17 траўня ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску абвесьцілі прысуд палітвязьню Аляксандру Раентаву, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак).
Судзьдзя Андрэй Млечка прасудзіў Аляксандру Раентаву (шляхам частковага складаньня пакараньняў) 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Таксама абвінавачаны мусіць выплаціць на карысьць пацярпелага прадстаўніка органаў унутраных спраў Сьвядыша 1000 рублёў маральнай кампэнсацыі.
Раней пракурор Таратынка прасіў пакараць Раентава паводле ч. 1 арт 342 КК пазбаўленьнем волі на тры гады, а паводле ч. 2 арт. 363 пазбаўленьнем волі на тры гады.
Дзяржабвінавачаньне сьцьвярджае, што Раентаў быў адміністратарам чату «Палігон». З паказаньняў пацярпелага Хоміча вынікае, што Раентаў удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 29 жніўня, а таксама кіраваў натоўпам, паказваючы кірунак руху.
Па словах пракурора, 15 лістапада Раентаў сустрэўся з групай грамадзян і прайшоў зь імі па маршруце. Пасьля чаго група выйшла на праезную частку на вуліцы Някрасава.
Паводле пракурора, Раентаў з чэрвеня па сьнежань арганізоўваў групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Нібыта ён таксама арганізоўваў збор удзельнікаў шляхам разьмяшчэньня паведамленьняў у чаце, кіраваў іхнымі дзеяньнямі. Раентаў актыўна супраціўляўся з ужываньнем гвалту: хапаў пацярпелага міліцыянта Агіевіча за перадплечча, што відаць на відыёзапісе.
Аляксандар Раентаў не прызнаў віны, адзначыўшы, што ў горшым выпадку яны цягнуць на адміністрацыйнае правапарушэньне. Ён адмовіўся ад дачы паказаньняў і заявіў, што будзе сьведчыць толькі пасьля апытаньня пацярпелых і сьведак.
Аляксандр Раентаў першы раз быў жорстка затрыманы 29 жніўня ў тралейбусе разам са сваёй сястрой Натальляй. Тады ён атрымаў адміністрацыйны арышт, а на жанчыну завялі крымінальную справу і асудзілі на 8 месяцаў калёніі.
Пракурор патрабуе 4 гады зьняволеньня за два сьцягі з пэтардай і карыкатурай
У Гомелі працягваецца разгляд крымінальнай справы 31-гадовага Яўгена Зялкоўскага. Увосень ён усталяваў на пустках два бел-чырвона-белыя сьцягі. Пад адным была скрыня з пустой пэтардай, пад другім – скрыня з карыкатурай на АМАП.
Сьледзтва расцаніла такія дзеяньні як «злоснае хуліганства». Першапачаткова Яўгена судзілі па частцы 3 артыкулу 339 КК, і яму пагражала да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Потым яму перакваліфікавалі абвінавачаньне на частку 1 і 2 артыкулу 339 КК. І цяпер абвінавачанаму пагражае да 6 гадоў калёніі.
Пракурор запатрабаваў для Яўгена чатыры гады пазбаўленьня волі. Адвакатка заявіла, што ў дзеяньнях падабароннага няма складу злачынства і прасіла суд апраўдаць яго.
17 красавіка абвінавачаны выступіў з апошнім словам. У абвінавачаньні гучала, што Яўген зрабіў злачынства па прычыне «палітычнай варожасьці». Гэта зьняпраўдзіла адвакат і яе падабаронны.
«Я люблю сваю краіну і свой народ. Калі я быў у СІЗА, зусім незнаёмыя людзі пісалі мне лісты, прапаноўвалі дапамогу. Я пераканаўся, якія ў нас добрыя людзі. Калі гэты мірны народ зьбіваюць і труцяць газам, я не магу заставацца абыякавым. Мае дзеяньні могуць здацца камусьці сьмешнымі і наіўнымі. Але я спрабаваў спыніць гвалт. І ў той дзень у горадзе нікога не затрымалі і ня зьбілі. Атрымліваецца, што я хуліган, а яны героі?», – зазначыў Яўген.
Ён не прызнае сябе вінаватым, і ня лічыць, што ягоныя дзеяньні падпалі пад крымінальны артыкул «Злоснае хуліганства».
«У маіх дзеяньнях няма палітычнай варожасьці. Напэўна, яе можна ўгледзець у дзеяньнях тых, хто, зьбіваючы мяне, крычаў мне ў твар: «БЧБ-шная брыда!», – дадаў абвінавачаны.
Падчас суду ён распавядаў, як яго зьбівалі ў РАУС, «цягалі па прыступках», «ставілі ногі ў берцах на галаву» – патрабавалі прызнацца ня толькі ў тым, што ставіў сьцягі, але і ў падпале «Табакерак».
Прысуд будзе агучаны 18 красавіка.
У Бабруйску ў закрытым рэжыме судзяць прафсаюзнага актывіста
У судзе Бабруйскага раёну 17 траўня пачаўся суд над старшынём бабруйскай філіі Беларускага незалежнага прафсаюзу Сяргеем Гурло, паведамляе «Вясна».
Мужчыну абвінавачваюць у абразе двух супрацоўнікаў міліцыі і судзяць паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады»). Нібыта ён у камэнтарах у сацыяльных сетках нэгатыўна выказаўся пра супрацоўніка УУС Бабруйскага гарвыканкаму і амапаўца. Суд праходзіць у закрытым рэжыме.