Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарам Наваградку пачалі прыходзіць лісты з падатковай. Раней іх аштрафавалі за пратэсты


Некалькім жыхарам Наваградку прыйшлі лісты з падатковай, каб яны падалі дэклярацыю аб даходах і маёмасьці цягам дзесяці дзён. Вядома, што гэтыя людзі або былі аштрафаваныя за ўдзел у пратэстах, або атрымлівалі дапамогу ад фондаў на картку.

Жыхарка Наваградку, якая пажадала застацца ананімнай (ейныя дадзеныя ёсьць у рэдакцыі), расказала, што ёй і яшчэ некалькім людзям у горадзе прыйшлі «лісты шчасьця» з падатковай інспэкцыі. Цягам 10 дзён ім трэба падаць дэклярацыю аб даходах і маёмасьці з пачатку 2020 году да 28 лютага 2021 году.

«Паводле зьвестак, якія ёсьць у падатковым органе, папярэдняя сума, якая перавышае кошт маёмасьці, што вам належыць, і перавышае расходы над даходамі, складае ... беларускіх рублёў», — гаворыцца ў дакумэнце, на месцы неабходнай сумы стаіць прочырк.

Патрабаваньне з падаткавай
Патрабаваньне з падаткавай

Калі нехта ня можа ў патрэбны тэрмін падаць дэклярацыю, трэба паведаміць пра гэта ў падатковую і патлумачыць прычыну, а таксама назваць тэрмін, калі гэта будзе магчымым.

Чаму менавіта ім прыйшоў запыт з падатковай, жыхарка Наваградку ня ведае, але дапускае, што гэта можа быць зьвязана з удзелам у вулічных акцыях пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Раней у сакавіку ўжо паведамлялася, што Сьледчы камітэт і Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў выклікаюць у якасьці сьведак беларусаў, якім дапамагаў фонд.

У лістападзе 2020 году ў беларусаў, якія атрымлівалі грашовую дапамогу ад фонду BY_help на лячэньне і аплату штрафаў, заблякавалі банкаўскія карткі, на якія прыходзілі выплаты. У Сьледчым камітэце блякаваньне патлумачылі расьсьледаваньнем крымінальнай справы аб «публічных закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы».

Паводле СК, адзін з заснавальнікаў BY_help Аляксей Лявончык, прызнаны падазраваным, пералічваў са свайго рахунку «грашовыя сродкі для падтрымкі пратэставых акцый у Беларусі і аказаньня матэрыяльнай дапамогі асобам, якія бяруць у іх актыўны ўдзел». На гэтыя грошы наклалі арышт. У выніку на рахунках у шматлікіх атрымальнікаў дапамогі ўтварыліся запазычанасьці, некаторыя не маглі атрымаць пэнсіі, дапамогі і зарплаты.

Пазьней у сытуацыю ўмяшаўся Нацбанк і ўзгадніў мэханізм накладаньня арышту. У ім прапісана, што на грошы, якія паступілі зь іншых крыніц, накласьці арышт нельга. Пасьля гэтага людзям вярнуліся грошы, сьпісаныя за кошт заробкаў або ашчаджэньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG