Яму засталося адбываць 8 месяцаў, бо 5 месяцаў пад вартай у СІЗА залічваецца як 10 месяцаў адбываньня «хіміі».
41-гадовага горадзенскага музыку прызналі вінаватым у хуліганстве (ч. 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу) за аголены пэрформанс перад міліцыянтам падчас акцыі пратэсту 5 верасьня 2020-га.
Вяла працэс судзьдзя Натальля Козел. Пракурор Віктар Нічыпарук прасіў пакараць Банцэра «хіміяй» на паўтара года.
Ігара Банцэра выпусьцілі без прысутных у залі суду. На выхадзе яго чакалі сваякі і сябры. Ігар папрасіў яго не абдымаць, бо «баляць унутраныя органы».
Маці Тамара Мікалаеўна адразу запыталася, колькі камэр ён перамыў у турме. Падчас галадоўкі Банцэр зьмяніў 5 камэр, кожную ён адмываў, сваякоў прасіў перадаваць мыйныя сродкі.
З судовай залі музыкант выйшаў з ружовым алоўкам. «Я зноў у ружовым», — пракамэнтаваў ён.
Сваякі ўгаворвалі яго паехаць адразу ў шпіталь, каб аднавіцца. Ігар спрачаўся. Урэшце яго забралі дахаты.
Ігар падзякаваў усім, хто яго падтрымліваў і пісаў лісты. Папрасіў усіх пісаць вязьням.
Падчас размовы зь сябрамі, якія прыйшлі яго падтрымаць, Банцэр абапіраўся на парэнчы, бо «цяжка стаяць». Ішоў з суду да машыны павольна, хістаючыся.
Што варта ведаць аб справе Банцэра
- Ігара Банцэра судзяць за тое, што дэманстраваў палавыя органы перад міліцыянтам. Пазыцыя Банцэра: гэта быў пэрформанс з танцам, падчас якога ён зьняў шорты, але заставаўся ў стрынгах, а сьпераду яго прыкрывала паясная торбачка.
- Пацярпелы міліцыянт Сяргей Багдзевіч ня мае прэтэнзій да Банцэра, першапачаткова ён расцаніў ягоны ўчынак як п’яную выхадку, а не як крымінальнае злачынства.
- Справу разглядае судзьдзя Натальля Козел, пракурор — Віктар Нічыпарук.
- Банцэр знаходзіцца пад вартай амаль 5 месяцаў, з 20 кастрычніка мінулага году. Яму 41 год, жанаты, мае траіх непаўналетніх дзяцей. Летась яго тройчы затрымлівалі за ўдзел у пратэставых акцыях, ён адседзеў па адміністрацыйных справах 18 сутак.
- За 4,5 месяца зьняволеньня Банцэр амаль увесь час сядзеў у адзіночнай камэры і некалькі разоў у карцары. Таксама яго высылалі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі пад Менскам. Экспэртыза паказала, што ён здаровы.
- Падсудны абвясьціў сухую галадоўку 3 сакавіка на знак пратэсту супраць палітызаванасьці ягонай крымінальнай справы аб хуліганстве, а таксама ў знак нязгоды з палітычнымі падзеямі ў Беларусі.
Што Банцэр сказаў у апошнім слове
Напярэдадні, 18 сакавіка, Ігар Банцэр выступіў у судзе з апошнім словам. Гаварыў прыкладна паўгадзіны.
«Калі суд вызначыў, што я паказваў палавыя органы, значыць, я паказваў палавыя органы», — сказаў Банцэр.
Ён зачытаў прамову Сакрата на ягоным судовым працэсе пра нібыта мудрага чалавека, які нічога ня ведае, але робіць выгляд, што ведае.
«Закону трэба падпарадкоўвацца, даводзіцца апраўдвацца... Чалавечая мудрасьць каштуе няшмат, нават, здаецца, нічога... З вас, людзі, наймудрэйшы той, хто падобны да Сакрата, які ведае, што нічога ня ведае... Мудрасьць — самая вялікая з дабротаў. Ці ж ня самае вялікае зло — рабіць выгляд, што ведаеш, калі ня ведаеш?.. Я ніколі ня стану баяцца і пазьбягаць таго, што ёсьць злом», — гаварылася ў цытаце Сакрата.
Ён прыгадаў людзей, якія трапляюць пад суд і робяць усё, каб пазьбегнуць прысуду.
«Ці ж адмена сьмяротнага пакараньня зробіць вас бесьсьмяротнымі?.. Я хутчэй жадаю памерці пасьля такой абароны. Ні мне, і нікому ня варта пазьбягаць сьмерці любымі шляхамі. Лепш сьмерць, чым няслава», — паўтарыў словы Сакрата Банцэр.
«Я буду рад сустрэць Сакрата на нябёсах. Ён вельмі добра сказаў», — адзначыў Банцэр.
Урэшце ён пажадаў пракурору і іншым прысутным пасьпяховай кар’еры і прыгадаў пра люстрацыю, якая некалі настане.
«Я бачыў у сваіх снах, каб мяне судзіла Натальля Рыгораўна. Тут бац, а мяне судзіць Натальля Рыгораўна. Вы не ў маім гусьце, даруйце... Калі б хто іншы сядзеў, то, можа, я б адчуваў нешта нэгатыўнае. Але з 2005 году Натальля Рыгораўна мяне судзіць (у адміністрацыйных справах)», — зазначыў Банцэр.
У гэты момант судзьдзя Натальля Козел пераглянулася з сакратаркай, і абедзьве заўсьміхаліся.
«Калі выжыву, будзе ня сорамна сказаць: а ты сустракаў Новы год з псыхамі? А ты адзначаў дзень народзінаў у турме?» — сказаў Банцэр. Ён папрасіў прабачэньня ў пацярпелага. Але запытаўся: навошта такое правасудзьдзе, навошта пераносы ў судзе? Выказаўся, што трэба кваліфікаваць парушэньні правільна.
«Я не зьмянюся. Мае тату не змываюцца... Выпіліцца адсюль? Я не прызнаю самагубства. Зьехаць з краіны? Так сабе парады», — пракамэнтаваў ён.
«Што я зрабіў ня так? З усімі прымірыўся. Надзеў усё ружовае... Відаць, я загуляўся... Я вельмі рады, што я ня большасьць», — разважаў Банцэр.
Напрыканцы ён падзякаваў судзьдзі Натальлі Козел, у тым ліку за тое, што кінуў піць алькаголь пасьля суду за ўжываньне алькаголю ў грамадзкім месцы.
Банцэр расказваў шмат гісторый, зьвяртаўся да прысутных у залі, прыгадаў, як ён кінуць піць у 2007 годзе. «Мне добра. Я адчуваю сябе цудоўна... Дзякуй усім, мне спадабалася, я атрымаў задавальненьне», — паведаміў Банцэр пра два тыдні сваёй галадоўкі.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах