Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе на месцы помніка Коневу адкрылася выстава пра ролю СССР у гісторыі Чэхіі і Чэхаславаччыны


Выстава на месцы дэмантаванага помніка маршалу Коневу ў Празе
Выстава на месцы дэмантаванага помніка маршалу Коневу ў Празе

У Празе 8 траўня, калі ў краінах ЭЗ адзначаюць дзень заканчэньня Другой сусьветнай вайны, на месцы помніка савецкаму маршалу Івану Коневу адкрылася інтэрактыўная выстава «Ніколі не забудзем». Яна прысьвечана ролі Савецкага Саюзу ў гісторыі Чэхіі і былой Чэхаславаччыны.

Як паведамляе «Настоящее время», на выставе наведнікі могуць пазнаёміцца са сьведчаньнямі відавочцаў Праскага паўстаньня і вызваленьня Прагі ў 1945 годзе, усталяваньня камуністычнага рэжыму ў Чэхаславаччыне, уварваньня савецкіх і саюзных войскаў у 1968 годзе, вываду савецкіх войскаў у 1991 годзе, паглядзець фота і відэа тых гадоў.

Выставу пад адкрытым небам арганізаваў раён Прага-6 і арганізацыя Post Bellum у рамках праекту «Нацыянальная памяць». Арганізатары адзначаюць, што замест гістарычных «мітаў» эпохі панаваньня камуністаў, якія сымбалізаваў помнік Коневу, хочуць прадставіць жывыя сьведчаньні відавочцаў падзей мінулага. Яны распавядаюць «аб тым, як у траўні 1945 году захоплена і спантанна віталі чырвонаармейцаў, але і пра тое, як сем’і хавалі маладых дзяўчат і сваю маёмасьць ад салдатаў з усходу, пра пачуцьцё палёгкі і ўдзячнасьці пасьля заканчэньня вайны, але і пра тое, як бальшавікі перапраўлялі ў ГУЛАГ тых, хто быў іх супернікамі шмат гадоў таму», эмігрантаў, якія жылі ў Празе.

Сярод апошніх былі і Янка і Ларыса Геніюшы.

«Мы выбралі гісторыі, якія ілюструюць гістарычныя падзеі з розных пунктаў гледжаньня», — адзначаюць арганізатары, не хаваючы пры гэтым сваёй пазыцыі: «Савецкі Саюз, бясспрэчна, адыграў важную ролю ў дасягненьні перамогі над нацысцкай Нямеччынай, але нам ён не прынёс свабоду. Ён вызваляў нас ад нацыстаў, але не для таго, каб мы былі свабоднымі ». Назва выставы — адсылка да песьні чэскага барда Карэла Крыла пра падзеі жніўня 1968 года.

  • Савецкія войскі падчас Другой сусьветнай вайны вызвалілі ад нацыстаў вялікую частку тагачаснай Чэхаславаччыны. У Прагу Чырвоная армія ўвайшла 9 траўня 1945 году, калі большая частка нямецкіх войскаў па дамоўленасьці з Чэскай нацыянальнай радай ужо пакінула горад. Пасьля вайны Чэхаславаччына патрапіла ў савецкую сфэру ўплыву, а спроба палітычнай эмансыпацыі ў 1968 годзе была здушаная пасьля ўводу ў краіну войскаў Варшаўскай дамовы. Камуністычны рэжым паў у 1989 годзе, стаўленьне да шматлікіх падзеяў мінуласьці ў чэскім грамадзтве было перагледжанае.
  • Помнік маршалу Коневу ў Празе ўсталявалі ў 1980 годзе. Летась у красавіку муніцыпалітэт Прагі-6 дэмантаваў яго, зьвярнуўшы ўвагу як на супярэчлівасьць фігуры самога маршала, які прымаў, у прыватнасьці, удзел у здушэньні Вугорскага паўстаньня 1956 году, так і на канфлікты, якія ўзьнікалі ў грамадзтве вакол помніка, які неаднойчы рабіўся ахвярай вандалаў. Цяпер помнік знаходзіцца ў дэпазытарыі, яго далейшы лёс пакуль ня вызначаны. Амбасада РФ у Празе назвала знос «вандальскімі дзеяньнямі адвязаных муніцыпальных кіраўнікоў» і «недружалюбным крокам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG