Ізраільская кампанія Cellebrite неадкладна спыняе продаж сваіх рашэньняў і паслуг кліентам у Беларусі і Расеі. Пра гэта яна заявіла 18 сакавіка. Cellebrite называе сябе ўсясьветным лідэрам у галіне рашэньняў для дзяржаўнага і прыватнага сэктараў.
Тэхналёгіі Cellebrite дазваляюць атрымліваць лічбавыя доказы для судовага разбору спраў.
Кампанія падкрэсьлівае, што шляхі атрыманьня такіх доказаў законныя. Яна запэўнівае, што пільна сочыць, каб яе дзейнасьць адпавядала міжнародным правілам.
Сваёй місіяй яна называе «абарону і ратаваньне жыцьцяў» і мае кліентаў у больш як 140 краінах.
Праваабаронцы яшчэ ў жніўні 2020 году закліка́лі ізраільскія ўлады забараніць продаж прадукцыі Cellebrite ў Беларусь. Паводле The Times of Israel, кампанія тады заявіла, што не адказвае на прэтэнзіі адносна канкрэтных кліентаў.
У сьнежні кампанія заявіла, што атрымала доступ да аднаго з самых абароненых мэсэнджараў — Signal.
У 2018-м стала вядома, што расейскія сілавікі закупілі прадукцыю Cellebrite праз пасярэднікаў.