Гарадзенка Надзея Маляўка стварыла ўласную стайню, каб ня езьдзіць па пракатах. Яна хоча, каб людзі зразумелі, што верхавая язда — гэта клясна, а конны сьвет — больш не закрытая супольнасьць. Праўда, у апошнія 8 месяцаў яна перагледзела сваё стаўленьне да конных шпацыраў.
«У мяне была мара: я выходжу з хаты, а мяне сустракаюць коні»
«Як людзі могуць катацца на конях у такі час?» — сама сабе дзівіцца гарадзенка Надзея Маляўка.
Яна пачала займацца коньмі ў 9 гадоў. Цяпер ёй 33. У яе муж, дзеці, дзьве вышэйшыя адукацыі, у тым ліку трэнэра па верхавой язьдзе, і ўжо 10 гадоў свая стайня ў прыватным сэктары на ўскрайку Горадні.
«Я заўжды любіла жывёлаў, цягнула ў дом катоў. У мяне была мара: я выходжу ранкам з хаты, а мяне сустракаюць коні, сабакі, каты», — успамінае Надзея.
У яе 4 сабакі, 3 каты і 6 коней: двое сваіх, яшчэ для чатырох стайню арандуюць як гатэль.
Раней дзяўчына езьдзіла ў конныя школы за 30–40 кілямэтраў ад гораду, бо ў Горадні не было. Урэшце вырашыла — трэба набываць свайго каня. Ім стала Белка. Цяпер ёй ужо 26 гадоў.
«Белка самая спакойная, як танк, самая надзейная. Я ёй цалкам давяраю. Яна будзе чакаць, пакуль дзіця на яе ня сядзе. Я магу адпусьціць повад і буду ведаць, што яна пабяжыць роўна. Спыніцца, калі нехта зь яе ўпадзе. Яна нічога не баіцца», — апісвае свайго першага коніка Надзея.
Каб утрымліваць Белку, Надзея здавала яе ў пракат, наняла трэнэрку. Праз год пайшла вучыцца на трэнэрку сама ў менскі фізкультурны ўнівэрсытэт. Потым прайшла курсы міжнароднай школы іпатэрапіі ад грузінскіх выкладчыкаў. У Варонежы атрымала сэртыфікат інструктара па адаптыўнай фізычнай культуры. Увесь час шукае вузкаспэцыялізаваныя курсы і вучыцца.
«Каб людзі адчулі, як гэта клясна»
Жанчыне блізкая філязофія натуральных дачыненьняў з коньмі — Natural Horsemanship. Гэта, прыкладам, калі на кані едуць безь сядла і іншай экіпіроўкі.
«Раней гэтага не было. Мяне вучылі сядзець, кіраваць лева-права, трымацца ў сядле, рысь, галёп. Гэта мінімум. Раней існаваў толькі спорт. Але конь — жывая істота, зь якой вельмі цікава ўзаемадзейнічаць», — разважае дзяўчына.
Цяпер у Надзеі розныя кірункі працы: заняткі коннай яздою зь дзецьмі і дарослымі; конныя шпацыры; фатасэсіі з коньмі; іпатэрапія для людзей з ДЦП, аўтызмам, сындромам Даўна; рэляксацыйная верхавая язда: сумесь гімнастычных практыкаваньняў, ёга-нідры і мэтодыкі Фэльдэнкрайза.
«Стан пасьля яе, як пасьля перазагрузкі кампутара», — параўноўвае інструктарка.
У будучым яна плянуе запусьціць курсы стральбы з лука на кані.
«Мая мэта была зрабіць дачыненьні з коньмі даступнымі, каб людзі адчулі, як гэта клясна, што верхавая язда можа быць прыемнасьцю і для каня, і для вершніка. Раней стайні былі закрытым месцам», — тлумачыць Надзея.
Адзін з улюбёных яе кірункаў — праца з канём на зямлі, псыхалягічнае ўзаемадзеяньне, калі чалавек вучыцца даносіць свае думкі і жаданьні да каня бяз поваду, толькі за кошт рухаў цела, упэўненасьці. Тут ён, як і ў язьдзе конна, мае паказаць, што ён лідэр.
«Для чалавека звонку гэта здаецца чараўніцтвам. Я стала — і конь спыніўся, падняла руку — і ён зрабіў, што я хацела. Але гэта псыхалягічныя законы. Мы стараемся разьвівацца ў кірунку, калі і каню, і чалавеку цікава працаваць», — кажа інструктарка.
«Капля і Нэна не даруюць памылак»
Другі ўласны конь Надзеі — сьветлая Акацыя, якую ёй падарылі жарабём. У загарадзе стаяць яшчэ пярэстая Містыка, каштанавая Капіталіна, Ненаглядная з кароткай грывай і адзіны спакладаны жарэбчык Мэдысан, а па-свойску Мод. Гэта ўсё прыежджыя коні. Ім арандуюць стайню або за грошы — у Горадні гэта ў сярэднім 150 даляраў на месяц — або ўзамен на тое, што конь будзе працаваць у пракаце.
