Малады чалавек прыйшоў на марш зь бел-чырвона-белым сьцягам і рупарам, празь які выкрыкваў «Жыве Беларусь!».
Каля стэлы, дзе стартаваў марш пратэстоўцаў, Мацьвей сфатаграфаваўся, лежачы на дарозе, а ў канцы маршу, на скрыжаваньні праспэкту Дзяржынскага і вуліц Любімава ды Чурлёніса, разам з двума дзясяткамі пратэстоўцаў на 5–10 хвілін выйшаў на пераход.
Сьледзтва даводзіць, што з гэтай прычыны спыняўся рух грамадзкага транспарту і прыватных аўтамабіляў, якія рухаліся з гораду і ў цэнтар.
Цяпер маладога чалавека вінавацяць паводле 1-й часткі 342-га артыкулу — у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ў актыўным удзеле ў такіх дзеяньнях. Мацьвею пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
Да суду Мацьвей Будніцкі быў не пад вартай, а пад падпіскай. Пасьля зачытваньня абвінавачаньня ён прызнаў віну, але потым зрабіў агаворку, што пэўна прызнае толькі той факт, што быў на несанкцыянаваным вулічным мерапрыемстве. Што да спыненьня руху транспарту, пазыцыя Мацьвея такая: так, рух праз такіх, як ён, сапраўды спыняўся, але, калі б ён адтуль сышоў, нічога б не зьмянілася.
«Кіроўцы сыгналілі ў падтрымку і раілі разысьціся, бо за імі едзе АМАП»
Мацьвей Будніцкі патлумачыў, чаму разам зь іншымі пратэстоўцамі выйшаў на пешаходны пераход на скрыжаваньні ў мікрараёне Малінаўка і заставаўся там прыблізна 10 хвілін.
Паводле Мацьвея Будніцкага, большасьць прыватных кіроўцаў сыгналілі пратэстоўцам у падтрымку і самі ня рухаліся наперад. Тых, хто прасіўся праехаць, яны прапускалі. Сьведка Віталь Дзяркач, які ў той момант прывёз на маршрутцы пасажыраў зь Берасьця, гэта пацьвердзіў.
Міліцыянтаў вакол, як сьцьвярджаў Мацьвей Будніцкі, ён ня бачыў, але пра тое, што ад кальцавой набліжаецца калёна сілавікоў, пратэстоўцам паведамілі кіроўцы і раілі хутчэй разыходзіцца. Што калёна з аўтазакамі сапраўды падцягвалася, расказаў іншы сьведка, які апынуўся ў заторы, Кірыл Машкоў.
У выніку Мацьвей усё ж сышоў з дарогі, але пасьпеў пастаяць на ёй «прыблізна 10 хвілін». Навошта? На сьледзтве Будніцкі тлумачыў гэтак: «Стаяў на скрыжаваньні з мэтай не дапусьціць сутыкненьня супрацоўнікаў праваахоўных органаў з народам Рэспублікі Беларусь».
У судзе малады чалавек ад сваіх словаў не адрокся, але ў канцы допыту дадаў, што «цяпер раскайваецца».
Выкрываў «Жыве Беларусь» ды іншае, але бяз гвалту
18 гадоў Мацьвею споўнілася толькі 17 верасьня. На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах ён галасаваць ня мог, таму што быў яшчэ непаўналетні. Але пабываў на выбарчых участках спачатку з бабуляй, а потым з татам.
«Бачыў натоўп людзей, якія чакалі каля ўчастку вывешваньня пратаколаў», — так Мацьвей прыгадваў свае ўражаньні на сьледзтве.
На судзе ўдакладняў, што ў жніўні-верасьні бачыў у тэлеграм-каналах зьвесткі пра пабітых пратэстоўцаў, але на Nexta падпісаны ня быў.
З матэрыялаў справы вынікае, што сьледчы падрабязна распытваў Мацьвея пра стаўленьне да бел-чырвона-белага сьцяга. Той казаў, што гэты сьцяг яму падабаецца і ён ня лічыць яго незаконным, ды прыводзіў прыклад, што менавіта пад гэтым сьцягам, тады дзяржаўным, Аляксандар Лукашэнка прымаў прэзыдэнцкую прысягу.
Паводле Мацьвея Будніцкага, сьцяг ён набыў у краме Symbal.by, пакуль тая яшчэ не была закрытая, і трымаў у заплечніку.
Калі яму споўнілася 18 гадоў, пачаў праяўляць сваю пазыцыю. 4 кастрычніка паехаў з дому «ў цэнтар гораду пагуляць», але на мэтро змог дабрацца толькі да станцыі «Пушкінская», бо далей цягнікі не хадзілі. Пешкі дайшоў да «Каскаду», а там далучыўся да людзей, якія ішлі да стэлы на праспэкце Пераможцаў.
Калі пачаўся марш у бок станцыі мэтро «Міхалова», ён дастаў сьцяг з заплечніка і накінуў на плечы. Рупар таксама ляжаў у заплечніку, ён ім скарыстаўся, калі марш наблізіўся да Малінаўкі. Выкрыкваў праз рупар «Жыве Беларусь!» ды іншыя словы, але бяз заклікаў да гвалту, сказаў суду Мацьвей Будніцкі.
Паводле яго прызнаньня, ён разумеў, што ўдзелам у маршы парушае артыкул 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу (цяпер 24.23. — РС), але крымінальную адказнасьць ня мог сабе ўявіць.
Быў валянтэрам атраду «Добрае сэрца»
Мацьвей Будніцкі вучыцца на эканаміста ў каледжы, сумяшчае вучобу з працай экспэдытарам. Адвакат Захар Ладуцька прапанаваў суду далучыць да матэрыялаў справы станоўчую характарыстыку на маладога чалавека зь месца вучобы і ўдзячнасьць за ўдзел у валянтэрскім атрадзе для дапамогі дзецям «Добрае сэрца». Судзьдзя Юлія Кулік гэтыя дакумэнты прыняла ў справу, а вось мэдычныя даведкі, які сьведчаць пра хваробу сэрца ў Мацьвея, далучаць ня стала: абмежавалася рашэньнем «агледзець падчас працэсу».