Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міжнародны Чырвоны Крыж накіравалі ліст з абвінавачаньнямі беларускай філіі арганізацыі ў парушэньні статуту


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва зьвярнулася ў міжнародны офіс Чырвонага Крыжа з заявай па фактах саўдзелу беларускай філіі арганізацыі ў фальсыфікацыях на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.

Прадстаўнікі беларускай дыяспары пачалі кампанію ў сацыяльных сетках #TyrannyPoisonsRedCross, каб зьвярнуць увагу сусьветнай грамадзкасьці на ўдзел Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) у фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі на карысьць Лукашэнкі. Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва ў сваю чаргу накіравала ліст у Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа.

У дакумэнце выклалі факты, якія пацьвярджаюць удзел БТЧК у фальсыфікацыях. У прыватнасьці, вядома, што падчас выбараў прэзыдэнта ў склад участковых выбарчых камісій ад БТЧК увайшлі 2998 чалавек. Пры гэтым 2532 зь іх ужо ўдзельнічалі ў парлямэнцкіх выбарах 2019 году, але чвэрць гэтага сьпісу тады вылучалася ў камісіі ад іншых арганізацый.

На 362 участках, дзе працавалі прадстаўнікі БТЧК, плятформа «Голас» даказала факты фальсыфікацый — колькасьць фота бюлетэняў з галасамі за Сьвятлану Ціханоўскую перавысіла колькасьць залічаных за яе галасоў у пратаколах, падпісаных сябрамі камісій.

У лісьце да Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа тры асноўныя просьбы:

  • Разгледзець прыкладзеныя матэрыялы аб парушэньні БТЧК прынцыпаў нэўтральнасьці і незалежнасьці, дэкляраваныя Міжнародным рухам Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца;
  • Ліквідаваць фінансавую падтрымку БТЧК і накіраваць сродкі непасрэдна людзям, якія жывуць у нястачы;
  • Прыпыніць сяброўства БТЧК у Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, а таксама Міжнародным руху арганізацыі да таго часу, пакуль беларуская філія не дакажа сваю адпаведнасьць прынцыпам руху.

Старшыня Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка не разумее, чаму Міжнародны Чырвоны Крыж (МЧК) выкарыстоўваецца ў Беларусі ў якасьці палітычнай прылады. У сваім тэлеграм-канале Латушка заявіў, што беларускую арганізацыю выкарыстоўвалі для фальсыфікацыі выбараў, а цяпер выкарыстоўваюць для напаўненьня «пустога замежнапалітычнага парадку дня».

«Пакуль у Міністэрстве замежных спраў праходзяць сустрэчы з усьмешкамі чыноўнікаў МЧК, у турмах у перапоўненых камэрах ад катаваньняў і рэпрэсій пакутуюць сотні палітычных вязьняў, працуе канвэер арыштаў у дачыненьні дзясяткаў тысяч беларусаў. Тысячы беларусаў гінуць празь бязьдзейнасьць ардэнаносных міністраў аховы здароўя і іх начальнікаў, якія ўтойваюць праўду пра маштабы пандэміі ў Беларусі».

Латушка задаў пытаньне, ці сапраўды гэта ўсё можна назваць пазытыўнай старонкай гісторыі Міжнароднага Чырвонага Крыжа ў цэлым і ягонай дзейнасьці ў Беларусі ў прыватнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG