Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы амбасадар Ігар Ляшчэня: Мой сэнс свабоды — быць у Беларусі і дзейнічаць адкрыта


Ігар Ляшчэня
Ігар Ляшчэня

Чаму адны баяцца выказваць грамадзянскую пазыцыю, а іншыя не? Што фармуе і падтрымлівае ўнутраную свабоду чалавека? Ці варта ўсё гэта таго, каб трываць нягоды? У праекце «Што робіць мяне свабодным» даём слова людзям, чые ўчынкі прыцягнулі да сябе ўвагу пасьля жніўня 2020 году.

Хто такі Ігар Ляшчэня

  • Ігар Ляшчэня да нядаўняга часу быў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Славаччыне (раней — у Эгіпце, Ізраілі). Дыпляматычны стаж —30 гадоў. Мае сям'ю і траіх дзяцей.
  • Стаў першым беларускім паслом, хто 15 жніўня публічна заявіў пра салідарнасьць зь мірнымі пратэстоўцамі. І потым вярнуўся ў Беларусь.
  • «Натуральна, я хваляваўся, калі рабіў тую заяву, бо па жыцьці вельмі асьцярожны чалавек. Калі рызыкую і займаю прынцыповую пазыцыю, усё ўзважваю. У маім разуменьні рызыка — гэта ўсьвядомленая небясьпека, якой не пазьбегнуць, калі ты разумееш, што інакш нельга. Усё астатняе — блазенства. Выкладваючы заяву ў інтэрнэт, я выразна разумеў, што іду ў нікуды і вяду ў нікуды маю сямʼю. Але інакш паступіць ня мог», — успамінае Ігар Ляшчэня.
  • Сёньня Ігар Ляшчэня — старшыня грамадзянскай ініцыятывы «Сход» — лічбавай дыялёгавай плятформы народных прадстаўнікоў, якая мае на мэце, сярод іншага, садзейнічаць вырашэньню палітычнага крызісу ў краіне праз дыялёг.

«Гэта не было спробай ускочыць у апошні вагон новай дэмакратычнай улады»

Ігар Ляшчэня
Ігар Ляшчэня

— Што вымусіла вас адкрыта выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю?

— Яшчэ 10 жніўня я ня ведаў, што зраблю сваю заяву. На маім выбарчым участку ў амбасадзе Славаччыны было сумленнае галасаваньне, і я сумленна паведаміў у Менск, што Лукашэнка атрымаў 12% галасоў, а Ціханоўская — 78%. Я знаходзіўся ў гармоніі з сабой, лічыў, што гэтага дастаткова. Але далейшыя падзеі не пакінулі выбару. Самы галоўны трыгер — відэа з разгонам і зьбіцьцём людзей. Я эмацыйны чалавек, але пасол ня можа паддавацца эмоцыям. Таму я правяраў факты: спачатку праз афіцыйныя тлумачэньні — непераканаўча, потым праз знаёмых. І выразна ўбачыў, што на пратэсты выйшлі не прафэсійныя рэвалюцыянэры, не наркаманы, прастытуткі і беспрацоўныя, а прыстойныя людзі розных узростаў і палітычных поглядаў.

Мая заява аб падтрымцы мірных пратэстаў не была спробай ускочыць у апошні вагон новай дэмакратычнай улады. Бо ўжо тады, у адрозьненьне ад многіх беларусаў, якія былі ў эўфарыі, у мяне было дакладнае разуменьне, што я не вярнуся ў дэмакратычную Беларусь, што ўлада тут ня зьменіцца ні праз тыдзень, ні празь месяц.

Чаму так мала паслоў паступілі гэтак жа? Думаю, як ні цынічна гучыць, дзеля звычайнага пачуцьця самазахаваньня. Калегі ўсё разумеюць і прыдумалі шмат самаапраўдалак: ад макіявэліянскіх трактовак наконт дыпляматычнага доўгу да элемэнтарнага «на што жыць?».

Дыпляматы ў цэлым паднявольныя людзі. Ёсьць меркаваньне, што сутнасьць працы амбасадара — сваім мастацтвам прымусіць другі бок бачыць плюсы пазыцыі краіны, якую ён прадстаўляе, і не заўважаць мінусы. Я за гады працы вывеў сваю формулу дыпляматыі: добры амбасадар у адносінах паміж краінамі павінен знайсьці вобласьці ўзаемнага цяпла, разуменьня і выгады і, абапіраючыся на гэты пункт апоры, пашыраць супрацоўніцтва там, дзе яно здавалася немагчымым.

Але калі казаць пра 9–12 жніўня... Пасьля нядзельных падзей толькі ў пятніцу МЗС выдала нейкую інструктыўную паперу, якая мала каго пераконвала. Вопыту для данясеньня афіцыйнай пазыцыі мне б дакладна хапіла... Але вось аб наяўнасьці ў гэтай арыентоўцы апорнага пункту для збліжэньня пазыцый апанэнтаў гаварыць не даводзілася. Там ішла адкрытая хлусьня. Памятаецца, што прадстаўнікоў Эўрасаюзу прапаноўвалі пераконваць у зьверствах пратэстоўцаў над праваахоўнікамі на падставе 2–4 фатаграфій амапаўцаў з залепленымі насамі. Вы памятаеце, як яны былі экіпаваныя? Праз гэтыя панцыры пратэстоўцы наўрад ці маглі зламаць ім насы. І ў мяне вялікае пытаньне, як мае калегі ўсё гэта даносілі і тлумачылі.

Ёсьць і глыбейшыя прычыны. Сытуацыя «вярхі ня могуць, нізы ня хочуць» да жніўня была сфармаваная далёка ня цалкам. Той жа рабочы «БелАЗа» выйшаў на пратэст, бо накіпела: яго абразіла сытуацыя з ковідам, вынікамі выбараў, АМАП зьбіў яго сябра, які вяртаўся з начной зьмены. Гэта ўсё накіпела і выплюхнулася.

А потым пратэст пачалі душыць. І гэты рабочы сеў дома, выпіў гарбаты і зразумеў, што ўсё астатняе яго больш-менш задавальняе. Так, узровень жыцьця падае, але ня вельмі. І так думалі ня толькі працоўныя, але і бізнэсмэны, і чыноўнікі.

Таму я не стамляўся паўтараць: лёзунгу «сыходзь!» недастаткова, на ім мы доўга не праедзем. У гэтым вакуўме (калі сытуацыя непрымальная, але куды ісьці, толкам не сказалі) прачынаецца досьвед сярэдняга разважлівага беларуса, па продках якога так часта і бязьлітасна з захаду на ўсход і назад пракатвалася кола гісторыі.

Так, на думку тых жа славакаў ці чэхаў, такая хваля пратэсту, здавалася б, павінна была прывесьці да перамогі. Але ў нашай сытуацыі гэтага было недастаткова. Не было напрамку руху. І, як мне здаецца, лідэры пратэсту блыталі лабавую просталінейную публічную агітацыю з працай з мэтавымі аўдыторыямі.

Менавіта таму ў кастрычніку, калі ў вусны Сьвятланы Ціханоўскай уклалі заклік да агульнанацыянальнага страйку і нашы палітэмігранты прасілі мяне заклікаць дыпляматаў сыходзіць з МЗС, я адмовіўся, бо мне няма чаго было ім прапанаваць. У Вільні і Варшаве адмовіліся заклікаць чыноўнікаў звальняцца толькі сёлета, пры прыняцьці сваіх новых стратэгій.

Што да вышэйшага кіраўніцтва МЗС, то пытаньне журналістаў, «чаму Макей ня грукнуў дзьвярыма і не сышоў», вельмі наіўнае. Шукаць дэмакратаў на верхніх паверхах уладнай эліты бессэнсоўна — іх там няма. Там цікавасьць да дэмакратыі выяўляецца толькі ў прыемнасьці спажываць выгоды, створаныя дэмакратычным Захадам.

Уладзімер Макей — адзін з архітэктараў гэтай сыстэмы, ужо 21 год ён адзін з самых давераных памочнікаў Лукашэнкі. Мне наогул здаецца, што мой былы кіраўнік павінен цаніць далікатнае стаўленьне апазыцыйных СМІ да сваёй пэрсоны ў жніўні мінулага году. Некаторыя ягоныя словы гучалі балюча для тых, па кім прайшоўся каток рэпрэсій. Напрыклад, памятаеце, як ён казаў, што гатовы перагрызьці горла за нейкую SMS яго сямʼі, якая добра забясьпечаная і знаходзіцца пад надзейнай абаронай, і забыўся пры гэтым пра бацькоў, з чыіх дзяцей зрабілі крывавае месіва.

«Страціў ранг, але захаваў добрае імя»

Ігар Ляшчэня
Ігар Ляшчэня

Што вы страцілі за сваю актыўнасьць?

— У паняцьцях цяперашняй улады і абывацеляў, напэўна, я страціў шмат — сучаснасьць і ясную будучыню. Я сышоў з сыстэмы. Мяне пазбавілі рангу. Каб утрымаць цяперашніх паслоў, быў нават прыняты ўказ прэзыдэнта пазбаўляць такіх, як я, былых дыпляматаў спэцыяльнай дапамогі пры выхадзе на пэнсію. Улада настолькі аптымістычная, што лічыць, быццам праз 12 гадоў, калі падыдзе мой пэнсійны тэрмін, яны ўсё яшчэ будуць сядзець на сваіх месцах і нацешацца відовішчам, як я буду атрымліваць сваё пэнсійнае пасьведчаньне.

Для сямʼі наступстваў не было. Калі не лічыць, што жонка ўсё яшчэ ня можа ўладкавацца на працу.

— Што вы здабылі праз актыўнасьць?

— Па-першае, я здабыў, а дакладней, умацаваў сваё добрае імя. Адважуся сказаць, што ў мяне і дагэтуль быў годны імідж. Далей гісторыя ўсіх рассудзіць. Я таксама заслужыў павагу людзей, якія мяне дагэтуль ня ведалі. Зьявілася шмат знаёмых, мяне пазнаюць, і я адчуваю сымпатыю людзей. Па-другое, і, гэта самае галоўнае, я ў камфорце сам з сабой.

На дадзены момант я ўладкаваўся на працу і ў 53 гады асвойваю абсалютна новы від дзейнасьці. Прапанову зрабіў зусім незнаёмы чалавек. І гэта ўчынак, на мой погляд.

— Ці было гэта таго варта?

— Сёньня я разумею, што ў маім рашэньні была заканамернасьць. Пасьля таго, што адбылося, я ня змог бы працаваць у гэтай сыстэме. Перафразую Ўінстана Чэрчыля: калі паміж ганьбай і адстаўкай я абраў бы толькі ганьбу, то ў выніку атрымаў бы і ганьбу, і адстаўку. Так што ў дадзеным выпадку маё рашэньне было непазьбежнае.

«За мной ніхто, акрамя жонкі, дзяцей, катоў і сабак, ніколі не стаяў»

Ігар Ляшчэня
Ігар Ляшчэня

— Што фармавала вашу ўнутраную свабоду? Назавіце тры галоўныя фактары.

— Мяне такім сфармавала ўсё маё жыцьцё. У свой час з малога беларускага гораду Жодзіна я паступіў у МДІМА (Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін), хоць тады гэтай установы не было ў даведніках. Мы з бацькам ішлі па Маскве і пыталі кожнага сустрэчнага, дзе гэта «МДІМА». Праз галоўны ўваход нас не пусьцілі, і тады мы вырашылі, што «возьмем будынак у аблогу», пачалі абыходзіць гэты велічэзны комплекс — і ў выніку нас пусьцілі праз уваход рэжымнай вайсковай катэдры. Я быў адзіным на курсе, каго ўзялі ў саюзнае МЗС без маскоўскай прапіскі.

Па падзеях майго жыцьця з 17 да 27 гадоў — ад паступленьня да прыходу ў беларускае МЗС — можна стварыць трылер. Я ведаю, што адчувае чалавек, калі ў ня самы спакойны пэрыяд разьвіцьця блізкаўсходняй дзяржавы ноччу ў ягоны жывот упіраецца ствол аўтамата. Тады я быў студэнтам. У 1991 годзе я быў гатовы ехаць на пераддыплёмную практыку ў амбасаду СССР у Ірак, дзе пачыналася апэрацыя «Бура ў пустыні». Я разумеў, што ня траплю ў МЗС СССР, калі ўвесь пэрыяд практыкі буду, нікому не патрэбны, швэндацца па цэнтральным апараце. У выніку мяне накіравалі ў Емэн.

Мая карʼера разьвівалася насуперак абставінам. Часта даводзілася ісьці супраць плыні. У мяне была свая думка. Менавіта ў гэтых умовах ставіў рэкорды: быў самым маладым начальнікам упраўленьня, самым маладым паслом, самым маладым памочнікам Лукашэнкі.

У рамантычны пэрыяд гісторыі беларускага МЗС было толькі 4 выпадкі «one man show», калі аднаго чалавека закідалі за мяжу, і ён быў там чалавек-амбасада. Пасьля такога вопыту тры чалавекі сышлі з МЗС, а я выжыў і стаў самым маладым амбасадарам. Мяне тады з жонкай, двума малымі дзецьмі і пудзелем закінулі ў Каір: маўляў, хуценька дапамажы аднавіць сяброўства новага беларускага парлямэнту ў Міжпарлямэнцкай Асамблеі (і дапамог-такі), а заадно і амбасаду адкрыеш. Роўна праз суткі па факсе з гатэля я ўжо слаў першую ад рукі напісаную справаздачу аб праведзеных сустрэчах.

Усё маё жыцьцё — форс-мажорныя сытуацыі, у якіх трэба было спадзявацца толькі на сябе. Я ніколі ня быў «чыімсьці», хоць часам і хацелася. За мной ніхто, акрамя жонкі, дзяцей, катоў і сабак, ніколі не стаяў.

У мяне заўсёды была павага да сябе і да іншых людзей.

Напэўна, на мой сьветапогляд паўплывалі бацькі. Яны ў мяне верылі, ва ўсім дапамагалі. Мама — адна зь нямногіх у Беларусі ляўрэат прэміі Савету Міністраў СССР у галіне навукі. Бацька каля 30 гадоў быў дырэктарам школы ў Жодзіне, стварыў там музэй, які атрымаў статус народнага.

— Пра што б вы цяпер папярэдзілі самога сябе?

— Каб мяне не пакідалі мудрасьць, разважлівасьць, вера ў сябе. І каб я ўмеў абстрагавацца ад прыватных меркаваньняў. Я досыць позна стаў публічным чалавекам, таму спачатку блізка да сэрца прымаў выпады ў сеціве за свае першыя публікацыі з аналізам сытуацыі ў Беларусі. Постфактум лішні раз пераконваюся, што вельмі ў многіх ацэнках меў рацыю.

«Буду адкрыта працаваць на перамены, пакуль не закрыюцца ўсе магчымасьці»

Ці баіцеся вы сёньня?

— Не. Рэальна страшна было, калі я рабіў заяву. Страшна было вяртацца. Я тады зрабіў хітры ход і ў інтэрвію СМІ заявіў на ўсю краіну, што не зьдзіўлюся, калі на мяжы даведаюся, што я дасьведчаны кантрабандыст або вязу некалькі мільёнаў даляраў для беларускай апазыцыі. Як кажуць у анэкдотах, таварыш маёр пачуў, і мяжу я перасек бясшумна. Нэрвы скончыліся, калі я ў поўнай адпаведнасьці зь лістом МЗС прыйшоў у міністэрства звальняцца, і перапалоханая ахова пачала званіць ва ўсе тэлефоны. Гэта было непрыемна.

Сёньня мая сіла і мая слабасьць у тым, што я ў Беларусі. Гэта мой прынцып — быць тут. А тут мае сэнс быць, калі ты бачны і чутны, адкрыты і транспарэнтны. Таму, напрыклад, я пагадзіўся ўдзельнічаць у ініцыятыве «Сход», хоць да канца не разумеў, што гэта такое. Некаторыя нават казалі, што гэта задума КДБ, каб узяць на ўлік усіх нязгодных.

Мне імпануе ідэя дыялёгавай пляцоўкі, дзе мы можам абменьвацца думкамі аб праблемах і прапаноўваць рашэньні. Для мяне “Сход” — гэта акенца для легальнай дзейнасьці. Гэта інструмэнт, які дазваляе грамадзкай актыўнасьці не засохнуць, ня зьмерзнуць у цяперашніх суровых умовах. Ідэальна было б, каб сярод дэлегатаў былі прадстаўнікі ўсіх сіл, той жа «Белай Русі», мы б мелі магчымасьць дыскутаваць. Для многіх удзельнікаў гэта важная і карысная грамадзка-палітычная школа.

Сваю місію сёньня я бачу ў тым, каб падтрымліваць грамадзкую актыўнасьць, нават у тых прававых рамках, якія становяцца ўсё больш умоўнымі. Гэта ня трыгер для пераменаў, але неабходная ўмова для іх. На гэта была накіравана і яшчэ не сьпісана ў архіў мая ідэя шырокага грамадзкага руху «Я — грамадзянін».

Я ня ведаю, ці застануцца магчымасьці для такой дзейнасьці, калі ўступяць у сілу законы, якія парлямэнт абмяркоўваў у красавіку. Але пакуль яны ёсьць, пакуль усё не закрылася, я буду дзейнічаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG