Пра гэта паведамляе «Нямецкая хваля».
Амэрыканская кампанія – вытворца касьмічнай тэхнікі SpaceX у апошнюю хвіліну адмяніла запуск ракеты-носьбіта Falcon 9 з новай партыяй з 60 міні-спадарожнікамі для папаўненьня арбітальнай групоўкі глябальнай сеткі інтэрнэт-пакрыцьця Starlink. Запуск, заплянаваны на 28 лютага, быў адменены за 1 хвіліну 24 сэкунды да старту, паведаміла SpaceX у сваім мікраблогу ў Twitter.
Кампанія не назвала прычын адмены старту, але адзначыла, што наступная спроба запуску будзе зробленая ўжо сёньня, 1 сакавіка, паводле ўсходнеамэрыканскага часу (у 4 раніцы 2 сакавіка па менскім часе).
SpaceX мае намер вывесьці на арбіту групу інтэрнэт-спадарожнікаў ужо 20-ы раз з траўня 2019 году. Арбітальная групоўка SpaceX на цяперашні момант складаецца з 1143 касьмічных апаратаў. Папярэдняя партыя з 60 спадарожнікаў Starlink была запушчаная 16 лютага.
SpaceX зьяўляецца найбуйнейшым у сьвеце спадарожнікавым апэратарам. У пэрспэктыве кампанія плянуе разгарнуць у космасе 12 тысяч, а затым і 30 тысяч касьмічных апаратаў для стварэньня маштабнай сеткі, якая забясьпечыць жыхароў Зямлі шырокапалосным доступам у інтэрнэт у любым кутку плянэты.