Містыка — асноўны вучэбны конь. Досыць спакойная, адносна роўная, цярплівая, нават дзіця зь ёю ўправіцца, апісвае Надзея розныя характары сваіх гадаванцаў.
Нядаўна Містыка заўважыла, што можа пужаць людзей. Яна глыбока ўздыхнула, а хлопчык, які яе рыхтаваў, спужаўся і выбег. Тады яна пачала правяраць сваю новую здольнасьць на іншых людзях. Калі чалавек не пужаецца, Містыка падпарадкоўваецца. Кепскаму конь можа навучыцца за імгненьне.
«Капля і Нэна не даруюць памылак. Калі яны бачаць, што вершнік няўпэўнены, яны гатовыя „адарвацца“ на ім. „Ня можаш кіраваць, чаго сеў? Ідзі гуляй“. Яны нахабныя і хітрыя», — уяўляе Надзея, што думаюць коні.
Мод — спакладаны жарэбчык. Звычайнага жарабца было б небясьпечна трымаць у адной стайні з кабылкамі. У Мода цяпер ужо ня так б’юць гармоны. Ён малады, вельмі актыўны, але паслухмяны.
Зразумець каня можна па дробных рухах і гуках. Ён фыркае, калі ў яго ўсё добра, ён разьняволены. Калі паварочвае вушы наперад, нешта звонку зацікавіла ягоную ўвагу. Расставіў вушы ў бакі — слухае вершніка і найбольш гатовы выконваць каманды. Заклаў вушы далёка на патыліцу — нечым раззлаваны, лепей яго не чапаць.
У коней ёсьць паняцьце «грумінг», калі яны выказваюць пяшчоту, прыкладам, чэшуць адзін аднаго зубамі, пакусваюць. Калі ў адказ на пачухваньні чалавека конь варушыць ніжняй губой, значыць, яму падабаецца, і ён хоча «пагруміць» гаспадара ў адказ.
Конь становіцца небясьпечным, калі адчувае небясьпеку ў свой бок. Ён можа брыкацца, кусацца. Таму да каня ніколі ня варта падыходзіць ззаду. Сьмяротныя выпадкі праз коней у Беларусі здараюцца рэдка.
Якім мае быць чалавек, каб спраўляцца з гэтай жывёлай вагою ў 600 кіляграмаў?
— Лідэрам. Паказаць, што ён галоўны. Конь адразу адчувае, калі ён можа кіраваць чалавекам, — перакананая Надзея.
«Сумна, што на гэты прыгожы від спорту не выдзяляюць сродкі»
Сёньня ў Горадні і прыгарадзе няма бясплатных конных школаў. Тыя, што існавалі, закрыліся. Займацца можна толькі ў платных пракатах.
Чаму ў абласным цэнтры не разьвіваюць конны спорт, Надзея запыталася ў старшыні вобласьці Ўладзімера Караніка. У адказ пачула, што «кірунак нерэнтабэльны».
«Вельмі сумна, што на гэты прыгожы і карысны від спорту і ўзаемадзеяньня не выдзяляюцца сродкі», — кажа суразмоўца.
Яна ведае, што верхавая язда разьвівае чалавека як фізіялягічна — моц, гнуткасьць, каардынацыя, так і псыхалягічна — адказнасьць, дысцыпліна, упэўненасьць у сабе, уменьне кіраваць іншай істотай, уменьне дакладна фармуляваць думкі. Надзея ўзгадвае, як да іх прыйшла займацца ціхая сьціплая дзяўчынка.
«Праз некалькі гадоў яна стала бойкая, больш упэўненая ў камунікацыі зь людзьмі. Яна больш дакладна кажа, што ёй трэба. Коні па сьценцы ад яе стаялі», — узгадвае Надзея.
Яшчэ адзін плюс коннай язды — рэляксацыя. Прыходзяць пакатацца людзі ў складаны час: прыкладам, прыводзяць дзяцей, калі бацькі разводзяцца.
Надзея мяркуе, што ўсё гэта аргумэнты, каб конныя школы працавалі. Яна думае, што шырокай аўдыторыі можа быць нецікава глядзець проста на выездку.
«Але можна разьвіваць відовішчныя кірункі: джыгітоўку або акрабатыку на кані. Гэта вельмі прыгожа. Гонкі маглі б быць цікавымі», — пералічвае варыянты патэнцыйна прыбытковых імпрэзаў Надзея.
Конны спорт — элітны. Калі бацькі захочуць аддаць туды сваё дзіця, трэба быць гатовымі да вялікіх тратаў. Заняткі верхавой язды ў пракаце каштуюць ад 15 рублёў за 45 хвілін. Каб рыхтавацца да спаборніцтваў, трэба арандаваць канкрэтнага каня. Гэта выйдзе ў 300 рублёў за месяц. Сядло каштуе ад 500 даляраў, аброць — 100, боты — 200, штаны — 100. Да таго ж у спаборніцтвах трэба рабіць стартавы ўнёсак.
«Але ня ўсе дзеці накіраваныя на спорт. Можа быць проста камунікацыя з канём. У стайні ствараецца свая атмасфэра, як сям’я. Яны сябруюць, даглядаюць коней, ім цікавыя заняткі на зямлі. Гэта досыць даступна. Некаторыя прапануюць заняткі для дзяцей узамен за догляд за канём», —пералічвае Надзея шляхі ў сьвет коней.
«Пачухаеш іх, ткнеш далонь — і ўсё ня так кепска»
Наколькі гэта прыбытковая справа — свая стайня? У сярэднім у месяц Надзея мае значна менш, чым славутыя «папяццот».
Галоўныя выдаткі ідуць на корм, подсьціл, вэтэрынарныя мерапрыемствы, падаткі. У год коні зьядаюць больш за 20 тон сена, гэта 1,5–2 тысячы рублёў. На пілавіньне для подсьцілу ў месяц ідзе 80 рублёў. Антыгельмінтная паста для аднаго каня — 40 рублёў. Апрацоўваць іх трэба двойчы на год. Досыць дарагая амуніцыя. Яе таксама трэба пэрыядычна мяняць.
Надзея праводзіць з коньмі мінімум 4 гадзіны на дзень. Ёсьць памочнікі, якія даглядаюць коней па чарзе, у тым ліку ў выпадку ад’езду гаспадыні. Праўда, катаецца на конях Надзея цяпер рэдка.
«Калі зьяўляецца конь, гэта ня значыць, што чалавек стане часьцей на ім езьдзіць. Значыць, зьявяцца дадатковыя траты, будзеш яму нешта набываць, чухаць яго. Але пакуль прыбярэш дзяньнік, ужо ня хочацца нікуды ехаць, няма сіл», — кажа Надзея.
Нягледзячы на вялікія высілкі і малыя грошы, Надзея любіць сваю справу.
«Я пляную свой час сама. Адвожу дзяцей у садок, школу. Еду ў спартовую залю. У мяне ёсьць магчымасьць займацца сабой, дзецьмі, упіхнуць нешта цікавае для сябе. Гэта акупляецца. Я не хачу мяняць гэтую працу», — кажа яна.
Коні сталі для Надзеі ня толькі працай, але часткай жыцьця, часткай сям’і.
«Калісьці я гэта пачынала ад вялікай любові, цяпер ад вялікай любові не магу скончыць. Я не магу ўявіць, што маю любімую Белку пускаюць на каўбасу. Яны даюць мне маральную падтрымку. Я супакойваюся побач зь імі. Яны цёплыя, мілыя, пяшчотныя. Пачухаеш іх, ткнеш далонь — і ўсё ня так кепска. Гэта ўжо частка мяне», — кажа Надзея.
Аднак пасьля жніўня мінулага году дзяўчына зьмяніла сваё стаўленьне да конных шпацыраў, як і да іншых забаўляльных імпрэзаў. Некалькі гадоў яна займалася танцамі на пілёне.
«Чарговая трэніроўка ў нас была 10 ці 11 жніўня. Я папрасіла інтэрнэт у сяброўкі, пачытала, што адбываецца. Сяджу, плачу, а яны пачынаюць танцаваць. „Як вы можаце гэта рабіць? Вы чыталі, што адбываецца?“ — „Ай, абстрагуйся, усё нармальна“. Я больш не магу бачыць гэтыя танцы, я перастала туды хадзіць», — прызнаецца Надзея, як умомант кінула любімае хобі праз жнівеньскія падзеі.
Гэтак жа цяжка было ёй прыняць і людзей, якія прыходзілі пакатацца на конях у складаны для краіны час.
«Я пыталася: „Як вы можаце цяпер сюды прыходзіць? Навошта вы прыйшлі?“ Яны кажуць: „Працуй. Трэба. Нам дапамагае“. З тымі, каму патрэбна было аднавіцца, я займалася. З тымі, хто прыходзіў толькі пазабавіцца, я прасіла займацца сваіх памочнікаў», — успамінае Надзея.
— Ці бачыце вы сябе з коньмі праз 10 гадоў?
— Яшчэ паўгода таму я б сказала, што так, канечне. Але цяпер я ня ведаю, што будзе са мной нават заўтра.
Пакуль рыхтаваўся матэрыял, у Надзеі дома прайшоў ператрус. Яе падазраюць у дапамозе пратэстоўцам. Яна зьехала ад перасьледу беларускімі ўладамі за мяжу. Коні засталіся ў Беларусі і працягваюць працаваць.