Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны разбурылі мой сьвет і маю сям’ю». Улады дэпартавалі бацьку сямʼі ў Расею, сына ў Літву, а жонку арыштавалі


Ільля Петуноў з жонкай Вольгай і сынам Паўлам
Ільля Петуноў з жонкай Вольгай і сынам Паўлам

Улады Беларусі дэпартавалі з краіны расейскага бізнэсоўца, 57-гадовага Ільлю Петунова. Ільля 30 гадоў жыў у Горадзенскай вобласьці і стварыў там пасьпяховую вытворчасьць, але пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў узяў удзел у вулічных пратэстах, некалькі разоў быў аштрафаваны і ў выніку дэпартаваны.

Адначасова з тым, як Петуноў вымушана вярнуўся на радзіму, у Пскоў, яго старэйшага сына беларускія ўлады спачатку арыштавалі, а затым выслалі ў Літву, а жонка (а зь ёй і малодшыя дзеці) была адпраўлена пад хатні арышт у справе аб пашкоджаньні дакумэнту — паведамленьня аб ператрусе, расказаў Петуноў у інтэрвію праекту Север. Реалии.

«У дачыненьні да вас прынята рашэньне пра высылку з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах грамадзкага парадку. У адпаведнасьці з прынятым рашэньнем вам забаронены ўезд у Рэспубліку Беларусь на пяць гадоў», — чытае Петуноў апавяшчэньне з райвыканкаму, якое прадпісвае яму выехаць у Расею. — Цынізм гэтай паперы жахлівы! Забіваць людзей беспакарана, судзіць і саджаць — вось іх «парадак». Самыя сапраўдныя сучасныя фашысты».

Расея і Беларусь узаемна высылаюць «нядобранадзейных» грамадзян суседняй краіны, калі тыя «засьвяціліся» на пратэстах. У лютым зь Пецярбургу выслалі Руслана Хазіна: ён выступаў супраць рэжыму Лукашэнкі каля беларускай амбасады і дапамагаў суайчыньнікам, уцекачам у Расею ад рэпрэсій. У сакавіку паліцыя паспрабавала выправадзіць яшчэ трох актывістаў: Юлію Штанько, яе мужа Паўла і Ягора Мякіньнікава. Ім ставілі ў віну парушэньне міграцыйнага ўліку, суд прызнаў іх вінаватымі, але вырашыў не дэпартаваць, а прызначыў штрафы.

Адначасова зь Беларусі высылаюць расейцаў, якія засьвяціліся ў пратэстах супраць Лукашэнкі, такіх як Ільля Петуноў.

Ільля апавядае, што прыехаў у Беларусь у 1990 годзе па разьмеркаваньні, каб працаваць інжынэрам на Смаргонскім заводзе аптычнага станкабудаваньня. Праз чатыры гады разам з кампаньёнам ён пачаў разьвіваць свой бізнэс — высокатэхналягічнае паліраваньне і дэкараваньне сталовых прыбораў і посуду. У 2001 годзе кампаньёны зарэгістравалі ТАА «Белпрамсэрвіс», сталі вырабляць мэталічны посуд і прыборы з нержавейнай сталі. Сёньня ў кампаніі працуюць больш за сорак чалавек: «Белпрамсэрвіс», паводле Петунова, займае 50% беларускага рынку посуду і плянуе выйсьці на расейскі.

Праблем з беларускімі ўладамі ў яго прадпрыемства, паводле Ільлі, ніколі не было. «Белпрамсэрвіс» спансараваў мясцовы футбольны клюб «Смаргонь», раённую лякарню, таварыства інвалідаў і сабор. Але ўсё зьмянілася, калі восеньню 2020 году Петуноў разам зь дзясяткамі тысяч іншых беларусаў выйшаў на вулічныя пратэсты — упершыню за 30 гадоў жыцьця ў Смаргонях.

«Да 9 жніўня 2020 я жыў паводле тэорыі парасона, — расказвае Петуноў. — Быў я і мае блізкія, мае супрацоўнікі: яны жылі пад маёй апекай. Я ахоўваў гэты вонкавы пэрымэтар, каб гэтая дзяржава ня совалася туды. І з уладамі дамовіўся: вы не чапаеце мяне, я — вас. Я плачу падаткі, вы мне даяце магчымасьць працаваць. Але яны ўварваліся пад мой парасон і разбурылі мой сьвет. А потым — сямʼю».

