Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні і ператрусы 17 траўня: 15 сутак за кветкі ля Камароўкі, справа за заклік да помсты АМАПу за пабітых сёстраў

абноўлена

Жанчыны ў белым пратэст 12 траўня 2021 году.
Жанчыны ў белым пратэст 12 траўня 2021 году.

У Беларусі працягваецца перасьлед грамадзян паводле крымінальных і адміністрацыйных артыкулах. Свабода сочыць за выпадкамі затрыманьняў, ператрусаў, выстаўленьня абвінавачаньняў. Абнаўляецца.

Візажыстцы і арт-мэнэджарцы Ксеніі Тырсікавай прысудзілі 15 сутак арышту за акцыю ля Камароўкі, у якой яна нібыта паўдзельнічала.

Як піша «Наша ніва», Тырсікаву затрымалі 15 траўня. Па папярэдняй інфармацыі, дзяўчыну забралі наўпрост з дома.

Да апошняга сваякам і сябрам было не зразумела, за што затрымалі Ксенію. Сёньня стала вядома, што яе будуць судзіць адразу па двух артыкулах КаАП: за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і за непадпарадкаваньне.

Падставай для затрыманьня стала акцыя жанчын у белым на Камароўцы 12 траўня: нібыта Ксенія прыняла ў ёй удзел.

Суд Савецкага раёна на чале з судзьдзёй Аленай Жуковіч павінен быў адбыцца ў 11.25, але пасяджэньне перанесьлі на 16.00. У выніку дзяўчыне прысудзілі 15 сутак арышту (10 па першым артыкуле і 5 па другім).

Ціск на «пратэставую сям’ю»

Тацяну Міхайлаву арыштавалі на 15 сутак. 13 траўня стала вядома, што дадому да 56-гадовай жанчыны зноў прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Яе затрымалі за ўскладаньне кветак каля Камароўскага рынку ў Менску, але сама жанчына гэта адмаўляе, піша «Вясна».

На Міхайлаву ў Савецкім РУУС склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП — «несанкцыянаванае пікетаваньне». Жанчына сьцьвярджае, што ў гэты час яна была ў сябе дома і ўдзелу ў пікетаваньні ня брала. Тады судзьдзя Сяргей Шаціла пацікавіўся, у сувязі з чым на яе тады склалі пратакол, і яна выказала здагадку, што гэта можа быць зьвязана зь яе дачкой.

Па яе словах, у Цэнтральным РУУС ёй сказалі, што «пасадзяць за тое, што выгадавала такую дачку». Дачка Тацяны Юлія Міхайлава ўдзельнічала ў пратэстах і адбывала за гэта адміністрацыйны арышт.

На судзе сьведкам выступіў міліцыянт, назваўшыся «Бельскім», ён заявіў, што асабіста назіраў, як жанчыны ў белым усклалі кветкі, пасьля чаго спусьціліся ў пераход і зьнялі маскі і хусткі — так ён быццам апазнаў Тацяну. Таксама ён нібыта змог запомніць твары сямі зь дзесяці жанчын, на што адвакат спытаў, ці маецца ў яго пасьведчаньне аб звышнатуральных здольнасьцях. Міліцыянт адказаў, што ён звычайны чалавек.

Муж Тацяны Міхайлавай пацьвердзіў суду, што жонка ўвесь дзень правяла ў агародзе і нікуды не хадзіла. Пры гэтым у міліцэйскім пратаколе было шмат памылак, якіх ня выправілі нават пасьля дапрацоўкі. У справе адсутнічалі доказы віны, непасрэднага ўдзелу Тацяны ў пікетаваньні і нават яе фактычнага знаходжаньня ў Менску. Але судзьдзя Шаціла не зьвярнуў на гэта ўвагі і арыштаваў жанчыну на 15 сутак.

Справа за допіс у Instagram

У Петрыкаве затрымалі мужчыну, які выказаў словы нянавісьці да дзейнай улады і заклікаў помсьціць АМАПу за пабітых сёстраў. 23-гадовы петрыковец паводле рашэньня пракурора Петрыкаўскага раёну Сяргея Таболіча ўзяты пад варту, паведаміла пракуратура.

Сілавікі ва ўласьцівай ім манеры запісалі відэа, дзе Ўладзіслаў Цімашчук прызнаецца што ён сапраўды зрабіў такі допіс у Instagram, а таксама ў тым, што перад напісаньнем ужываў алькаголь і, маўляў, на цьвярозую галаву ён інакш успрымае сытуацыю, піша «Палеская Вясна». Ня раз на такіх відэа людзі, якія прызнаваліся ў нечым, выглядалі змучанымі і пабітымі, а пасьля расказвалі, што іх білі, каб яны зачыталі патрэбны сілавікам тэкст.

Паводле пракуратуры, справу для расьсьледаваньня чамусьці перадалі ў Жлобінскі раённы аддзел Сьледчага камітэту. Хлопца вінавацяць у «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці» паводле часткі 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу. Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкулу — пазбаўленьне волі да 5 гадоў.

Праваабаронцы лічаць непрапарцыйнымі пакараньні са зьняволеньнем паводле дэфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэксу — за выказваньні думак, абразы і іншыя, не зьвязаныя непасрэдна з гвалтам дзеяньні.

30 чалавек дапытваюць за абразу пракурора

У Наваградку выклікаюць на допыт 30 чалавек у крымінальнай справе аб абразе пракурора Шляжкі, якую разьмясьцілі ў адным з тэлеграм-каналаў. Ва ўсіх выкліканых ёсьць пратаколы аб удзеле ў недазволеных масавых мерапрыемствах.

Допыт Дабратвора

Раніцай тэлеграм-канал Страна для жизни паведаміў пра затрыманьне актывіста і журналіста-фрылансэра Ільлі Дабратвора.

Пазьней стала вядома, што ён ня быў затрыманы, яго дапытвалі ў Сьледчым камітэце Заводзкага раёну Менску. Сам Дабратвор кажа, што нікому не тэлефанаваў аб уласным затрыманьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG