Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб яны сьмерці прасілі». Палітвязьняў адпраўляюць у адну з самых строгіх калёніяў у Беларусі


Калёнія ў Глыбокім, ілюстрацыйнае фота
Калёнія ў Глыбокім, ілюстрацыйнае фота

За люты 2021 году сама меней 102 беларусаў асудзілі па палітычных крымінальных артыкулах. Некаторых палітвязьняў пасьля прысудаў ужо накіравалі ў калёніі.

У папраўчую калёнію асаблівага рэжыму ў Глыбокім трапілі палітвязьні Аляксей Раманаў і Сяргей Верашчагін. Расказваем, чым вядомая гэта «зона».

Што такое «калёнія асаблівага рэжыму»

Праваабаронцы называюць папраўчую калёнію № 13 у Глыбокім адной з самых строгіх у Беларусі. Калі пачалася «барацьба» ўладаў з наркотыкамі, менавіта сюды накіроўвалі асуджаных па артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу. Аляксандар Лукашэнка ў 2014 годзе ставіў задачу перад МУС: «Трэба для іх зрабіць невыносныя ўмовы, каб яны сьмерці прасілі».

Гэта напоўніцу спазналі на сабе асуджаныя, сваякі якіх неаднаразова скардзіліся на невыносныя ўмовы ў «зонах» у Івацэвічах і Глыбокім.

У 2017 годзе праваабаронцы паведамлялі пра выпадкі сьмерці і самагубства асуджаных. У глыбоцкай калёніі памёр жыхар Жлобіна. Ягоная маці Валянціна Пішчалава паведамляла журналістам, што сын доўга хварэў, яму не аказвалі мэдычнай дапамогі і адпраўлялі на працу.

Крыніцы паведамлялі праваабаронцам пра выпадкі сьмерцяў асуджаных ад таго, што не аказвалася мэдычная дапамога, або ад сьмяротных траўмаў на вытворчасьці.

Якія цяпер там умовы для асуджаных

Уладзімер Мельнікаў у студзені вызваліўся з папраўчай калёніі ў Глыбокім. Ён расказваў, што ў камэры, якая называецца «сэкцыя», сядзяць 32 чалавекі.

«На іх адна прыбіральня і адзін умывальнік. Уявіце, якое там ранкам напружаньне, нэрвы і сваркі. Бо калі нават усім даць па пяць хвілін, каб памыцца — гэта 160 хвілін. Адміністрацыя калёніі ставіцца вельмі жорстка да самай малой неахайнасьці. То бок ты павінен быць паголены, гузікі каб былі зашпіленыя... Я падымаўся а чацьвёртай раніцы, каб падагрэць ваду і пагаліцца», — расказваў былы асуджаны.

Харчаваньне ў калёніі, кажа ён, «ніштаватае». Мэдыцына «ня вельмі», да лекара трапіць складана, як і атрымаць лячэньне.

Нармальныя людзі, зь яго назіраньняў, ёсьць і ў адміністрацыі калёніі.

«Між тым ёсьць проста неадэкваты! Я лічу, што там павінны працаваць псыхолягі, якія б падбіралі „рэжымных“. Некаторыя зь іх робяць усё, каб азлабляць людзей! Ці значнасьць сваю хочуць паказаць, ці што. Можна ж даць чалавеку выправіцца — скажам, гузік не зашпіліў, а яны жорстка караюць. Асабліва калі нечым не спадабаўся. Калі нехта з асуджаных паспрабуе недзе паскардзіцца, трапіць у такі нэгатыў, у такую апалу! Да таго, што яго змогуць „раскруціць“ і адправіць у „крытую“ турму. Людзі празь іх губляюць хоць якую надзею», — разважае Ўладзімер.

Ён кажа, што людзі ў калёніі працуюць, але заробак можа быць за месяц і 15 капеек.

Што кажуць сваякі палітвязьняў

Аляксей Раманаў атрымаў год пазбаўленьня волі за «абразу прэзыдэнта». Ён інвалід другой групы з анкалягічным захворваньнем. Абласны суд пакінуў рашэньне раённага ў сіле. Нядаўна Аляксея адправілі ў глыбоцкую калёнію.

«Суд накіраваў мяне ў Глыбокае, зону асаблівага рэжыму, дзе знаходзяцца, так бы мовіць, „самыя-самыя“. Вы мяне прабачце, рэчаў мне нельга. У мяне з сабой былі тры кнігі — сказалі, „не паложана“, бо асаблівы рэжым», — напісаў у лісьце сябрам палітвязень.

Жыхара Гомля Сяргея Верашчагіна таксама накіравалі ў Глыбокае. Ён атрымаў пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Нягледзячы на гэта, накіравалі ў калёнію асаблівага рэжыму.

Паводле сьледзтва і суду, Верашчагін «кідаў бутэлькі з акна ў бок міліцыі і пры затрыманьні ўдарыў міліцыянта нагой у вока, што «не пацягнула за сабой кароткачасовага разладу здароўя».

Жыхар Гомля казаў на судзе, што бутэлек ня кідаў і міліцыянта ня біў. Пабачыў з акна, як міліцыя жорстка абыходзілася з удзельнікамі акцыі пратэсту, і крыкнуў на сілавікоў. Потым да яго ў кватэру ўварваліся міліцыянты і жорстка яго затрымалі. У Цэнтральным РАУСе яго брутальна зьбівалі.

Маці Алена пасьпела толькі на адно спатканьне з сынам адразу пасьля разгляду скаргі ў абласным судзе.

«Ён вельмі засмучаны, блага адчувае сябе. Адразу пасьля абласнога суду яго павезьлі чамусьці ў Віцебск, у СІЗА. Фактычна яго хаваюць. Няма чалавека — няма праблемы. Каб ніхто не панёс адказнасьці за тое, што Сяргея жорстка зьбілі. Па заяве на зьбіцьцё — цішыня... Яшчэ трэба сплаціць міліцыянту, „пацярпеламу“, тысячу рублёў», — кажа маці.

Што кажуць праваабаронцы

Праваабаронца Васіль Палякоў лічыць, што калі ў прысудзе напісана «калёнія агульнага рэжыму», то чалавека мусяць накіраваць менавіта ў такую «зону».

«Гэта адназначна парушэньне заканадаўства. Калі кажуць „Часам не да законаў“ (так выказваўся Аляксандар Лукашэнка. — РС), то адпраўка ў калёнію асаблівага рэжыму — самаўпраўства. Варта абскарджваць, не дапускаць, каб парушаўся той жа прысуд, які носіць палітычна матываваны характар. У нейкай ступені можна гаварыць, што ўлады спрабуюць зладзіць для палітвязьняў такія ж умовы, якія стваралі для асуджаных па 328-м „наркатычным“ артыкуле», — пракамэнтаваў праваабаронца.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка зьвярнуў увагу, што цяпер афіцыйная назва «зоны» у Глыбокім — папраўчая калёнія № 13.

«То бок тэарэтычна на тэрыторыі калёніі могуць утрымлівацца любыя асуджаныя ва ўмовах таго рэжыму, які ім вызначыў суд. Хаця безумоўна трэба мець на ўвазе, што калёнія ў Глыбокім у юрыдычным і праваахоўным асяродку называлася калёніяй асаблівага рэжыму. Нават па сваёй канструкцыі яна адрозьніваецца ад іншых калёній. Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў мусіць забясьпечыць адбыцьцё пакараньня асуджанымі ва ўмовах таго рэжыму, які вызначыў суд. Рэжымы — агульны, узмоцнены і так далей адрозьніваюцца колькасьцю спатканьняў, перадач, пасылак», — патлумачыў юрыст.

Ён лічыць, што ацэньваць трэба не фармальныя моманты, а фактычны стан рэчаў. «У звычайнай калёніі, якая не мае такога мінулага, як глыбоцкая, можна стварыць невыносныя ўмовы для адбыцьця пакараньня асобным катэгорыям асуджаных, як было з тымі, каго судзілі за наркотыкі, калі стварылі дастаткова жорсткія ўмовы і падвышаныя патрабаваньні для людзей», — дадаў Павал Сапелка.


Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG