Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўжыўся ў вобраз хлуса, а Ціханоўскую падстаўляюць правальнымі праектамі, — палітоляг


Уладзімер Падгол
Уладзімер Падгол

З дня прэзыдэнцкіх выбараў мінула больш за паўгода. Паводле як праўладных, так і незалежных экспэртаў, Аляксандар Лукашэнка не зьбіраецца аддаваць уладу і рознымі спосабамі спрабуе ўтрымаць свой рэйтынг.

А паралельна мабілізуе сілавыя структуры на барацьбу з тымі, хто не пагадзіўся з фальсыфікацыямі.

Ягоная нечаканая і галоўная палітычная канкурэнтка Сьвятлана Ціханоўская вымушана знаходзіцца за мяжой і адтуль вядзе актыўную палітычную дзейнасьць.

Як за прамінулы час трансфармаваліся іхныя іміджы? У размове са Свабодай пра гэта паразважаў палітоляг Уладзімер Падгол.

«Народнага прэзыдэнта» паклалі ў «палітычную труну»

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

На думку экспэрта, Аляксандар Лукашэнка ў поствыбарны пэрыяд атрымаў «магутны псыхалягічны ўдар па сваім іміджы», што наўпрост пасунула і ягоны рэйтынг, і лякацыю на палітычнай мапе.

Адно з найбольш відавочных наступстваў — краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада не прызналі яго прэзыдэнтам, ён лічыцца чалавекам, які захапіў і ўтрымлівае ўладу сілай. Фінансавыя структура Эўропы прыпынілі ўсялякую фінансавую дапамогу Беларусі, адпаведна — рэжыму.

Адчувальны ўдар, лічыць Уладзімер Падгол, нанесены па «любімых цацках Лукашэнкі» — хакеі і прэзыдэнцтве ў Нацыянальным алімпійскім камітэце (НАК). Міжнародны алімпійскі камітэт не прызнаў НАК, дзе амаль чвэрць стагодзьдзя кіраваў Лукашэнка-старэйшы; і яму самому, і іншым чальцам выканкаму забаронена наведваць афіцыйныя спаборніцтвы, уключна з Алімпійскімі гульнямі.

«Спэктакль зь пераабраньнем сына Віктара на бацькаву пасаду скончыўся ганебнай паразай — чарговым непрызнаньнем з боку МАК. Лукашэнка пасьля першага байкоту абражаў крыўдзіцеляў, называючы іх „бандай“. Абяцаў падаць у суд на Томаса Баха (прэзыдэнт МАК. — РС). Але днямі таго пераабралі на чарговы тэрмін, і гэта стала яшчэ адной поўхай дыктатару. Чэмпіянат сьвету па хакеі забралі, нягледзячы на абдымкі з Рэнэ Фазэлем, кіраўніком Міжнароднай фэдэрацыі. Так што ня лёс Менску прыняць „усенародны сход“ аматараў хакею», — іранізуе Ўладзімер Падгол.

Урэшце Аляксандар Лукашэнка публічна прызнаў, што ў яго «больш няма сяброў». Нават пасумняваўся ў шчырасьці Крамля, бо менавіта з рэакцыяй кіраўніцтва Расеі на дэмарш МАК ён зьвязваў ступень салідарнасьці са сваёй асобай. Масква ў адказ прамаўчала.

У такой маштабнай блякадзе нічога не засталося, як нарошчваць абароты прапагандысцкай хлусьні, канстатуе Ўладзімер Падгол.

«Ён сам і ягоныя ідэалягічныя „рупары“ бясконца цьвердзяць, што ворагі з NATO імкнуцца захапіць Беларусь. А яму, маўляў, нічога не застаецца, як разьмясьціць у адказ вайсковыя базы Расеі — пакуль, праўда, вучэбныя... Лукашэнка разам з памагатымі тыражуюць неверагодную хлусьню пра Сьвятлану Ціханоўскую, Віктара Бабарыку, Паўла Латушку, Валерыя Цапкалу — нібыта зьбеглі-здрадзілі. Хоць ня кажуць, што тую ж Марыю Калесьнікаву сілком спрабавалі выпхнуць за мяжу. Лукашэнка ўсё інтэнсіўней прымервае вобраз хлуса і бяздарнага палітычнага змагара».

Рэзанансны фільм-расьсьледаваньне «Лукашэнка. Залатое дно» ад каманды Nexta канчаткова паклаў «народнага прэзыдэнта» ў «палітычную труну», працягвае палітоляг. І як бы ні стараўся аркестар прапагандыстаў «адмыць» свайго боса, ад вобразу «хцівага і амаральнага ўладара» ў сьвядомасьці людзей ужо не ўратавацца.

Вобраз «стваральніцы-абаронцы» пахіснуўся праз дарадцаў

У той жа час вакол Сьвятланы Ціханоўскай назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, адзначае Ўладзімер Падгол.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

«Яна правяла ўжо не адзін дзясятак сустрэч з палітычнымі лідэрамі Эўропы і, безь перабольшваньня, зазьзяла зоркай на міжнародным небасхіле. Адпаведна, атрымала яшчэ больш павагі з боку тых, хто галасаваў за яе на прэзыдэнцкіх выбарах. Думаю, нават некаторыя чыноўнікі пачалі думаць: калі Лукашэнка зьнікне зь беларускай арэны, гэтая жанчына цалкам можа стаць прэзыдэнтам. Маўляў, даруе недальнабачным функцыянэрам іх палітычную блізарукасьць і ня будзе пярэчыць, каб тыя засталіся пры дзяржаўным карыце», — заўважае ён.

Зь іншага боку, працягвае суразмоўца, дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай — ці ад малога досьведу, ці дзесьці нават наўмысна — пачалі ўпіраць ёй заведама правальныя праекты. І гэта стала фатальнай памылкай.

«Яна заклікала да ўсеагульнага страйку, а ён праваліўся. Параілі прадставіць праект Канстытуцыі, які палітык Анатоль Лябедзька тут жа назваў „народным“, а доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў раскрытыкаваў. І, самае галоўнае, не змагла ў кантактах з замежнымі партнэрамі знайсьці спосаб спыніць рэпрэсіі. Адным словам, не дапамагла ні ўласнаму мужу, ні сваім пацярпелым прыхільнікам. Усе гэтыя функцыі, дзе Ціханоўская прэтэндавала на нешта канструктыўнае, маглі б спакойна браць на сябе чальцы ейнай каманды», — лічыць Уладзімер Падгол.

У зьвязку з тым, што вобраз «стваральніцы ды абаронцы» крыху пахіснуўся, рэйтынг Сьвятланы Ціханоўскай, як і яе апанэнта Аляксандра Лукашэнкі, таксама «пахіліўся», робіць выснову суразмоўца Свабоды.

Па яго словах, каб Сьвятлана Ціханоўская заставалася ў палітыцы толькі з намерам правесьці сумленныя выбары, перадусім дзеля таго каб расказваць палітычным лідэрам сьвету праўду пра падзеі ў Беларусі, тады б яна трымалася на палітычным п’едэстале высока над дыктатарам, была б недасяжная для яго і ягоных паслугачоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG