Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы зь Літвой затрымалі віцябляніна, якога вінавацяць у абразе камандзіра менскага АМАПу Балабы


На беларуска-літоўскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота.
На беларуска-літоўскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота.

36-гадовага жыхара Віцебску Вадзіма Ермаловіча затрымалі 14 красавіка недалёка ад дзяржаўнай мяжы зь Літвой. Ён быў на падпісцы аб нявыезьдзе, паведамляе рэгіянальны праваабарончы сайт «Віцебская Вясна».

Цяпер Вадзім Ермаловіч за кратамі ў віцебскім СІЗА-2.

«Яго затрымалі на мяжы зь Літвой. Мяжу ён не перасякаў. Месца нам не агучылі, — расказала маці затрыманага Тацяна. — Пасьля гэтага яго адправілі ў СІЗА. Ніякіх спатканьняў нам не абяцалі, сказалі — нельга нам па гэтым артыкуле. А перадачы носім».

20 сакавіка на Вадзіма Ермаловіча завялі крымінальную справу за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Паводле вэрсіі сьледзтва, 24 сьнежня 2020 году ён разьмясьціў у Тэлеграм-чаце «Vitebsk_Юг» абразьлівы камэнтар пра камандзіра менскага АМАПу палкоўніка Дзьмітрыя Балабу «з мэтай прынізіць яго гонар і годнасьць у сувязі з выкананьнем службовых абавязкаў». У той жа дзень Ермаловіча ўзялі пад варту, а ў ягоным доме ўчынілі ператрус і забралі лічбавую тэхніку і грошы. Праз 72 гадзіны мужчыну вызвалілі з ізалятара пад падпіску аб нявыезьдзе.

Пасьля выбараў 9 жніўня Ермаловіч браў удзел у акцыях пратэсту ў Віцебску. На адной зь іх яго затрымалі і аштрафавалі па артыкуле 23.34 КаАП.

Паводле маці, у Вадзіма «абвостранае пачуцьцё справядлівасьці», і ён ня мог вынесьці тое, «што робіцца цяпер у краіне». Незадоўга да завядзеньня крымінальнай справы ён звольніўся і зьбіраўся ехаць на працу ў Польшчу, ужо пра ўсё дамовіўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG