Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзеці хлусьні», пабіцьцё дэпутатаў, старшыню ЦВК вынесьлі з кабінэту. Як у Беларусі ладзілі рэфэрэндумы


Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына днямі паведаміла, што ў студзені-лютым 2022 году мае прайсьці рэфэрэндум аб папраўках у Канстытуцыю. Дагэтуль невядома, якія папраўкі прапануюць гэтым разам.

У гісторыі незалежнай Беларусі ўжо былі тры рэфэрэндумы, і кожны зь іх праходзіў у драматычных абставінах і з парушэньнямі закону.

Травень 1995-га

На рэфэрэндуме, які адбыўся 14 траўня 1995 году, у бюлетэні для галасаваньня былі наступныя пытаньні:

1. Ці згодныя вы з наданьнем расейскай мове аднолькавага статусу зь беларускай?

2. Ці падтрымліваеце вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?

3. Ці падтрымліваеце вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?

4. Ці згодныя вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі?

Першае, другое і трэцяе пытаньні выносіліся на абавязковы рэфэрэндум, а чацьвёртае мела рэкамэндацыйны характар.

Частка дэпутатаў Вярхоўнага Савету пратэставала супраць прызначэньня рэфэрэндуму. Паводле тагачаснага заканадаўства, зьмяненьні і дапаўненьні ў Канстытуцыю не маглі праводзіцца ў апошнія шэсьць месяцаў паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету. Акрамя таго, на рэфэрэндум не маглі выносіцца пытаньні, якія парушаюць неад’емныя правы народу на сувэрэнную нацыянальную дзяржаўнасьць, дзяржаўныя гарантыі існаваньня беларускай нацыянальнай культуры і мовы.

Пратэстуючы супраць прапанаванага рэфэрэндуму, 19 дэпутатаў абвясьцілі галадоўку. У ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году ў Дом ураду, дзе адбывалася галадоўка, уварваліся людзі ў масках і камуфляжнай форме, якія жорстка пабілі дэпутатаў і выкінулі іх на вуліцу. Толькі пасьля гэтага рэшта дэпутатаў зацьвердзілі рэфэрэндум.

Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету супраць рэфэрэндуму
Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету супраць рэфэрэндуму

За некалькі дзён да галасаваньня на дзяржаўнай тэлевізіі паказалі фільм Юрыя Азаронка «Нянавісьць: дзеці хлусьні», дзе кадры зь мітынгаў БНФ былі змантаваныя са здымкамі часоў Другой сусьветнай вайны. Група дэпутатаў зьвярнулася з афіцыйным запытам да старшыні Дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі з просьбай даць ім час, каб адказаць на абвінавачаньні, якія прагучалі ў фільме. Аднак такой магчымасьці ім не далі, хаця гэта гарантавалася законам «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь».

Паводле афіцыйных вынікаў, большасьць з тых, хто прыйшоў на рэфэрэндум, прагаласавала за прыняцьце прапанаванага Лукашэнкам сьцяга і герба, за наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай, за інтэграцыю з Расеяй і за наданьне прэзыдэнту права роспуску парлямэнту. Парушэньні былі зафіксаваныя на кожным участку, дзе былі назіральнікі ад БНФ (больш за 100 участкаў).

Адначасна з рэфэрэндумам у тых жа памяшканьнях праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет. Яны не адбыліся ў 141 акрузе з 260 з прычыны нізкай яўкі (прыйшло менш за палову выбарнікаў). Пры гэтым, паводле афіцыйных зьвестак, ува ўсіх гэтых акругах у рэфэрэндуме ўзялі ўдзел звыш паловы выбарнікаў.

Лістапад 1996-га

На рэфэрэндуме, які адбыўся 24 лістапада 1996 году, у бюлетэні для галасаваньня было ажно сем пытаньняў.

Прапанаваныя Аляксандрам Лукашэнкам:

1. Аб перанясеньні Дня Незалежнасьці Беларусі на 3 ліпеня – Дзень вызваленьня Менску ад нямецкіх захопнікаў.

2. Аб унясеньні зьмен і дадаткаў да Канстытуцыі (прапанаваных прэзыдэнтам), якія значна пашыралі паўнамоцтвы прэзыдэнта.

3. Аб увядзеньні вольных, без абмежаваньняў, куплі-продажу земляў сельскагаспадарчага прызначэньня.

4. Аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня.

Прапанаваныя Вярхоўным Саветам:

5. Аб унясеньні зьмен і дадаткаў у Канстытуцыю (прапанаваных дэпутатамі парлямэнцкіх фракцый камуністаў і аграрыяў).

6. Аб выбарнасьці кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады.

7. Аб фінансаваньні ўсіх галін улады адкрыта і толькі зь дзяржаўнага бюджэту.

Публікацыя ў газэце «БДГ». Напярэдадні рэфэрэндуму ў лістападзе 1996 году на вуліцы Менску ўлады вывелі вайсковую тэхніку.
Публікацыя ў газэце «БДГ». Напярэдадні рэфэрэндуму ў лістападзе 1996 году на вуліцы Менску ўлады вывелі вайсковую тэхніку.

Паводле афіцыйных вынікаў, выбарнікі прагаласавалі менавіта так, як заклікаў Аляксандар Лукашэнка – за тое, каб перанесьці Дзень Незалежнасьці Беларусі і за пашырэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта, і супраць ва ўсіх астатніх пытаньнях. Напрыклад, большасьць нібыта не падтрымала прапановы, каб усе галіны ўлады фінансаваліся адкрыта і толькі зь дзяржаўнага бюджэту, хоць апытаньні напярэдадні рэфэрэндуму паказвалі, што большасьць якраз была за гэтую прапанову.

Публікацыя ў газэце «БДГ» пра рэфэрэндум 1996 году. На фота — Віктар Ганчар, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі
Публікацыя ў газэце «БДГ» пра рэфэрэндум 1996 году. На фота — Віктар Ганчар, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі

Законна прызначанага старшыню ЦВК Віктара Ганчара перад рэфэрэндумам 1996 году сілай вывелі з кабінэту супрацоўнікі службы аховы Лукашэнкі. Перад гэтым Ганчар заяўляў, што ня зможа прызнаць вынікаў рэфэрэндуму праз шматлікія парушэньні. У 1999 годзе Ганчара разам зь ягоным сябрам Анатолем Красоўскім выкралі. Пазьней зьявіліся сьведчаньні, што да іх зьнікненьня магло быць датычнае кіраўніцтва краіны.

На месца Ганчара Аляксандар Лукашэнка прызначыў Лідзію Ярмошыну – спачатку выканаўцай абавязкаў, а пасьля рэфэрэндуму – старшынёй ЦВК. Пры гэтым ён парушыў нават новую Канстытуцыю, прынятую на тым самым рэфэрэндуме. На прызначэньне Ярмошынай Лукашэнка ён мусіў бы атрымаць згоду Савету Рэспублікі.

Беларускі Хэльсынскі камітэт адзначыў мноства парушэньняў падчас рэфэрэндуму. Сярод іх:

  • Мясцовыя камісіі па правядзеньні рэфэрэндуму ўтварылі не адпаведныя Саветы дэпутатаў не пазьней, чым за месяц да рэфэрэндуму, як мелася б быць паводле закону, а за 5-7 дзён – органы выканаўчай улады.
  • Да моманту датэрміновага галасаваньня (9 лістапада) на ўчастках для галасаваньня адсутнічалі тэксты зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі і грамадзяне ня ведалі, за што яны галасуюць.
  • У парушэньне заканадаўства выбарнікі прыйшлі (а ў многіх выпадках іх прымушалі) прагаласаваць датэрмінова. У выніку да дня рэфэрэндуму прагаласавала амаль чвэрць выбарнікаў.
  • Бюлетэні для галасаваньня друкаваліся Кіраўніцтвам справамі прэзыдэнта. Іх даставілі на выбарчыя ўчасткі, мінуўшы Цэнтарвыбаркам і абласныя камісіі па рэфэрэндуме. Уліку колькасьці бюлетэняў не было.
  • Насуперак заканадаўству, падрыхтоўка рэфэрэндуму і яго правядзеньне фінансаваліся не зь бюджэту, а выключна за кошт «дабрачынных» унёскаў. Цэнтарвыбаркам быў цалкам адхілены ад дзейнасьці па фінансаваньні рэфэрэндуму.
  • У аднабаковым парадку вялася агітацыя і прапаганда за пытаньні, вынесеныя на рэфэрэндум з ініцыятывы прэзыдэнта. У шэрагу выпадкаў агітацыя вялася проста на ўчастках для галасаваньня.
  • У дзень рэфэрэндуму чыніліся перашкоды назіральнікам, прадстаўнікам палітычных партый і грамадзкіх арганізацый пры ажыцьцяўленьні кантролю за ходам галасаваньня; іх не дапускалі на ўчасткі, адмаўлялі ў інфармацыі.
  • Тыповымі парушэньнямі заканадаўства на ўчастках для галасаваньня былі наступныя: адсутнічалі кабіны для тайнага галасаваньня; не было праектаў зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі; выбарнікі дапускаліся да галасаваньня без дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу; меліся пашкоджаньні плёмбаў на скрынях для галасаваньня; былі выяўленыя факты падробкі подпісаў выбарнікаў.
Публікацыя ў газэце «БДГ» пра рэфэрэндум 1996 году
Публікацыя ў газэце «БДГ» пра рэфэрэндум 1996 году

Кастрычнік 2004-га

На рэфэрэндуме, які адбыўся 17 кастрычніка 2004 году, у бюлетэні для галасаваньня былі толькі адно пытаньне:

«Ці дазваляеце вы першаму прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзыдэнта і ці прымаеце частку першую артыкулу 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: «Прэзыдэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаваньні»?»

Гэтай новай фармулёўкай здымалася абмежаваньне, якое дазваляла аднаму чалавеку балятавацца на прэзыдэнцкую пасаду ня больш, чым два разы. У той жа час, паводле артыкулу 112 Выбарчага кодэксу, на рэфэрэндум ня могуць выносіцца пытаньні, «зьвязаныя з абраньнем і вызваленьнем Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

На мітынгу пратэсту ў Менску за тыдзень да рэфэрэндуму 2004 году
На мітынгу пратэсту ў Менску за тыдзень да рэфэрэндуму 2004 году

Паводле ўсебеларускага апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага The Gallup Organization/Baltic Surveys у канцы верасьня 2004 году, за зьмену Канстытуцыі былі гатовыя прагаласаваць 39% апытаных, супраць – 32,5%, астатнія на той момант яшчэ не вызначыліся. Аднак, паводле афіцыйных вынікаў, «за» прагаласавалі каля 88% удзельнікаў рэфэрэндуму, а «супраць» – толькі каля 11%.

У выніку Аляксандар Лукашэнка атрымаў магчымасьць балятавацца на пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў. Агулам ён скарыстаўся такой магчымасьцю ўжо шэсьць разоў.

Затрыманьні пратэстоўцаў у цэнтры Менску 18 кастрычніка 2004 году, на наступны дзень пасьля рэфэрэндуму
Затрыманьні пратэстоўцаў у цэнтры Менску 18 кастрычніка 2004 году, на наступны дзень пасьля рэфэрэндуму


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG