Судзьдзя Марыя Фёдарава з Савецкага райсуду задала ўсім абвінавачаным адно пытаньне: «Ці прызнаяце віну?» З 12 падсудных прызнаў толькі адзін, студэнт МДЛУ Глеб Фіцнэр, іншыя адказалі адмоўна. Некаторыя з абвінавачаных дадавалі, што «не разумеюць, у чым іх абвінавачваюць». Пасьля гэтага суд перайшоў да допыту сьведак.
Працэс пачаўся 14 траўня ў памяшканьні Кастрычніцкага суду ў Доме правасудзьдзя. Фігурантаў «справы студэнтаў» вінавацяць паводле артыкулу 17 Крымінальнага кодэксу аб злачынстве ў складзе групы з папярэдняй змовай і артыкулу 342 аб арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
10 з 12 падсудных — студэнты менскіх ВНУ, якіх затрымалі супрацоўнікі КДБ яшчэ 12 лістапада мінулага году. Цяпер ім пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Сярод фігурантаў справы таксама выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава і выпускніца МДЛУ Алана Гебрэмарыям, сябра Каардынацыйнай рады і прадстаўніца Сьвятланы Ціханоўскай ў справах моладзі.
Паводле абвінавачаньня, фігуранты справы самі удзельнічалі ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту і рыхтавалі недазволеныя законам пратэставыя дзеяньні з удзелам іншых студэнтаў, дзеля чаго кантактавалі праз інтэрнэт з выкарыстаньнем прыдуманых імёнаў.
Падчас другога дня працэсу 15 траўня адчула сябе дрэнна студэнтка БДПУ Яна Арабейка. Суд мусіў зрабіць перапынак, для агляду дзяўчыны выклікалі лекараў. Пазьней працэс аднавіўся, а абаронца студэнткі заявіў хадайніцтва аб зьмене для яе меры стрыманьня на хатні арышт з улікам стану здароўя. Хадайніцтва суд адхіліў. 17 траўня Яна ўдзельнічала ў працэсе; як і іншых падсудных, яе трымаюць ў жалезнай клетцы.
На працэс па-ранейшаму дапускаюць толькі сваякоў абвінавачаных; іншым, у тым ліку журналістам, супрацоўнікі суду кажуць, што месцаў больш няма.
Што вядома пра фігурантаў «студэнцкай справы»
Анастасія Булыбенка
Былая студэнтка машынабудаўнічага факультэту БНТУ. Затрымалі 12 лістапада 2020 году, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.
Вікторыя Гранкоўская
Былая студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ. Вікторыя страціла бацькоў у вельмі малым узросьце. Яе і старэйшага брата гадавала бабуля. Скончыла Горадзенскі каледж мастацтваў, працавала ў школе мастацтваў у Дзятлаве. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 24 гады.
Алана Гебрэмарыям
Выпускніца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Як актывістка «Моладзевага блёку» брала ўдзел у выбарчай кампаніі 2019 году ў Палату прадстаўнікоў. Летась Алана стала сябрам Каардынацыйнай рады. Сьвятлана Ціханоўская прызначыла яе сваёй прадстаўніцай у справах моладзі. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 24 гады.
Глеб Фіцнер
Студэнт чацьвёртага курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Скончыў прэстыжную лінгвістычную гімназію-каледж № 24, цікавіцца эканомікай і фінансамі. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 22 гады.
Тацяна Якельчык
Студэнтка 2-га курсу мэхмату БДУ, займаецца паўэрліфтынгам і спартовымі танцамі. Затрымалі супрацоўнікі КДБ 27 лістапада летась.
Ягор Канецкі
Студэнт біялягічнага факультэту БДУ, сябра «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор — выпускнік хіміка-біялягічнага профілю Менскага дзяржаўнага абласнога ліцэю, актывіст Вольнага прафсаюзу БДУ. Быў затрыманы летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 21 год.
Яна Арабейка
Студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, актывістка, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 20 гадоў.
Ксенія Сырамалот
Студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», валянтэрка праваабарончага цэнтру «Вясна». Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 21 год.
Кася Будзько
Студэнтка 3-га курсу факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Мастачка, ілюстратарка. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.
Ільля Трахтэнберг
Былы студэнт матэматычнага факультэту БДУ. Ільлю адлічылі з другога курсу летась у канцы кастрычніка, хоць ён атрымліваў павышаную стыпэндыю, і ўручылі позву ў ваенкамат. Прадзед Ільлі — знакаміты савецкі архітэктар Навум Трахтэнберг, паводле праекту якога была ўзноўленая цэнтральная частка Менску. Ільлю затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу ён пад вартай. 19 гадоў.
Марыя Каленік
Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вывучае экспазыцыйны дызайн. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 22 гады.
Вольга Філатчанкава
Выкладчыца БДУІР, удзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га была незалежнай назіральніцай. Вользе 42 гады. Яна адна выхоўвае 7-гадовую дачку. Яе старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Яе затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу Вольга знаходзіцца пад вартай.