Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн аб вяртаньні амэрыканскіх войскаў з Афганістану: «Пара дадому»


Джо Байдэн
Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у сераду абвясьціў аб хуткім завяршэньні 20-гадовай прысутнасьці амэрыканскіх войскаў у Афганістане.

У сваёй прамове, зьмест якой перадаў тэлеканал CNN, ён заявіў:

«Мы ўвайшлі ў Афганістан пасьля жахлівага нападу, які адбыўся 20 гадоў таму. Гэта, аднак, не тлумачыць, чаму нам варта заставацца там у 2021 годзе. Я чацьвёрты амэрыканскі прэзыдэнт, які кіруе прысутнасьцю войскаў у Афганістане, і не зьбіраюся перадаваць гэтую адказнасьць пятаму. Час пакласьці канец самай працяглай вайне з усіх, што вяла Амэрыка. Пара амэрыканскім войскам вяртацца дадому».

Як чакаецца, апошні амэрыканскі вайсковец пакіне Афганістан да 11 верасьня — гадавіны тэракту ў Нью-Ёрку.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, які таксама выступіў у сераду, заявіў, што вайскоўцы іншых краінаў NATO, якія застаюцца ў Афганістане, таксама будуць выведзеныя з краіны на працягу некалькіх месяцаў.

У 2011 годзе колькасьць войскаў ЗША ў Афганістане перавышала 100 тысяч чалавек, тым часам як цяпер яна складае каля 2,5 тысяч. Агульная колькасьць прадстаўнікоў вайсковага кантынгенту краін NATO — менш за дзесяць тысяч.

Адміністрацыя папярэдніка Джо Байдэна Дональда Трампа пас;ля дасягненьня дамоўленасьцяў з афганскім радыкальным рухам «Талібан» прызначыла крайні тэрмін для вываду войскаў — 1 траўня. Каманда Байдэна вырашыла ўзяць адтэрміноўку, спасылаючыся на тое, што занадта рэзкае згортваньне вайсковай прысутнасьці паставіць пад пагрозу амэрыканскі і саюзны кантынгент. У амэрыканскай адміністрацыі паабяцалі даць талібам «рашучы адказ» у выпадку працягу агрэсіі супраць амэрыканскіх вайскоўцаў.

Злучаныя Штаты пачалі апэрацыю ў Афганістане неўзабаве пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году — пасьля таго, як талібы, якія кантралявалі тады большую частку тэрыторыі краіны, адмовіліся выдаць арганізатара тэрактаў Усаму бін Ладэна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG