Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны заняпад дэмакратыі паскорыўся, — Freedom House


Мапа са справаздачы Freedom House «Свабода ў сьвеце 2021»
Мапа са справаздачы Freedom House «Свабода ў сьвеце 2021»

Да такой высновы прыйшла арганізацыя Freedom House у сваёй штогадовай справаздачы «Свабода ў сьвеце 2021» пра стан свабоды і дэмакратыі ў 195 краінах сьвету

У справаздачы адзначаецца, што ў 2020 годзе менш за 20% чалавецтва жылі ў цалкам свабодных краінах.

Паводле дасьледаваньня, доля краінаў, прызнаных экспэртамі Freedom House «несвабоднымі», летась была самая высокая з 2006 году, калі стан дэмакратыі ў сьвеце пачаў пагаршацца.

За мінулы год панізіліся паказчыкі свабоды ў 73 краінах, чыё насельніцтва складае тры чвэрці чалавецтва.

Гэтае пагаршэньне сытуацыі адбылося ня толькі ў такіх аўтарытарных краінах, як Кітай, Беларусь і Вэнэсуэла, але і ў дэмакратычных дзяржавах, у прыватнасьці, у ЗША і ў Індыі.

Freedom House адзначае, што аўтарытарныя лідэры, як правіла, карыстаюцца беспакаранасьцю за свае злоўжываньні і выкарыстоўваюць новыя магчымасьці для ўмацаваньня ўлады альбо падаўленьня нязгоды.

Напрыклад, у Беларусі і Ганконгу масавыя акцыі ў абарону дэмакратыі сутыкнуліся з жорсткімі рэпрэсіямі з боку ўрадаў, якія ў значнай ступені ігнаравалі міжнародную крытыку.

У гэтых выпадках мела месца ўмяшаньне з боку магутных аўтарытарных суседзяў: Масква забясьпечвала падтрымку рэжыму ў Беларусі, а Пэкін падтрымліваў рэпрэсіі ў Ганконгу.

«Аўтарытарныя дзяржавы, асабліва Кітай, прасоўваюць свае інтарэсы па ўсім сьвеце, у той час як дэмакратыі былі падзеленыя і паглынутыя ўнутранымі праблемамі. Каб свабода панавала ў глябальным маштабе, ЗША і іх партнэры павінны аб’яднацца і больш актыўна працаваць над умацаваньнем дэмакратыі ў краіне і за мяжой», — адзначыў Майкл Дж. Абрамавіц, прэзыдэнт Freedom House.

Асноўныя высновы справаздачы

  • Са 195 краінаў, якія былі ацэненыя ў дасьледаваньні «Свабода ў сьвеце 2021», у 73-х становішча са свабодай і дэмакратыяй пагоршылася, і толькі ў 28 краінах — палепшылася.
  • У 2020 годзе несвабодных краін было 54, іх жыхары складаюць 38% насельніцтва сьвету.
  • Пандэмія COVID-19 паглыбіла заняпад дэмакратыі. Пагаршэньне сытуацыі са свабодай у 36 краінах было зьвязанае з крызісам у галіне аховы здароўя.
  • Сярод постсавецкіх краінаў несвабоднымі ў дакладзе прызнаныя Азэрбайджан, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан, Туркмэністан Узбэкістан, часткова свабоднымі — Армэнія, Грузія, Малдова і Ўкраіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG