Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці маюць права былыя КДБісты засакрэціць інфармацыю пра сябе? Як у Беларусі захоўваюць сакрэты пра катаў


Былы архіў КДБ у Кіеве
Былы архіў КДБ у Кіеве

Каля сотні зваротаў ад замежных грамадзян за няпоўны год працы прыняў украінскі Архіў нацыянальнай памяці. Геаграфія — ад Беларусі да Аўстраліі. Рассакрэчаныя ўкраінскімі ўладамі дакумэнты запытваюць і дасьледнікі-аматары, і прафэсійныя гісторыкі, і сваякі рэпрэсаваных, у тым ліку зь Беларусі.

Як працуе ўкраінскі Архіў нацыянальнай памяці

  • Вольна знаёміцца з асабістымі справамі рэпрэсаваных іх сваякі змаглі пасьля таго, як у 2015 годзе Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла закон «Аб доступе да архіваў савецкіх рэпрэсіўных органаў 1917-1991 гадоў». Ён заклаў базавыя прынцыпы для азнаямленьня з дакумэнтамі.
  • Па-першае, перасталі дзейнічаць усе савецкія грыфы сакрэтнасьці. Адпаведна, уся інфармацыя стала адкрытай.
  • Па-другое, закон даў права толькі ахвярам рэпрэсій і іх сваякам закрываць інфармацыю пра сябе. Для гэтага трэба падаць заяву ў архіў.
  • І нават у такім выпадку справа ня будзе цалкам закрытая: на рукі яе ня выдадуць, але могуць вычленіць інфармацыю, якая не трапляе пад абмежаваньні (не пэрсанальную, абязьлічаную інфармацыю пра справу).
  • Важнае выключэньне: штатныя і няштатныя супрацоўнікі савецкіх рэпрэсіўных органаў, а таксама іх сваякі закрываць інфармацыю пра сябе і сваіх продкаў ня маюць права. Гэта датычыцца і тых выпадкаў, калі канкрэтны супрацоўнік сам пацярпеў ад рэпрэсій.

Калі закон пачаў дзейнічаць, ва Ўкраіне паўстаў бум на дасьледаваньні камуністычнага мінулага. Да прыкладу, выдадзена асобнай кнігай «Чарнобыльскае дасье КДБ» — матэрыялы аб будаўніцтве АЭС і самой катастрофе.

Закон аб доступе да архіваў зьняў юрыдычныя абмежаваньні для знаёмства з дакумэнтамі.

Што ва ўкраінскіх архівах знаходзяць дасьледнікі зь Беларусі

Дырэктар Архіву нацыянальнай памяці Ігар Кулік распавядае, што ва ўкраінскія архівы зьвяртаюцца ня толькі сваякі рэпрэсаваных, якія апынуліся за мяжой, але і прафэсійныя дасьледнікі: напрыклад, навукоўцы зь Беларусі і Расеі — краін, дзе сілавікі да гэтага часу захоўваюць пад замком у тым ліку і савецкія сакрэты.

Беларускі дасьледнік Дзьмітры Дрозд заняўся тэмай рэпрэсій, спрабуючы знайсьці карані сваёй сям’і. Зьвяртаўся ў расейскія і беларускія архівы.

«У Расеі яшчэ ў пачатку 2000-х не патрабавалася ніякіх дакумэнтаў. Я адправіў запыт, напісаў, што мае продкі былі раскулачаныя. Паказаў прозьвішча Мохарт. Мне даслалі ўсіх Мохартаў, якіх знайшлі ў сваім рэгіёне. Гэта былі нават не мае наўпроставыя сваякі, а стрыечныя, траюрадныя. Гэтак жа было і з Плышэўскімі. Я атрымаў велічэзную колькасьць выпісак пра раскулачаных, пра рэпрэсаваных — тых, па кім ужо ў ссылцы пракацілася хваля Вялікага тэрору. Цяпер гэта ўсё закрылася, бяз доказу сваяцтва нічога не дасылаюць. І мая перапіска з архівамі даўно «заглухла», — кажа дасьледнік.

Рэпрэсаваныя сваякі Дзьмітрыя Дразда
Рэпрэсаваныя сваякі Дзьмітрыя Дразда

Беларусь таксама не знаёміць з асабістымі справамі рэпрэсаваных бяз доказаў сваяцтва. Знайсьці такія доказы няпроста, тлумачыць Зьміцер Дрозд:

«Мне складана даказаць, што мой прапрапрадзед — гэта мой прапрапрадзед. У часе вайны згарэў менскі ЗАГС, не ва ўсіх мэтрыкі адноўленыя, у большасьці іх няма. Мяняліся прозьвішчы, няма запісаў аб шлюбе. І КДБ гэтым выдатна карыстаецца: „Няма доказаў — няма доступу“. Доступ стаў больш жорсткім: ёсьць выпадкі, калі людзі даказваюць сваяцтва, але ім паказваюць ня ўсе дакумэнты са справы. Прозьвішчы чэкістаў, прозьвішчы тых, хто данёс, заляпляюцца. Не паказваюць акт аб выкананьні прысуду — дзе расстраляны, калі расстраляны».

У Беларусі зьвестак не даюць, каб не выкарыстоўвалі базу «няправільна»

Гісторык успамінае леташні судовы працэс, зьвязаны з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь. У НАРБ ёсьць база дадзеных «Зьвесткі аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі». Яе пачалі ствараць у пачатку 1990-х на базе анкетных дадзеных КДБ. Заяўнікам па інфармацыі з базы выдавалі даведку: калі чалавек жыў, калі быў рэпрэсаваны, а калі — рэабілітаваны. Спачатку даведкі выдавалі ўсім. Пазьней стала трэба даказваць сваяцтва. А цяпер зьвесткі не выдаюць нават сваякам — на базу паставілі грыф «для службовага карыстаньня».

У судзе нашчадак рэпрэсаваных і каардынатар кампаніі «Забітыя, але не забытыя» Ігар Станкевіч спрабаваў аспрэчыць прысваеньне гэтага грыфу. Але беспасьпяхова. На пасяджэньні прадстаўнікі НАРБ казалі, што грамадзяне выкарыстоўвалі базу «няправільна»: на думку архівістаў, іх цікавіў ня сам факт рэпрэсій, а падставы для афармленьня карты паляка.

Дзьмітры Дрозд ў архіве ў Кіеве. Фота прадстаўлена Архівам нацыянальнай памяці
Дзьмітры Дрозд ў архіве ў Кіеве. Фота прадстаўлена Архівам нацыянальнай памяці

З дапамогай украінскіх архіваў Дзьмітры Дрозд аднаўляе прабелы ў біяграфіі беларускіх чэкістаў — выканаўцаў рэпрэсій.

«Быў такі Іван Жабраў, ён даслужыўся да намесьніка народнага камісара ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Затым яго перавялі ва Ўкраіну. Пасьля яго арыштавалі і расстралялі. У архіве СБУ захавалася асабістая справа Жабрава, мне яго цалкам адсканавалі і пераслалі. Камбрыг Мікалай Адрасюк быў расстраляны ў Менску, але ён быў родам з Украіны, і яго справу пасьля пераслалі ва Ўкраіну. Я таксама атрымаў скан-копію. Адметны для Беларусі варыянт: чалавек расстраляны ў Менску, але яго справу я змог паглядзець дзякуючы архіву СБУ. Трэці варыянт, калі ўкраінскія архівы дапамагаюць: калі людзі нарадзіліся ў Беларусі, пазьней жылі ва Ўкраіне і былі рэпрэсаваныя там», — пералічвае прыклады гісторык.

Дырэктар Архіву нацыянальнай памяці Ігар Кулік лічыць, што архівы савецкіх спэцслужбаў могуць дапамагчы ня толькі ў гістарычных, але і ў актуальных дасьледаваньнях: «Дырэктывы КДБ, розныя інструмэнты — дэзынфармацыя, кампрамэтацыя, скажэньне фактаў — усё гэта засталося», — упэўнены ён.

Калі атрымаецца знайсьці неабходныя на рэканструкцыю будынкаў архіву грошы, то ўжо праз два гады Архіў нацыянальнай памяці запрацуе паводле прынцыпу «адзінага акна»: тут будуць ня толькі падказваць, куды зьвяртацца, але і адразу выдаваць патрэбныя дакумэнты. А пакуль украінскія архівісты імкнуцца дапамагчы дасьледчыкам з суседніх дзяржаў у пошуку той інфармацыі, якая ў іх недаступная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG