Сьледчыя зьбіраюцца перадаць справу палітвязьня Сяргея Ціханоўскага ў пракуратуру для накіравання ў суд у канцы сакавіка.
Пра гэта заявіў старшыня Сьледчага камітэта Іван Наскевіч, выступаючы перад работнікамі «Гомсельмашу», піша афіцыйная газэта «СБ. Беларусь сегодня».
У канцы лютага палітвязьню Сяргею Ціханоўскаму падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай да канца красавіка.
Блогера, які плянаваў балятавацца на прэзыдэнцкую пасаду, але ня змог вылучыцца, затрымалі ў Горадні 29 траўня на пікеце для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты ягонай жонкі Сьвятланы. На той момант Ціханоўскі ўзначальваў ініцыятыўную групу Сьвятланы Ціханоўскай.
У СК сьцьвярджаюць, што тады «было арганізавана правядзеньне незаконнага грамадзкага мерапрыемства, мітынгу, падчас якога ўчынены групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням міліцыі».
Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ шэрагу грамадзян выставілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 342 «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» Крымінальнага кодэксу. Пазьней блогера зьвінавацілі яшчэ і ў «распальваньні варажасьці» і неаднаразова падаўжалі тэрмін утрыманьня пад вартай, апошні раз у канцы лютага.
Блогера, аўтара Youtube-каналу «Слуцк для жизни» Ўладзімера Няронскага 2 лютага асудзілі на 3 гады калёніі агульнага рэжыму, пры гэтым суд, на думку праваабаронцаў, ніяк не давёў факту добрага знаёмства Няронскага з Ціханоўскім. Сам Няронскі сьцьвярджаў, што бачыў Сяргея некалькі разоў у жыцьці і ня меў зь ім шчыльных кантактаў.
Ціханоўскі лічыць усе абвінавачаньні супраць сябе сфабрыкаванымі. Праваабаронцы неўзабаве пасьля арышту блогера прызналі яго палітвязьнем. Пад вартай таксама ўтрымліваюць і некалькіх іншых блогераў.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.