17 траўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў абноўлены закон «Аб дзяржаўнай абароне судзьдзяў, службовых асобаў праваахоўных і кантрольных (наглядных) органаў, супрацоўнікаў органа дзяржаўнай аховы», піша дзяржаўны тэлеканал АНТ.
Цяпер у пашыраны сьпіс уключаны:
- вайскоўцы Ўзброеных Сіл, іншых войскаў і вайсковых фармаваньняў у выпадках выкананьня імі абавязкаў у ахове грамадзкага парадку;
- супрацоўнікі Службы бясьпекі прэзыдэнта Беларусі і Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце;
- іншыя асобы ў сувязі з замахам на іх бясьпеку;
- блізкія вышэйпералічаных асобаў.
Захады для абароны цяпер можна будзе ўжываць да любой асобы, якой пагражае небясьпека ў сувязі зь яе службовай дзейнасьцю, у тым ліку да дзяржаўных службоўцаў, судзьдзяў, работнікаў СМІ, сяброў выбарчых камісій, іншых асобаў, а таксама іх блізкіх.
У законе ў тым ліку канкрэтызуюцца падставы для правядзеньня асабістага надгляду грамадзян, надгляду рэчаў, транспартных сродкаў. Напрыклад, становіцца магчымым правядзеньне такога надгляду пры затрыманьні. Новым законам таксама ўдакладняюцца ўмовы і межы прымяненьня фізычнай сілы, спэцыяльных сродкаў, зброі, баявой і спэцыяльнай тэхнікі.
Прадугледжваецца, што міліцыянты не нясуць адказнасьці за шкоду, прычыненую ў выніку іх прымяненьня, калі такое прымяненьне ажыцьцяўлялася «ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі заканадаўчых актаў, якія рэгулююць дзейнасьць гэтых органаў». Акрамя таго, органы ўнутраных спраў надзяляюцца правам прымяняць баявую і спэцыяльную тэхніку пры спыненьні масавых беспарадкаў.
Супрацоўнікам органаў унутраных спраў даецца права:
- забараняць грамадзянам відэазапіс, кіна- і фотаздымку для правядзеньня працэсуальных дзеяньняў, забесьпячэньня грамадзкага парадку, асабістай і грамадзкай бясьпекі;
- весьці гука- і відэазапіс навакольнай абстаноўкі, у тым ліку грамадзян, пры выкананьні службовых абавязкаў.
Асноўныя палажэньні закону ўступаюць у сілу празь месяц пасьля яго афіцыйнага апублікаваньня.