У Маскве зьнік Аляксандар Фядута — літаратар, публіцыст, палітоляг. Пазьней КДБ Беларусі паведаміла, што ён затрыманы «ў рамках расьсьледаваньня распачатай крымінальнай справы паводле артыкулу 108 КПК».
Ён нарадзіўся ў 1964-м у Горадні, скончыў філфак Горадзенскага ўнівэрсытэту. Да таго, як заняўся палітычнай і грамадзкай дзейнасьцю, настаўнічаў у школе.
Вось некаторыя факты ягонай біяграфіі.
- У 1990 годзе быў выбраны сакратаром ЦК ЛКСМБ (камсамолу), у 1991-м — першым сакратаром ЦК Саюзу моладзі.
- У 1994 увайшоў у перадвыбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі, прапанаваў яму памяшканьне ў офісе Саюзу моладзі.
- На пасадзе начальніка Галоўнага ўпраўленьні інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта перадаў распараджэньне дзяржаўным газэтам не друкаваць даклад дэпутата Апазыцыі БНФ Сяргея Антончыка аб карупцыі ў атачэньні Лукашэнкі. Газэты выйшлі зь «белымі плямамі», а Фядута падаў у адстаўку.
- У красавіку 1995 даў паказаньні на паседжаньні Канстытуцыйнага суду ў справе манапалізацыі Лукашэнкам сродкаў масавай інфармацыі.
- Быў пабіты невядомымі ў пад’езьдзе свайго дому ў кастрычніку 2000-га, калі балятаваўся на выбарах у Палату прадстаўнікоў.
- У 2003-м у сэрыі «Беларускім кнігазбор» выдаў зборнік пісьменьніка і журналіста Фадзея Булгарына, які стаў першым пасьмяротным выданьнем на яго гістарычнай радзіме.
- Разам зь Сяргеем Панькоўскім і Сьвятланай Навумавай у 2003 стварыў сайт экспэртнай супольнасьці «Наше мнение».
- Напісаў палітычную біяграфію Аляксандра Лукашэнкі, якая ў 2005 годзе выйшла ў маскоўскім выдавецтве «Референдум».
- У 2010 годзе ўдзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі Ўладзімера Някляева. У сьнежні 2010-га быў арыштаваны і некалькі месяцаў правёў у сьледчым ізалятары КДБ («амэрыканцы»), быў прызнаны вязьнем сумленьня. У красавіку 2011-га быў асуджаны на два гады ўмоўна.
- У 2017-м абараніў доктарскую дысэртацыю ў літаратуразнаўстве ў Ягелонскім унівэрсытэце (Польшча).
Аляксандар Фядута актыўна камэнтаваў падзеі палітычнага і грамадзкага жыцьця, у тым ліку і на Радыё Свабода. Апошнім часам ён стала выступаў у рубрыцы «Меркаваньне» тэлеканалу «Белсат».
Ніжэй — некалькі цытатаў зь ягоных камэнтароў на «Белсаце».
«Цяпер прафэсія лекараў і выкананьне імі абавязку зрабіліся нагодай для затрыманьняў...
Я не магу сказаць людзям у пагонах, якія прымалі адпаведнае рашэньне:
— Каб вам здохнуць!
І я недастаткова веруючы чалавек, каб сказаць гэтым сьвядомым бязбожнікам:
— Каб вам памерці без пакаяньня!
Але я магу сказаць іншае, што і кажу:
— Калі вам будзе дрэнна, хай да вас і вашым блізкіх замест лекараў прыедзе АМАП». Жнівень 2021
«Галоўная радасьць — камэнтар „Пула першага“: „Канстытуцыю на вуліцы не напішаш“. Пэўна, мы мусім звар’яцець ад шчасьця: нам прапануюць напісаць яе ў турме!» Кастрычнік 2020
«Калісьці мая жонка сказала, што будзе выпісваць недзяржаўную беларускую прэсу да таго часу, пакуль тая будзе друкавацца. Гэта была наша сямейная форма пратэсту. Зараз падтрымка недзяржаўнай папяровай прэсы робіцца адной зь першачарговых задачаў дэмакратычных сілаў...
Ня будзьце піжонамі, моладзь! Адкрыйце нумар газэты ў вагоне мэтро, дэманстратыўна. Гэта будзе аніяк ня меншым знакам апазыцыйнасьці, чым значок з „Пагоняй“ ці белы ліст паперы ў акне. І гэта будзе зразумелы для ўсіх знак: вы чытаеце газэту — значыць, у ёй ёсьць нешта важнае, патрэбнае, сумленнае. Клясык пісаў, што рукапісы не гараць. Газэты яшчэ не згарэлі. Паверце тым, хто спрабуе іх забіць, і не дапусьціце гэтага». Лістапад 2020
«Нашая ўлада — дробная сука. Дваццаць шэсьць гадоў існаваньня так і не ўзьнялі яе на вышыню, годную ўлады як такой. „Усіх знойдзем...“ — злосна шыпіць яна з падваротні. Усіх. Нават дзяцей. Пры гэтым забываючыся, што кожнаму адплаціцца па справах ягоных». Лістапад 2021
«Цяпер гаворка ідзе ўжо аб падрыхтоўцы спэцапэрацый зь ліквідацыяй палітычных апанэнтаў (Барадач, Алкаеў, Шарамет) на тэрыторыі іншых дзяржаў. Гэта пытаньне міжнароднай падсуднасьці, і, калі сапраўднасьць файла будзе даказаная, а прыналежнасьць галасоў „супрацоўніка 1“ і „супрацоўніка 2“ вэрыфікаваныя, дык шлях кіраўнікоў беларускай дзяржавы ў Гаагу скарачаецца сама меней удвая». Студзень 2021
«Забітага Генадзя Шутава прызналі вінаватым у супраціве асобе, апранутай у цывільнае, узброенай агнястрэльнай зброяй, якая, згодна з паказаньнямі сьведкі, не прадставілася па форме. Гэта абсалютна ў трэндзе нашага правасудзьдзя апошняга году. Пацярпелы заўсёды вінаваты. Цябе білі? Вінаваты! Плаці штраф! Цябе білі і табе пагражалі? Атрымай свае гады — ня суткі, гады зьняволеньня!» Люты 2021
«[Тэракт у менскім мэтро 11 красавіка 2011] звалілі на двух маладых людзей, адзін зь якіх так і ня стаў змагацца за сваю невінаватасьць, а другі адмовіўся ад прызнальных паказаньняў, але яму гэта не дапамагло. І нават адвакату ў перапынку не далі магчымасьць зь ім пагаварыць». Сакавік 2021
«„Краты“ ёсьць ва ўсіх сілавых ведамствах. Людзі думаюць пра будучыню — і краіны, і ўласную... Дай Бог, каб норы ў іх былі глыбейшыя, каб іх было немагчыма адтуль ні выкурыць, не „выліць“ вадой. Урэшце, зьяўленьне ў інтэрнэт-эфіры дыялёгаў ад аматаркі масандраўскіх вінаў сьведчыць: такія „краты“ ёсьць нават у сьвятая сьвятых рэжыму — у тых спэцслужбах, якія кантралююцца асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. „Краты“ атачаюць яго палацы, яго рэзыдэнцыі. Яны „зьліваюць“ апанэнтам фатаграфіі, відэа- і аўдыёзапісы. Яны ўсюды.
Урэшце, падобна, гэтая ўлада праваліцца ў „кратову нару“, выкапаную ў яе пад самым носам, на прысядзібным участку, дзе звычайна дзяўчаты-прыгажуні косяць кавуны або кормяць морквай заежджых знакамітасьцяў». Сакавік 2021
«З часоў Нюрнбэргу ніводны генэрал і ніводны салдат не адважваюцца спаслацца на загад, калі разумее яго злачыннасьць. Такая сусьветная практыка.... У мяне няма сумненьняў у тым, што і нашу армію „замажуць“. На гэта будуць кінуты ўсе сілы. Менавіта таму, што „рэжым“ як такі абараняць больш няма каму. Рэсурс вычарпаны. Паглядзіце на сумны твар новага кіраўніка Сьледчага камітэту, каб зразумець: ён зусім ня рады гэтаму прызначэньню. Ці будуць радавацца салдаты, калі іх вымусяць наставіць рулі на жанчын і сваіх аднагодкаў? І як яны будуць пасьля гэтага ставіцца да сваіх афіцэраў?» Сакавік 2021
«Экс-кіраўнік ГУБАЗіКу Мікалай Карпянкоў хлусіць, калі кажа, што пратэст зьдзьмуўся — таму што пратэст не на вуліцах, а ў галовах. Ён прымусіць сяброў камісій па рэфэрэндуму, на якім плянуецца праціснуць лукашэнкаўскую канстытуцыю, памятаць: нас — шмат, а значыць, фальсыфікаваць вынікі гэтага галасаваньня без паўтарэньня супрацьстаяньня жніўня 2020 году будзе немагчыма». Сакавік 2021