Дэмакраты ў Кангрэсе пачалі закладаць аснову для прысваеньня Пуэрта-Рыка статусу штата і ўнесьлі законапраект, які апісвае працэдуру прыёму гэтага карыбскага вострава ў склад Злучаных Штатаў.
Пуэрта-Рыка знаходзіцца пад кіраваньнем ЗША, ня будучы іх неад’емнай часткай. Дзеяньне Канстытуцыі ЗША тут абмежаванае, вярхоўная ўлада належыць Кангрэсу ЗША, але тэрыторыя мае сыстэму самакіраваньня.
Як паведамляе «Голас Амэрыкі», заканадаўцы спасылаюцца на тое, што ў лістападзе большасьць пуэртарыканцаў падтрымалі пераўтварэньне тэрыторыі ў амэрыканскі штат. Законапраект, унесены сэнатарам Марцінам Гайнрыкам і кангрэсмэнам Дарэнам Сота, стане адказам Кангрэсу жыхарам Пуэрта-Рыка і прапануе афіцыйны шлях да атрыманьня статусу штата.
Ён прадугледжвае галасаваньне жыхароў тэрыторыі па пытаньні аб пераходзе ў статус штата і выбары сэнатараў і чальцоў Палаты прадстаўнікоў ад Пуэрта-Рыка.
Прыхільнікі законапраекту сьцьвярджаюць, што фэдэральны ўрад ня ставіцца да грамадзянаў Пуэрта-Рыка гэтак жа, як да астатніх амэрыканцаў, і гэта можна выправіць праз наданьне статусу штата.