Прэзыдэнт ЗША выказаў заклапочанасьць з прычыны нарошчваньня расейскіх сілаў у Крыме і на мяжы з Украінай.
Байдэн таксама даў зразумець, што Злучаныя Штаты будуць дзейнічаць «цьвёрда», абараняючы свае нацыянальныя інтарэсы ў адказ на дзеяньні Расеі, такія, як кібэратакі і ўмяшаньне ў выбары. Ён таксама прапанаваў Пуціну правесьці асабістую сустрэчу ў бліжэйшыя месяцы ў трэцяй краіне — для абмеркаваньня ўсяго комплексу пытаньняў, якія стаяць перад ЗША і Расеяй.
Саміт быў прапанаваны «для абмеркаваньня поўнага спэктру пытаньняў, зь якімі сутыкаюцца ЗША і Расея».
Паведамленьне аб тэлефоннай размове Ўладзіміра Пуціна з Джо Байдэнам апублікаванае і на сайце Крамля. У ім адзначаецца, што размова адбылася з ініцыятывы амэрыканскага боку.
Прэс-служба Крамля рэзюмуе тую частку тэлефоннай размовы, у якой ішла гаворка пра двухбаковыя адносіны паміж Масквой і Вашынгтонам: «Джозэф Байдэн выказаў зацікаўленасьць у нармалізацыі стасункаў на двухбаковым трэку і наладжваньні стабільнага і прадказальнага ўзаемадзеяньня па такіх вострых праблемах, як забесьпячэньне стратэгічнай стабільнасьці і кантроль над узбраеньнямі, іранская ядзерная праграма, сытуацыя ў Аўганістане, глябальнае зьмяненьне клімату».
Крызіс вакол Украіны названы ў камэнтары Крамля «ўнутраным».