Па дадзеных агенцтва, у Белым доме завяршылі вывучэньне дадзеных аб меркаваных варожых дзеяньнях Масквы і хакерскім нападзе на ўрадавыя ўстановы з выкарыстаньнем распрацаванага амэрыканскай кампаніяй Solar Winds праграмнага забесьпячэньня. Яе называюць самай небясьпечнай кібератакай ў гісторыі Амэрыкі.
Як расказаў адзін з суразмоўцаў агенцтва, у адказ ЗША, напэўна, будзе ўключаць санкцыі супраць людзей, блізкіх да Ўладзіміра Пуціна, а таксама органаў улады, зьвязаных з умяшаньнем у выбары. У якасьці меры ў адказ таксама разглядаецца высылка расейскіх «супрацоўнікаў выведкі, якія працуюць пад дыпляматычным прыкрыцьцём», адзначыла крыніца.
Аналіз варожых дзеяньняў Расеі быў падрыхтаваны па ўказаньні прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, якое ён даў у сваёй першы працоўны дзень у Белым доме. Расьсьледаваньне ішло ў чатырох кірунках: хакерская атака, варожыя дзеяньні ў дачыненьні да амэрыканскіх салдат у Аўганістане, умяшаньне ў выбары і атручэньне апазыцыянэра Аляксея Навальнага.
У сярэдзіне сакавіка амэрыканскія спэцслужбы апублікавалі даклад аб умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2020 году. Тады ж у інтэрвію ABC News Байдэн заявіў, што Пуцін «заплаціць» за ўмяшаньне ў прэзыдэнцкія выбары.
- Аб узломе кампутарных сетак больш за 250 фэдэральных агенцтваў і прадпрыемстваў, у тым ліку Дзярждэпартамэнту, міністэрстваў фінансаў і гандлю ЗША і іншых ведамстваў першымі паведамілі 13 сьнежня агенцтва Reuters і газэта Washington Post.
- Улады ЗША абвінавацілі ў атацы хакерскую групоўку APT29 (Cozy Bear), якую зьвязваюць з расейскімі спэцслужбамі.
- Расейскія ўлады заўсёды адмаўлялі дачыненьне да ўмяшаньня ў выбары ў іншых краінах і абвінавачваньні ў арганізацыі замахаў на Скрыпалёў і Навальнага.
Акрамя таго, як піша Politico са спасылкай на былых і дзейных амэрыканскіх чыноўнікаў, у Белым доме абмяркоўваецца магчымасьць прызначыць спэцпасланьніка для закрытых перамоў аб спыненьні будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток – 2», не адштурхнуўшы пры гэтым Нямеччыну. Такую ролю прапанавалі дарадцу Джо Байдэна, былому спэцпрадстаўніку Дзярждэпу ў міжнародных энэргетычных пытаньнях Эймасу Гохштайну, але ён пакуль не прыняў прапановы.
- ЗША выступаюць супраць будаўніцтва гэтага трубаправоду, мяркуючы, што ён узмоцніць залежнасьць Эўропы ад расейскага газу і дазволіць Маскве аказваць большы ціск на Ўкраіну, эканоміка якой моцна залежыць ад расейскага транзыту газу. Нямеччына заяўляе, то «Паўночны паток – 2», будаўніцтва якога завершана на 96% — выключна камэрцыйны праект.