Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША адказаў на абвінавачаньні ў датычнасьці да «спробы замаху» на Лукашэнку


Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША на нашу просьбу пракамэнтаваў агучаныя ў суботу на тэлеканале ОНТ заявы Лукашэнкі, што Злучаныя Штаты стаяць за меркаванай спробай замаху на яго і на ягоных дзяцей.

«Мы бачылі паведамленьні ў расейскіх дзяржаўных СМІ пра нібыта змову супраць Аляксандра Лукашэнкі, а таксама пра яго непасрэдныя заявы ў СМІ. Любыя меркаваньні аб тым, што ўрад ЗША стаяў за спробай замаху на Лукашэнку або ўдзельнічаў у ёй, абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасьці». — гаворыцца ў адказе на запыт Радыё Свабода

Дзяржаўны дэпартамэнт пацьвердзіў, што валодае інфармацыяй пра грамадзяніна ЗША, затрыманага ў Менску і заявіў, што кожны раз, калі амэрыканскі грамадзянін затрымліваецца за мяжой, Злучаныя Штаты гатовыя аказаць усе адпаведныя консульскія паслугі.

«Урад Злучаных Штатаў заўсёды заклікае ўрады замежных дзяржаваў выконваць працэдуры консульскага апавяшчэньня і доступу у дачыненьні да грамадзянаў ЗША, якія маюць падвойнае грамадзянства, як з гледзішча ветлівасьці, так і ўзаемнасьці, нават калі пры канкрэтных абставінах пэўная краіна можа ня мець юрыдычных абавязаньняў паводле Венскай канвэнцыі, паколькі асоба зьяўляецца грамадзянінам гэтай краіны, гэтаксама як грамадзянінам ЗША», — паведаміла Радыё Свабода прэс-служба Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

17 красавіка Лукашэнка заявіў пра затрыманьне групы асоб, якая нібыта плянавала замах на яго і ягоных дзяцей, і зьвязаў яе са спэцслужбамі ЗША. Гаворка ідзе пра затрыманых у Маскве палітолягаў і паліттэхнолягаў Аляксандра Фядуту, амэрыканскага адваката беларускага паходжаньня Юрыя Зянковіча і старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якога затрымалі ў Шклове.

Фэдэральная служба бясьпекі Расеі выступіла з заявай, у якой заявіла, што дапамагла прадухіліць вайсковы пераварот у Беларусі. Ён нібыта плянаваўся на 9 траўня, хаця сёлета парад у дзяржаўнае сьвята Дзень Перамогі не заплянаваны.

Расейскае ведамства таксама заявіла, што замах на жыцьцё Лукашэнкі і ягоных дзяцей рыхтаваўся пры ўдзеле беларускіх і ўкраінскіх нацыяналістаў і з кансультацыямі ЗША і Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG