Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плятформа Рады Эўропы: У Беларусі ідзе беспрэцэдэнтная хваля рэпрэсій супраць незалежнай журналістыкі


Акцыя ў падтрымку журналістаў. Менск, верасень 2020
Акцыя ў падтрымку журналістаў. Менск, верасень 2020

Пра беспрэцэдэнтную хвалю рэпрэсій супраць незалежнай журналістыкі ў Беларусі гаворыцца ў штогадовым дакладзе партнэрскіх арганізацый Плятформы Рады Эўропы для садзейнічаньня абароне журналістыкі і бясьпецы журналістаў, прэзэнтаваным 28 красавіка.

Хоць Беларусь і ня сябра Рады Эўропы, яе ўключылі ў даклад праз эскаляцыю рэпрэсій супраць СМІ пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, перадае БелаПАН.

Аўтары дакладу заклікалі міжнародную супольнасьць да «рашучых дзеяньняў», каб «спыніць рэпрэсіі беларускіх уладаў у дачыненьні да журналістаў».

На момант падрыхтоўкі дакладу ў зьняволеньні знаходзіліся 12 журналістаў:

  • Сяргей Альшэўскі (дырэктар «Прэс-клюбу»),
  • Андрэй Аляксандраў (журналіст і мэдыямэнэджар),
  • Кацярына Бахвалава (Андрэева; «Белсат»),
  • Кацярына Барысевіч (Tut.by),
  • Сяргей Гардзіевіч (карэспандэнт інтэрнэт-выданьня «Першы рэгіён», знаходзіцца пад хатнім арыштам),
  • Дзяніс Івашын (журналіст штотыднёвай газэты «Новы час»),
  • Ксенія Луцкіна (былая супрацоўніца тэлеканала «Беларусь-2»),
  • Язэп Палубятка (карэспандэнт «Газеты Слонімскай» у Мастах, быў адпушчаны пасьля суду. — БелаПАН.),
  • Юлія Слуцкая (заснавальніца «Прэс-клюбу»),
  • Пётра Слуцкі (супрацоўнік «Прэс-клюбу»),
  • Дар’я Чульцова («Белсат»),
  • Ала Шарко (праграмны дырэктар «Прэс-клюбу»).

Пра што расказалі аўтары дакладу

Пра больш як 500 парушэньняў правоў журналістаў ад жніўня 2020 году. Журналістаў затрымлівалі, білі падчас утрыманьня пад вартай, а іхную тэхніку ламалі ці канфіскоўвалі.

Пра 477 затрыманьняў журналістаў за ўвесь 2020 год.

  • 62 журналісты зьведалі гвалт з боку сілавікоў,
  • 97 журналістаў арыштавалі,
  • 1200 дзён сумарна яны правялі за кратамі.

Пра журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову, якіх асудзілі на 2 гады калёніі за жывы эфір з акцыі пратэсту ў лістападзе.

Пра Кацярыну Барысевіч з Tut.by, якую зьняволілі на паўгода за артыкул пра тое, што забіты пратэстовец Раман Бандарэнка быў цьвярозы, што супярэчыла словам Аляксандра Лукашэнкі.

Пра Натальлю Лубнеўскую з «Нашай нівы», у якую стрэлілі гумовай куляй 10 жніўня, хоць на ёй была камізэлька з надпісам «Прэса». Яна 38 дзён лячылася ў шпіталі, а выданьню прыгразілі штрафам «за несвоечасовае паведамленьне» ўладам аб траўме на працы карэспандэнткі.

Пра ператрусы ў Беларускай асацыяцыі журналістаў і ў дамах журналістаў у лютым.

Пра скасаваньне статусу СМІ ў Tut.by.

Пра ануляваныя акрэдытацыі ў журналістаў, якія працавалі на замежныя СМІ.

Пра заблякаваны ўладамі доступ да больш як 100 сайтаў навін.

Пра машыну прапаганды на службе рэжыму — дзяржаўную Белтэлерадыёкампанію.

Аўтары дакладу заклікалі ўсе краіны Рады Эўропы «адкласьці ў бок геапалітычныя меркаваньні і заняць адназначную пазыцыю адносна гэтай беспрэцэдэнтнай хвалі нападаў на незалежную журналістыку ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы».

Генэральны сакратар Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў Рыкарда Гутʼерэс заявіў, што Рада Эўропы не павінна дазваляць дыктатуры працягваць рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі.

«Рада Эўропы не павінна дазваляць дыктатуры працягваць гэтыя рэпрэсіі ў дачыненьні да журналістаў у цэнтры Эўрапейскага кантынэнта», — сказаў Гутʼерэс.

Ён заклікаў і надалей фіксаваць выпадкі парушэньня правоў журналістаў у Беларусі, хоць краіна і не ўваходзіць у Раду Эўропы. Гэта будзе вельмі сымбалічным актам падтрымкі свабоды прэсы, лічыць Гутʼерэс.

Плятформа садзейнічаньня абароне журналістыкі і бясьпецы журналістаў была створаная Радай Эўропы ў 2015 годзе. Яна ўключае міжнародныя арганізацыі ў галіне свабоды слова і асацыяцыі журналістаў:

  • Арганізацыя Index on Censorship,
  • Арганізацыя Rory Peck Trust,
  • Асацыяцыя эўрапейскіх журналістаў,
  • Камітэт абароны журналістаў,
  • Міжнародная фэдэрацыя журналістаў,
  • Міжнародны ПЭН-клюб,
  • Міжнародны інстытут прэсы,
  • Міжнародны інстытут пытаньняў бясьпекі журналістаў,
  • Праваабарончая арганізацыя Article 19,
  • Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў,
  • Эўрапейскі вяшчальны саюз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG