Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакаленьне саўкоў сыходзіць на могілкі і ў маразм». Расейскі журналіст пра «саюзную дзяржаву» як увасабленьне Акрэсьціна


Акцыя пратэсту ў Празе. Ілюстрацыйнае фота.
Акцыя пратэсту ў Празе. Ілюстрацыйнае фота.

Журналіст расейскага інтэрнэт-выданьня «MБХ медиа» Раман Папкоў называе Беларусь «ірванай, крывавай ранай на целе Інтэрмарыюму», а так званую «саюзную дзяржаву» Расеі і Беларусі лічыць геапалітычным увасабленьнем турмы на Акрэсьціна.

Глядзіце відэаінтэрвію цалкам.

Сьцісла

  • Беларусь акупаваная пачварным нэасавецкім рэжымам з 1994 году, там няма месца эўрапейскім каштоўнасьцям і праву.
  • Гэта гэбэшная сыстэма прыдумляньня ворагаў, змоваў і іх выкрываньня, якая сыходзіць каранямі ў 1930-я гады. Пуцін як рыба ў вадзе сябе адчувае і радасна патурае гэтаму.
  • Як толькі Лукашэнка палічыць, што пагроза мінула і рэжым стабілізаваўся, ён ізноў пачне шантажаваць Крэмль.
  • Ёсьць лёгіка рэвалюцыйнага дзеяньня: учора было рана, заўтра будзе позна, трэба дзейнічаць сёньня. Думаю, што беларусы ўсе высновы зробяць.

«Цэнтральная Эўропа разумее, што такое цемра, якія ідзе з Усходу»

— Я сачу за вашымі публікацыямі і пастамі ў сацсетках, і часта, камэнтуючы расейскія і міжнародныя падзеі, вы спасылаецеся на беларускі досьвед. Нядаўна вы назвалі Беларусь «ірванай, крывавай ранай» на целе Інтэрмарыюму. «Нібы кавалак мяса вырваны», напісалі вы пра Беларусь. Патлумачце больш дэталёва гэтую думку.

Раман Папкоў
Раман Папкоў

— Пад Інтэрмарыюмам я разумею не геапалітычныя канструкцыі стогадовай даўніны, а тое, што мае на ўвазе частка ўкраінскіх нацыяналістаў, украінскіх і беларускіх правых. Гэта цэнтральнаэўрапейская прастора. Можна спрачацца, якія краіны туды ўваходзяць, але дакладна гэта краіны Балтыі, Польшча, Чэхія, Славаччына, Украіна. І Беларусь па ўсёй лёгіцы гістарычнага працэсу мусіць быць часткай гэтай цэнтральнаэўрапейскай прасторы, але такой не зьяўляецца ў сілу зразумелых прычынаў. Беларусь акупаваная пачварным нэасавецкім рэжымам, гэтая акупацыя працягваецца з 1994 году, там няма месца эўрапейскім каштоўнасьцям, эўрапейскаму праву. І пра тое, што Беларусь была стрыжнем Вялікага Княства Літоўскага, нагадваюць толькі мэмарыяльныя дошкі.

Сама па сабе тэма Інтэрмарыюму вартая інтэлектуальнага разьвіцьця ў будучыні. З майго пункту гледжаньня, гэта і ёсьць цяпер сапраўдная Эўропа, натуральнае сэрца Эўропы. Гэты рэгіён адрозьніваецца ў лепшы бок ад Заходняй Эўропы, бо на Захадзе маюць месца трывожныя тэндэнцыі... Цэнтральная Эўропа і ёсьць сапраўдная Эўропа старога эўрапейскага права, эўрапейскага гонару, там няма праблем зь міграцыйным пытаньнем, з хваравітым перажоўваньнем сьлядоў Другой сусьветнай вайны.

Цэнтральная Эўропа, адрозна ад Заходняй, добра памятае, што такое нэасавецкая сыстэма, якую канструюе Пуцін. Цэнтральная Эўропа ведае, што быў Будапэшт 1956 году, Чэхаславаччына 1968 году. На Захадзе пра гэта забываюць, ён становіцца прасторай палітычнага цынізму, мы бачым гэта на прыкладзе Паўночнага патоку, калі Нямеччына гатовая ісьці на кампраміс з рэжымам. Цэнтральная ж Эўропа разумее, што такое цемра, якія ідзе з Усходу. Краінам Балтыі, Польшчы, Украіне, Чэхіі, напэўна, варта думаць пра больш шчыльныя канструкцыі для кансалідацыі і супрацьстаяньня нэасавецкаму палітычнаму рэваншу. І Беларусь як ірваная крывавая рана і вырваны кавалак мяса. Мы бачым, што адбываецца цяпер у Беларусі. Такога не было з 1930-х гадоў.

«Рэжымы такіх тыпаў ня могуць бяз змоваў, безь вялікіх шпіёнскіх працэсаў»

— Давайце пагаворым пра мітычную змову зь нібыта замахам на Аляксандра Лукашэнку, да якога прыклалі руку расейскія і беларускія спэцслужбы і ў які, як лічаць многія назіральнікі а Беларусі, шчыра верыць Аляксандар Лукашэнка. Магчыма, ён адзіны, хто верыць у гэта. Ці ёсьць мяжа абсурду? На каго разьлічана гэта гісторыя і якая сапраўдныя мэта ўсяго гэтага, як вам бачыцца?

— Найбольш я быў зьдзіўлены, наколькі сур’ёзна спадар Пуцін да гэтага ставіцца, на якіх адказных трыбунах ён паўтарае ўсю гэтую бязглузьдзіцу. Ён гаварыў пра спробу забойства Лукашэнкі, выступаючы перад Фэдэральным сходам Расеі. Мы бачым, што ў Расеі ня толькі не спрабуюць абрываць усю гэтую менскую публіку, а ўсяляк патураюць і накручваюць яе яшчэ мацней. Мы бачым, што ФСБ і КДБ зьліліся ў адзіны злачынны сындыкат і дзейнічаюць вельмі зладжана.

Масква стала даволі небясьпечнай палянай для вальнадумных беларусаў. Ня ведаю, пра што думалі гэтыя людзі, якія сустракаліся ў шынку і нешта абмяркоўвалі на тэрыторыі Масквы, жорсткай дыктатуры. Рэжымы такіх тыпаў ня могуць бяз змоваў, безь вялікіх шпіёнскіх працэсаў. Рэжым Лукашэнкі падчас актыўнай фазы пратэстаў дапусьціў шэраг сурʼёзных ляпаў — Нікі і Майкі, зьліцьцё перамоваў Эйсмант з лукашэнкаўскімі цітушкамі, усімі гэтымі спартоўцамі. І яны вырашылі, што трэба ісьці ў інфармацыйную контратаку і прыдумляюць нейкія складаныя канцэпцыі — перамовы Эйсмант як гульня і раскрыцьцё вайсковай змовы.

У Лукашэнкі гэта ўсё не ўпершыню. У яго ўжо нібыта стралялі ў пачатку палітычнай карʼеры; была вельмі дзіўная гісторыя з выбухам у мэтро. Толькі пасьля падзеньня рэжыму і адкрыцьця архіваў КДБ мы даведаемся, што адбылося ў Менску 10 гадоў таму з гэтым мэтро. Гэта гэбэшная сыстэма, якая ідзе каранямі ў 1930-я гады, сыстэма прыдумляньня ворагаў, змоваў і іх выкрыцьця. Пуцін у гэтым сэнсе як рыба ў вадзе сябе адчувае і радасна патурае ўсяму гэтаму.

— Павал Латушка назваў гэтыя змовы інфармацыйным фонам, на якім Лукашэнка падпісвае ў Маскве дакумэнты пра больш шчыльную інтэграцыю і фактычна здачу незалежнасьці, Ці вы такі варыянт разглядаеце?

— Падчас важных перамоваў заўсёды ствараецца інфармацыйны фон, камфортны для гэтых перамоваў. Я з трывогай гляджу на рост інтэграцыі. Для многіх расейскіх апазыцыянэраў і людзей, які трапілі ў базы дадзеных расейскіх спэцслужбаў, Беларусь доўгія гады была калідорам адступленьня на Захад. Адсутнасьць дзяржаўнай мяжы як такой і розныя базы дадзеных у органаў дзяржаўнай бясьпекі давалі такую фортку магчымасьцяў, калі можна было празь Беларусь зьехаць у Эўропу. І наадварот. Усё, лавачка закрываецца. Гэта непрыемна.

«Лукашэнка настолькі хітры перац, што Пуцін яшчэ сутыкнецца ў будучыні з праблемамі»

— Вы нядаўна напісалі, што «саюзная дзяржава Расеі і Беларусі — гэта геапалітычнае ўвасабленьне Акрэсьціна. Дзьве карныя ўстановы (РФ і РБ), якія імітуюць дзяржавы, прыкідваюцца дзяржавамі». У складзе так званай «саюзнай дзяржавы» Беларусь мае сваю незалежнасьць, хто і моцна зьвязаная з Расеяй. Наколькі павялічылася пагроза незалежнасьці Беларусі цяпер, калі залежны ад Крамля Лукашэнка нешта падпісвае ў Маскве і штосьці зноў абяцае Пуціну?

— Пагроза ёсьць, безумоўна. Думаю, што ў Крамлі доўгі час вагаліся, як быць са спадаром Лукашэнкам, і разглядалі пракрамлёўскія, але не лукашэнкаўскія праекты, у выніку ўсё ж вырашылі рабіць стаўку на Аляксандра Рыгоравіча і спрабаваць яго ўтрымліваць ва ўладзе. Але Лукашэнка настолькі хітры перац, па-калгаснаму хітраваты, што Пуцін яшчэ сутыкнецца ў будучыні з праблемамі. Як толькі Лукашэнка палічыць, што пагроза мінула, што рэжым стабілізаваўся, што грамадзтва агорнутае страхам канчаткова і ў бліжэйшыя гады не паднімецца, ён ізноў пачне шантажаваць Крэмль. Ён заўсёды разумецьме, што ягоная дынастыя ня будзе ў бясьпецы, калі Расея будзе мець шырокія магчымасьці ў Беларусі. І ён зноў пачне гуляць у шматвэктарнасьць.

На гэтым этапе яму патрэбна максымальная падтрымка і як мага больш грошай атрымаць, а далей паглядзім. Для беларускага народу галоўнае ня гэта. Лукашэнка можа быць цалкам залежным ад Крамля, быць сакратаром менскага абкаму ці гаўляйтарам, або можа быць незалежным дыктатарам кшталту Кім Чэн Ына. Беларусам не лягчэй ні ў адным з гэтых выпадкаў. Беларуская нацыя цяпер пазбаўленая палітычнай субʼектнасьці, яна акупаваная менскім рэжымам, і найперш трэба думаць, як яго скалупнуць. Калі рэжым Лукашэнкі падзе, тады Беларусі трэба будзе ўжо ўсурʼёз задумацца пра тое, што будзе ісьці з Усходу, і тады пачнецца сапраўдная гульня. Калі рэжым Лукашэнкі падзе, Пуцін пачне такія рухі ў Беларусі, такія будуць запушчаныя авантурныя праекты, што гэта будзе крайне небясьпечна. Пра гэта важна памятаць і мець нейкія чарнавікі.

Расейскі журналіст: Такога не было з 30-х гадоў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:25:17 0:00
Наўпроставы лінк

«Расейская гісторыя супраціву 10-15 гадоў — гэта гісторыя паразаў»

— Расейскі рубель, вайсковы кантынгент Расеі ў Беларусі, вайсковая авіябаза Расеі ў Баранавічах, абʼяднаньне падатковых сыстэмаў... Гэта паступовыя крокі ў страце незалежнасьці. Што грамадзянская супольнасьць, дэмакратычныя сілы ў Беларусі і ў эміграцыі могуць гэтаму супрацьпаставіць, акрамя заяваў аб тым, што ўсе гэтыя дамовы падпісваюцца нелегітымным, недамоваздольным Лукашэнкам?

— Вельмі цяжка раіць, бо я сам зьяўляюся грамадзянінам краіны, якая таксама фактычна знаходзіцца пад акупацыяй такога ж самага жандарскага гэбэшнага рэжыму, і расейская апазыцыя таксама не вызначаецца эфэктыўнасьцю. Расейская гісторыя супраціву 10-15 гадоў — гэта гісторыя паразаў. Напэўна, важна рабіць высновы, урокі са свайго і з нашага досьведу. Важна прааналізаваць, што было ў 2020 годзе.

Калі будзе нейкі трыгер і новы ўсплёск грамадзкай незадаволенасьці, калі новыя псыхаэмацыйныя выклікі перамогуць страх, трэба будзе скарыстацца момантам. Важна памятаць летнія жнівеньскія дні, калі Менск быў абсалютна чыстым ад міліцыі, якая хавалася па падвалах і вусамі не варушыла, а на вуліцах былі сотні тысяч чалавек. Важна памятаць, што гэта быў, магчыма, упушчаны момант, і ў далейшым карыстацца сытуацыяй. Ёсьць лёгіка рэвалюцыйнага дзеяньня — учора было рана, заўтра будзе позна, трэба дзейнічаць сёньня. Я думаю, што беларусы ўсе высновы зробяць.

«У Беларусі і ў Расеі ўступае ў жыцьцё зусім новае пакаленьне»

— Што дае вам аптымізм і надзею ў гэтыя складаныя і цёмныя часы для народаў Беларусі і Расеі?

— Шчыра кажучы, мала што дае надзею, але ёсьць некаторыя пункты сьвятла. Я добра памятаю, што 15 гадоў таму ў Расеі было меней рэпрэсіўных законаў, быў меншы махавік паліцэйскага гвалту, меншая ступень «адмарожанасьці» дзяржавы, але і грамадзтва рэальна спала. Яно прыняло спушчаную зьверху махлярскую схему грамадзкай дамовы — стабільнасьць узамен на ваш няўдзел у палітычным жыцьці. Тое самае было ў Беларусі: сыстэма паабяцала людзям мінімальны дабрабыт і мінімальную бясьпеку, а ўзамен — «ня лезьце ў палітыку, жывіце сваім жыцьцём гародніны, будзеце ў Эўропу езьдзіць і там адрывацца, а тут каб усё было роўна».

Час гэтай махлярскай, навязанай нашым нацыям дамовы адыходзіць. У Беларусі і ў Расеі ўступае ў жыцьцё зусім новае пакаленьне. Гэта людзі, якія не засьпелі савецкага страху, яны куды больш інтэлектуальныя і прынцыповыя, чым наша пакаленьне. Для іх шмат значыць грамадзянскі гонар і годнасьць. Пазытыўна, што пакаленьне саўкоў сыходзіць ва ўсіх сэнсах гэтага слова — і на могілкі, і ў маразм. Нашыя краіны настолькі эўрапейскія, што як бы іх у Азію не спрабавалі цягнуць на аркане, яны эўрапейцы. Нараджаецца пакаленьне эўрапейцаў. На іх уся надзея.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG