Прапануем складзеную імі справаздачу за 4 сакавіка.
- Паводле інфармацыі гомельскай «Вясны», у гамяльчаніна Валерыя Крухмалава прайшоў ператрус. Цяпер ён знаходзіцца ў РАУС Савецкага раёна Гомеля. Падставы ператрусу высьвятляюцца.
- У Менску затрыманы праграміст Ільля Квачэнка, машыну якога ўчора ноччу канфіскавалі за адмову здымаць БЧБ-сцяг з акна. Яго сёньня на 8 гадзіну выклікалі па позьве ў РУУС у Ждановічах. Адтуль ён не выйшаў — яго затрымалі да суда. Імаверна, што на яго склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне паводле арт. 24.23 КаАП. Суд над ім чакаецца заўтра.
- Крымінальную справу палітвязьня Сяргея Ціханоўскага да канца сакавіка перададуць пракурору для накіраваньня ў суд. Пра гэта заявіў кіраўнік Сьледчага камітэту Іван Наскевіч падчас наведваньня «Гомсельмашу».
- Сёньня старшыні БАЖ Андрэю Бастунцу пазванілі са Сьледчага камітэту і прапанавалі з’явіцца туды раніцай 10 сакавіка, каб узяць удзел у аглядзе зьмесьціва забранага падчас ператрусу сэйфа. На мінулым тыдні Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася ў СК са зваротам, у якім прасіла разблякаваць доступ у офіс арганізацыі, а таксама вярнуць пячатку і статутныя дакумэнты, якія знаходзіліся ў сэйфе.
- Сёньня каля 12 гадзіне забралі з працы 42-гадовую Ірыну Новік. Сказалі, што на размову, але на сувязь яна так больш і не выйшла. Увечары яе сваякі паведамілі, што Ірына ўжо дома.
- Палітычную блогерку Вольгу Такарчук адпусьцілі з ІЧУ пад падпіску. Нагадаем, яе затрымалі 2 сакавіка ў межах арт. 391 Крымінальнага кодэксу.
- У Скідзелі затрымалі Уладзімера Іоскевіча. Прычыны затрыманьня высьвятляюцца.
- У Берасьці ў межах крымінальнай справы затрымалі берасьцейскага актывіста, вядомага сваёй бчб-прычоскай, Андрэя Прыстаўку. Меркавана, гаворка ідзе пра крымінальную справу, распачатую паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за нядзельны марш у Курапаты на «Дзяды» 1 лістапада, калі Сьледчы камітэт прызнаў падазраванымі па справе 231 чалавека. Паведамляецца, што Андрэя зьбіраюцца перавозіць у Менск.
- Нагадаем, са жніўня актывіста затрымлівалі за ўдзел у акцыях мінімум сем разоў, а 31 сьнежня пасьля ператрусу ў доме яго бацькоў Андрэя ізноў затрымалі і паведамілі, што супраць яго распачатая крымінальная справа паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Але пасьля адміністрацыйнага арышту яго адпусьцілі на волю. Сёньня, 4 сакавіка, яго ізноў затрымалі.
- Таксама ў межах крымінальнай справы ў Берасьці затрымалі 28-гадовага Валера Мельнічука. Гаворка ідзе пра артыкул 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Раней ён быў у статусе падазраванага, а 2 сакавіка яго выклікалі ў мясцовы РАУС, адкуль ён не выйшаў.
- У Менску ў Шабанах каля 17 гадзіны затрымалі Святлану Гальцаву. Два супрацоўнікі міліцыі запрасілі яе прайсьці зь імі на гутарку, пасьля чаго жанчыну адправілі на Акрэсьціна.
- Увечары 4 сакавіка ў Наваполацку ў межах крымінальнай справы міліцыя масава затрымлівае мясцовых актывістаў. Ужо вядома пра восем затрыманых, сярод іх — Алена Гурчонак і Юлія Шэлепень. Паводле папярэдняй інфармацыі, іх затрымалі на 72 гадзіны. Пакуль невядома, што інкрымінуюць затрыманым.