Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША аднавілі санкцыі супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў


Санкцыі аднаўляюцца ад 3 чэрвеня 2021 году. Адпаведнае рашэньне апублікавала Міністэрства фінансаў ЗША.​ Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка

  • «Белнафтахім»,
  • «Белнафтахім ЗША»,
  • «Нафтан»,
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
  • «Белшына»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Гроднахімвалакно»,
  • ААТ «Лякафарба»,
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Аднаўленьне санкцый будзе азначаць, што прадпрыемствам i грамадзянам ЗША будзе забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, будуць замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

Чаму аднавілі санкцыі?

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен 19 красавіка заявіў, што гэты крок — наступства грубага ігнараваньня правоў чалавека беларускімі ўладамі. У сваёй заяве Блінкен назваў зьняволеньне Сяргея Ціханоўскага, Марыі Калесьнікавай і Ігара Лосіка прыкладамі рэпрэсіяў у Беларусі, якія робяць немагчымым далейшае прыпыненьне санкцыяў.

Раней Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША анансаваў, што санкцыі будуць адноўленыя 26 красавіка, калі ня будуць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.

Аднак цяпер, паводле ранейшай заявы Дзярждэпартамэнту ЗША, «сытуацыя з правамі чалавека, бадай, найгоршая ў гісторыі незалежнай Беларусі».

«У сувязі з тым, што цяпер у Беларусі ўтрымліваецца больш за 300 палітычных зьняволеных, Дзяржаўны дэпартамэнт ня можа рэкамэндаваць яшчэ адзін працяг (прыпыненьня дзеяньня гэтых абмежаваньняў. — РС), асабліва ў сьвятле меркаваньня Кангрэсу, увасобленага ў Акце аб сувэрэнітэце і дэмакратыі Беларусі 2020 году. Цяперашні працяг [адмены абмежаваньняў] канчаецца 26 красавіка», — гаварылася ў заяве Дзярждэпартамэнту.

Дзярждэпартамэнт ЗША заклікаў беларускія ўлады зрабіць крокі, якія б дазволілі Вашынгтону падоўжыць прыпыненьне санкцый, у прыватнасьці, вызваліўшы ўсіх палітычных зьняволеных.

Вашынгтон заклікаў афіцыйны Менск да «поўнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і спыненьня гвалтоўных дзеяньняў уладаў супраць беларускага народу», а таксама «да канструктыўнага дыялёгу зь лідэрамі палітычнай апазыцыі пад эгідай АБСЭ, які б вёў да свабодных і справядлівых выбараў з прысутнасьцю незалежных назіральнікаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG