Пра гэта яе брат даведаўся зь ліста, які атрымаў сёньня, паведамляе «Медиазона».
«Кожны раз захапляюся жыцьцём... нечакана-негадана, на 9-м дні галадоўкі, у 21:30, даўшы 10 хвілін на зборы, мяне забралі на этап». «У цягніку сказалі, што ехаць нам 12 гадзін, так і было. Я пачала есьці, зьела адзін яблык, вады было мала, эканомілі. Два разы давалі кіпень, нас было 9 чалавек. Па прыезьдзе на першы погляд усё выглядала нядрэнна, але адчувала вялікую слабасьць. Мы засьпелі абед, быў вельмі смачны, хоць я і ня зьела шмат», — піша Натальля Хершэ ў лісьце брату.
Цяпер у Беларусі працягваюць галадоўку яшчэ 3 вязьні:
- Ігар Банцэр (трымае сухую галадоўку з 3 сакавіка). Музыку судзяць за тое, што дэманстраваў палавыя органы перад міліцыянтам. Пазыцыя Банцэра: гэта быў пэрформанс з танцам, падчас якога ён зьняў шорты, але заставаўся ў стрынгах. Банцэру пагражае да 3 гадоў калёніі. Ён пад вартай з 20 кастрычніка 2020 году.
- Ігар Лосік (абвясьціў сухую галадоўку 11 сакавіка). Кансультанту Радыё Свабода і адміністратару тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» 11 сакавіка выставілі новае абвінавачаньне, па якім артыкуле — пакуль невядома. Пасьля гэтага на вачах у сьледчага і адваката ён спрабаваў парэзаць сабе рукі і абвясьціў на знак пратэсту сухую галадоўку. Гэта ўжо другая галадоўка Ігара: 15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.
- Зьміцер Фурманаў абвясьціў галадоўку ў судзе 11 сакавіка на знак пратэсту супраць несправядлівага стаўленьня: яго пасадзілі ў карцар невядома за што. Фурманава затрымалі ў сувязі зь пікетам 29 траўня яшчэ летась, разам зь Сяргеем Ціханоўскім. Яго вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (артыкул 342).