Петуноў кажа, што «ў пратэсты трапіў праз жонку». Вольга Петунова разам з мужам заснавала «Цэнтар падтрымкі прадпрымальніцтва», уваходзіла ў апякунскія рады мясцовых дзіцячых садкоў і школаў, а ў жніўні 2020 году вырашыла стаць чальцом аднаго з выбаркамаў у Смаргонях. На перадвыбарным сходзе Горадзенскага штабу Сьвятланы Ціханоўскаў яна, паводле Ільлі, голасна абвясьціла, што не дапусьціць фальсыфікацый на карысьць Лукашэнкі на сваім участку.

Празь некалькі дзён пасьля гэтага Вольгу выклікалі на дзяжурства ў выбарчую камісію, а потым абвясьцілі, што яна нібыта кантактавала з хворай на каранавірус калегай. Пад гэтай падставай ёй забаранілі працаваць у дзень выбараў, але дазволілі прагаласаваць. Вольга паставіла галачку за Ціханоўскую, а вечарам з Ільлём і дзецьмі пайшла на плошчу.

«Я ўпершыню ўбачыў разгон і такіх міліцыянтаў — выскачылі чэрці з аўтазака і пачалі лупіць і затрымліваць людзей», — успамінае той дзень Петуноў.

Некалькі дзён пасьля выбараў у Беларусі, кажа Ільля, ён проста назіраў за пратэстамі збоку. Але ўжо 15 жніўня выйшаў на першы ў сваім жыцьці пратэставы мітынг: яго вядучай была ягоная жонка.

«Чым я магу змагацца? У мяне няма зброі, але я магу выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. Я выйшаў, таму што быў глыбока абураны нахабнай і беспардоннай фальсыфікацыяй і неадэкватным гвалтам, забойствам людзей, — тлумачыць Петуноў. — У рэальнасьці за Лукашэнку прагаласавалі 20% беларусаў, і тое ня ўсюды. Турмы і ІЧУ былі так забітыя затрыманымі на пратэстах, што ў камэрах людзі толькі стаяць маглі. Столькі было параненых і зьбітых, што шпіталі захлынуліся. Гэтыя прыдуркі думалі, што будзе ўсё, як у 2010 годзе: усіх адмяцелілі, пасадзяць — і аціхне. Але выйшла столькі, што ўся іх гнілая сыстэма задыхнулася».

Сыны Ільлі Петунова, Цімафей і Ваня
Сыны Ільлі Петунова, Цімафей і Ваня

Пасьля візыту Лукашэнкі на завод колавых цягачоў, дзе рабочыя дружна крычалі яму «Сыходзь», улады па ўсёй Беларусі пачалі арганізоўваць праўладныя мітынгі. Ільля і Вольга прыходзілі туды з фатаздымкамі пабітых і забітых пратэстоўцаў.

«Мянты не давалі нам падняць плякат. Там былі і рэальныя лукашысты, я глядзеў ім у вочы. Да дырэктара заводу падышоў, а ён вочы хавае, — апавядае Ільля. — Відаць, што чалавеку страшна, прыйшоў з-пад палкі, але жонка ў выканкаме працуе — дзявацца няма куды».

Пасьля гэтых паходаў на мітынгі сямʼя прыцягнула пільную ўвагу беларускіх сілавікоў. Ільля кажа, што першы пратакол за «актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» ён атрымаў пасьля шэсьця 6 верасьня. Тады на плошчы ў Смаргонях сабраліся крыху больш за сто чалавек, якія калёнай прайшлі па цэнтральнай вуліцы.

У той дзень Ільля быў на акцыі з 15-гадовым сынам Ванем: у яго інваліднасьць у сувязі з мэнтальным захворваньнем. Улады ўгледзелі ў гэтым пагрозу жыцьцю непаўналетняга. Пракуратура вынесла Петунову дадатковае папярэджаньне, а суд аштрафаваў прадпрымальніка на 2260 рублёў (больш за $850).

Старэйшага сына Ільлі Цімафея (яму 31 год) за гэтую ж акцыю спачатку арыштавалі на трое сутак, а потым яшчэ і аштрафавалі.

Ільля Петуноў
Ільля Петуноў

25 верасьня міліцыя прыйшла да Петунова зь ператрусам. Гэта адбылося пасьля таго, як у Смаргонях зьявіліся ўлёткі з партрэтамі і пэрсанальнымі зьвесткамі пра сілавікоў. Затрымалі некалькі чалавек, і нехта паведаміў, што нібыта «перадаў клей» Вользе Петуновой.

«Забралі нават дыскі дзяцей з гульнямі, тэлефон у сына-інваліда выцягнулі. І — раз! Прадʼявілі пастанову аб арышце жонкі. Але Воля да гэтага недатычная! — расказвае Ільля. — Яе пратрымалі ў СІЗА 72 гадзіны. Сын-інвалід перажываў ад таго, што маму забралі, і стаў дом разносіць, а ён дужы — 90 кіляграмаў».

«Я патэлефанаваў у міліцыю, а яны: „Чаго ты тэлефануеш? Ня трэба было на плошчу хадзіць!“ Яны стварылі гэтую сытуацыю і яшчэ і зьдзекуюцца!» — абураецца Ільля.

У лістападзе Цімафея Петунова за чарговую акцыю пратэсту зноў арыштавала міліцыя. Тады ж, калі Вольга вярнулася з адпачынку ў Турэччыне, яе затрымалі проста ў аэрапорце: сілавікі шукалі ў яе грошы, нібыта прывезеныя з-за мяжы для фінансаваньня мерапрыемстваў.

«Воля плакала, крычала, я гэта чуў, але ня мог дапамагчы, нават бачыў, як там што адбывалася», — успамінае Ільля.

Затым кожны месяц на Петунова заводзілі новыя і новыя адміністрацыйныя справы. Спачатку яго абвінавацілі ў выгуле сабакі без намордніка, а затым у хуліганстве — на прыпынку ён нібыта паказаў кулак міліцыянтам, якія яго здымалі. Суд зноў прызначыў прадпрымальніку штрафы.

Другі ператрус у Петуновых быў у лютым. Міліцыя прыйшла да іх з новым абвінавачаньнем у паклёпе: на сайце «Карнікі Беларусі» зноў зьявіліся пэрсанальныя зьвесткі пра сілавікоў, і сьледчыя вырашылі, што гэта зрабіла Вольга Петунова.

Ільля кажа, што ў ягонай жонкі праз новую крымінальную справу здалі нэрвы.

«Воля на эмоцыях кінула гэтую паперу і наступіла на яе. Мянты хутка выклікалі СК. І вось зьявілася трэцяя крымінальная справа: пашкоджаньне афіцыйных дакумэнтаў, учыненае з карысьлівых ці іншых асабістых памкненьняў, — тлумачыць Петуноў. — А ў Волі гістэрыка была, яна ў вельмі цяжкім эмацыйным стане, думала, што яе зноў арыштуюць! І так гэтыя допыты ішлі пастаянна».

У лютым апынуўся ў СІЗА і сам Ільля: яго затрымалі пасьля суду ў справе аб улётках і раздачы клею. Пасьля прысуду нехта ў калідоры крыкнуў «Жыве Беларусь», і за «парушэньне вызначанага парадку правядзеньня масавага мерапрыемства» за кратамі апынуліся больш за дзесяць чалавек. Сын Петунова Цімафей у гэты час таксама сядзеў.

18 сакавіка Ільлі абвясьцілі, што і яго прысутнасьць на тэрыторыі Беларусі непажаданая. Прыкладна ў гэты самы час сын патэлефанаваў яму і сказаў: «Тата, мяне выкінулі на нэўтральнай паласе каля памежнага пераходу. Я дэпартаваны ў Літву».

Яшчэ праз гадзіну Вольгу Петунову пасадзілі пад хатні арышт у рамках справы пра пашкоджаную пастанову аб ператрусе. Паводле Ільлі, яе могуць па гэтым артыкуле адправіць у турму на два гады.

Атрымаўшы пастанову аб высылцы, Ільля ня стаў чакаць, пакуль яго арыштуюць і дэпартуюць прымусова. Ён перадаў справы прадпрыемства кампаньёну і хутка зьехаў.

«Зь беларускага боку мяжа ніяк не кантралюецца. „Палітычныя“ да 20 сьнежня 2020 году маглі зьехаць, калі не былі ў базе „невыязных“. А потым — толькі калі пусьцяць расейскія памежнікі, — распавядае Ільля. — Воля не магла зьехаць са мной, таму што яна знаходзіцца пад хатнім арыштам і Расея яе адразу выдасьць».

«У мяне няма цяпер пляну, як быць. Я нічога не магу зрабіць, — кажа прадпрымальнік. — Але я ведаю, якая сёньня сытуацыя ў Расеі: яна сямімільнымі крокамі ідзе ў Беларусь. Гэта страшна: не выключаю, што ў мяне будзе і наступная рэлякацыя. Жыць у краіне „Паўночная Карэя“ я ня буду. Я нешта ў гэтым жыцьці стварыў і хачу правесьці яго рэшту нармальна, каб не было сорамна».

«Мяне можна зьнішчыць фізычна, але жыць, як яны хочуць, я ня буду. У іх нічога не атрымаецца, я лепш загіну ў гэтай барацьбе», — зазначае Ільля Петуноў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG