Такія паперы пракуратура накіравала актывістам, валянтэрам і журналістам.
Вядома, што папярэджаньні ад пракуратуры атрымалі галоўны рэдактар і супрацоўнік выданьня «Сильные Новости» Ганна і Дзяніс Якштасы. Увосень іх затрымала міліцыя, якая трактавала іх прафэсійную дзейнасьць (асьвятленьне вулічных акцый) як удзел у несанкцыянаваных шэсьцях. Дзяніс атрымаў 15 сутак і штраф, Ганна — буйны штраф.
Папярэджваньне ад пракуратуры прыйшло і валянтэру Ільлю Міронаву.
«Пры ажыцьцяўленьні нагляду за выкананьнем заканадаўства пракуратурай гораду ўстаноўлена, што вы цягам апошняга году неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкулу 23.34 КоАП. Афіцыйна папярэджваю пра недапушчальнасьць арганізацыі і падрыхтоўкі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама ўдзеле ў іх», — паведаміла пракуратура.
У дакумэнце зазначана, што «ў выпадку паўторнага парушэньня заканадаўства вы можаце быць працягнуты да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу».
Да былой выкладчыцы ГДУ ім. Ф.Скарыны Натальлі Суславай, якая двойчы адбывала адміністрацыйны арышт (8 і 10 сутак) за ўдзел у акцыях пратэсту, міліцыя ходзіць з «прафіляктычнымі гутаркамі».
«Што тычыцца папярэджаньня ад пракуратуры, то мне такую паперку давалі, яшчэ калі я была ў ІЧУ. Цяпер праводзяць „прафіляктычныя гутаркі“, каб я ня ўдзельнічала ў масавых мерапрыемствах. Днямі зноў прыходзіў міліцыянт і надта прасіў, каб я расьпісалася на паперчыне, што ён правёў са мной прафіляктычную гутарку. Гэта павелічэньне нагрузкі на супрацоўнікаў міліцыі, бо пра артыкул 23.34 (цяпер 24.23. — РС) і адказнасьць за яго ня ведаюць хіба толькі зусім цёмныя людзі. Сэнс нагадваць пра яго тым, хто ўжо прыцягваўся да адказнасьці? Чарговы абсурд», — пракамэнтавала Натальля Суслава.