяці фігурантаў справы аб пашкоджаньні ў Баравой аўтамабіля, які належыць жонцы супрацоўніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. Інцыдэнт адбыўся яшчэ ў верасьні, на піку пратэстаў. Аўтамабіль сям’і міліцыянта быў заліты фарбай, дзьверы запененыя мантажнай пенай, лякіроўка падрапана, а шыны праколатыя. Паводле сьледзтва, у пашкоджаньні аўтамабіля ўдзельнічалі 11 чалавек, але прыцягнулі да адказнасьці 5.
Арцёма ды яшчэ 4 фігурантаў затрымалі ў канцы верасьня і ў лютым судзілі. Ён прызнаў, што падрапаў аўтамабіль цьвіком. За гэта атрымаў 2 гады зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму. Трох іншых «злосных хуліганаў» суд пакараў зьняволеньнем на тэрміны ад 2,1 года да 3 гадоў, а пятага фігуранта справы, у якога пры вобшуку знайшлі макавую саломку, асудзіў яшчэ і па 328 артыкуле, — агулам ён атрымаў 6 гадоў вязьніцы.
Жонка кажа, што да суду на спатканьні Арцём расказаў, як зь ім абыходзіліся сілавікі пасьля затрыманьня. Паводле яго словаў, зьбілі, ужывалі электрашокер, сьляды ад якога яшчэ доўга заставаліся на целе, пярцовым газам залівалі вочы, а галаву прыціскалі ботам да асфальту.
«Казаў, што агулам катавалі недзе 4 гадзіны, пагражалі павесіць на дрэве», — згадвае расповед мужа Вольга Анішчук. Паводле жанчыны, іншыя фігуранты справы на судзе таксама казалі пра зьбіцьцё і катаваньні.
Праваабаронцы асуджаюць прымяненьне 411 артыкула
Арцём Анішчук працаваў у Менскім мэтрапалітэне ў групе апэратыўнага рэагаваньня, якая кантралюе правілы бясьпекі. Удзел мужа ў пашкоджаньні аўтамабіля міліцыянта жанчына тлумачыць абстаноўкай, якая панавала ў грамадзтве пасьля выбараў.
«Выбары, праца, пратэсты. Магчыма, усё разам накіпела. Канечне, ня тую форму пратэсту абраў, але я яго ня кіну, дачакаюся, колькі б ні давялося чакаць. Буду змагацца за Арцёма і ўсяляк яго падтрымліваць», — кажа Вольга Анішчук.
Арцём Анішчук, як і іншыя фігуранты справы аб пашкоджаньні аўтамабіля ў Баравой, ня быў прызнаны палітвязьнем.
Больш за 10 гадоў праваабаронцы вядуць кампанію за выключэньне з Крымінальнага кодэксу артыкула 411 пра «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Артыкул лічаць сродкам расправы і ціску на непажаданых вязьняў, у тым ліку палітзьняволеных. Спагнаньні за парушэньні накладаюцца службовымі асобамі ў пазасудовым парадку, што спараджае практыку яго адвольнага прымяненьня.
Праваабаронцы «Вясны» прыводзяць прыклад вязьня Глыбоцкай турмы Ўладзімера Бандарэнкі, які восем разоў быў асуджаны на пазбаўленьне волі па ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу. У выніку першапачатковы тэрмін зьняволеньня павялічыўся для яго практычна ў два разы.