Паўла Мажэйку затрымлівалі на 72 гадзіны за карціну на выставе. Тая карціна, на думку пракуратуры, «рэабілітавала і апраўдвала нацызм». Зь яго ўзялі падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы.
Журналіст расказаў, што спачатку сядзеў у адзіночнай камэры, потым яго падсялілі да чалавека, які праходзіць па іншай крымінальнай справе.
29 сакавіка каля 16:00 да яго прыйшла сьледчая і паведаміла, што больш няма падставаў для ўтрыманьня яго пад вартай. Павал Мажэйка застаецца падазраваным па справе. Абвінавачаньне яму пакуль не прад'явілі.
Генэральная пракуратура 26 сакавіка завяла на Паўла Мажэйку, а таксама на аўтара карціны Алеся Пушкіна, крымінальную справу за «рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». На карціне быў партрэт удзельніка пасьляваеннага антыбальшавіцкага падпольля Яўгена Жыхара.
Мажэйку затрымалі 26 сакавіка і зьмясьцілі ў горадзенскі ізалятар. Пушкін вярнуўся з Украіны, але яго не затрымалі, дома ў яго прайшоў ператрус.