Неўзабаве ў дачыненьні Антона Матолькі вынясуць пастанову аб прыцягненьні яго ў якасьці абвінавачанага ў крымінальных справах. Пасьля гэтага яго абвесьцяць у міждзяржаўны вышук, паведамляе СК.
Артыкулы, паводле якіх пачалі справы супраць Матолькі:
- масавыя беспарадкі
- спрыяньне сацыяльнай варожасьці па прыкмеце прафэсійнай прыналежнасьці
- арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня
- дзеяньні, накіраваныя на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнага, эканамічнага і інфармацыйнага становішча ў краіне; прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы.
Акрамя гэтага, паводле СК, дзейнічаючы па папярэдняй змове зь нявызначанымі асобамі, знаходзячыся за межамі Рэспублікі Беларусь, з мэтай ажыцьцяўленьня супрацьпраўнай дзейнасьці, ён аб’яднаў экстрэмісцкія групы (так званыя «дваровыя чаты»), стварыў экстрэмісцкае фармаваньне і кіруе ім.
Антон Матолька – папулярны блогер, вядзе тэлеграм-канал «Матолька, дапамажы», які мае 135 тысяч падпісчыкаў. Апошнім часам Матолька жыве за мяжой.
Раней у Беларусі былі затрыманыя некалькі папулярных блогераў, у тым ліку Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Сяргей Пятрухін, Аляксандар Кабанаў і іншыя.
Рэакцыя Матолькі на крымінальныя справы
Антон Матолька пазьней пракамэнтаваў інфармацыю пра крымінальныя справы, заведзеныя супраць яго, і пагрозу абвяшчэньня ў міжнародны вышук. Матолька ўдакладніў, што знаходзіцца за межамі Беларусі ад 9 ліпеня 2020 году.
«Прыйшлося зьехаць па настойлівай просьбе калег з @iSANS_Belarus, якія асьцерагаліся майго затрыманьня — як гэта здарылася зь Ігарам Лосікам 25 чэрвеня. Уласна, адна з асноўных прычын, чаму я не заклікаў людзей выходзіць на вуліцу і г. д., — гэта тое, што сам не знаходзіўся ў Беларусі. Засяродзіўся на распаўсюдзе інфармацыі, расьсьледаваньнях і зборы інсайдаў з наступнай іх вэрыфікацыяй. І буду працягваць гэта рабіць», — напісаў ён у сваім блогу.
«Я гатовы адказаць за ўсе свае дзеяньні перад судом. Але гэта будзе аб'ектыўны і незалежны суд у Новай Беларусі, а ня тая ганьба, якая цяпер называе сябе «судом». Балазе, адвакат ёсьць з 2017 году. І апошняе. Я люблю Беларусь і раблю ўсё магчымае, каб як мага хутчэй вярнуцца дадому. Жыве Беларусь!»