Летась падчас першай хвалі каранавірусу Дар'я Чэхава лячыла пацыентаў з COVID-19. Увесь гэты час яна шмат пісала ў твітары пра рэальныя маштабы эпідэміі і праблемы, зь якімі сутыкаюцца мэдыкі. У жніўні яна пісала пра траўмы пацярпелых на пратэстах. Пасьля гэтага разам з мужам была вымушаная тэрмінова пакінуць Беларусь празь перасьлед уладаў.
Многія думаюць, што я ўжо лячу пацыентаў у Латвіі. Але гэта ня тая галіна, дзе ты можаш прыйсьці з вуліцы і хутка ўладкавацца, як прадаўцом у краме. У кожнай краіне свае пратаколы лячэньня, а яшчэ трэба вывучыць мову і пацьвердзіць дыплём.
Ужо 7 месяцаў я не працую. Увесь мой дзень зводзіцца да таго, што я гатую сьняданак і іду вучыцца. Стаўлю таймэр на 7-8 гадзінаў і чытаю. Ад гэтага жыцьцё ператвараецца ў «дзень сурка».
Калі маю справу вырашылі перадаваць у Сьледчы камітэт, мы з мужам за дзень сабраліся і выехалі. Здавалася, што я здымаюся ў нізкабюджэтным кіно. Мы прыехалі ў амбасаду, пагаварылі з консулам і хутка атрымалі візу. Я асабліва не выбірала. Латвія дык Латвія. Дагэтуль у гэтай краіне я не была. Латыскую мову ўпершыню я пачула, калі прыехала сюды. У Латвіі доўгі час локдаўн, таму пакуль асабліва не ўсьведамляю, што жыву ў іншай краіне.
Калі я толькі пераехала ў Латвію, я была ў стане дэпрэсіі. Цяжка было ўсьвядоміць, што ўсё маё звычайнае жыцьцё засталося ў мінулым. Трэба было пачынаць усё з нуля. Я ня ведаю, калі я змагу вярнуцца ў Беларусь. Фактар невядомасьці матывуе рухацца далей. Аднак я б хацела застацца ў мэдыцыне.
У твітар я пісала дзеля праўды. Хацелася, каб людзі зразумелі, што каранавірус — гэта небясьпечна, ён ня лечыцца трактарам, гарэлкай і лазьняй. Гвалт над мірнымі грамадзянамі нельга было замоўчваць.
Летась здарыўся мой першы кантакт з каранавірусным пацыентам. Тады ўсе мае ўяўленьні пра жыцьцё ў Беларусі разбурыліся, як картачны дамок. Памятаю, у мяне памерла пацыентка ад COVID-19. Але ў выніку сказалі, што ў яе адзін мазок быў станоўчы, а астатнія адмоўныя — таму яна нібы памерла не ад каранавірусу. Тады я пачала расчароўвацца ў сыстэме, у якой працую.
Я сачу за статыстыкай сьмяротнасьці ад каранавірусу ў Беларусі. Кожны раз гэта плюс дзевяць-дзесяць чалавек. Колькасьць стабільна не мяняецца. Хоць я выдатна ведаю, што часам дзевяць чалавек могуць памерці толькі ў адной лякарні Менску за дзень. Мае калегі ў Беларусі расказваюць, што сытуацыя дагэтуль такая.
Сумую па працы і пацыентах, па бацьках, калегах, якія засталіся. Шмат хто ўжо зьехаў: сытуацыя ў Беларусі раскідала людзей. У асноўным едуць у Польшчу і Нямеччыну. Тыя, хто зьехаў, не плянуюць вяртацца.
Салідарнасьць мэдыкаў у Беларусі ня вельмі масавая, на мой погляд. Асаблівасьць беларускай мэдыцынскай сыстэмы: вельмі цяжка выстаяць у адзіночку, трэба зьбірацца ў каманды. Таму мяркуецца, што ўсе адзін за аднаго. Адзінкі гатовыя гаварыць адкрыта, напрыклад як доктар Мартаў або Мікіта Салавей, які перастаў быць інфэкцыяністам. Застаецца агульны настрой запужанасьці. Людзі не гатовыя выказваць свае думкі ўголас, нават калі яны ў іх ёсьць. Дактарам за 40 ужо ёсьць што губляць. У іх сем’і, жытло. Яны ўжо ўладкавалі свой побыт.
Нездарма кажуць, рэвалюцыя — справа маладых. Бо нам няма чаго губляць у нейкім сэнсе. Я зьехала, нават яшчэ не атрымаўшы катэгорыю. Я ўсяго год працавала доктарам. Я страціла ня так шмат.
Я доўга жыла ў сваім сьвеце і не цікавілася палітыкай. Трэба было вырашаць праблемы: паступіць ва ўнівэрсытэт, здаць сэсію, уладкавацца на працу. Але рэпрэсіі былі і раней, проста не хацела заўважаць. Я адчуваю ўнутраную незадаволенасьць сабой. Тое, што мы маем цяпер — гэта наступствы непрынятых рашэньняў. Сытуацыя з каранавірусам пачала адкрываць мне вочы.
Для мяне непрымальна заставацца апалітычнай. Перайшлі ўсе межы, адбываецца поўнае беззаконьне. Не ўяўляю, як можна не цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне, заставацца ў сваім утульным малым сьвеце, працягваць хадзіць на працу, як ні ў чым не бывала.
Ня ўпэўнена, што застануся ў Латвіі. У мяне пакуль няма далёкіх плянаў.