А 20-й гадзіне 27 лютага ў межах праекту «Артысты Перамогі» на YouTube пакажуць запіс канцэрту гурту «Разьбітае сэрца пацана».
Беларускі фонд культурнай салідарнасьці паведаміў, што канцэрт запісалі загадзя ў мэтах бясьпекі. І літаральна празь дзень пасьля запісу затрымалі музыкаў гурту Паўла Гарадніцкага, Дзяніса Тарасенку, Андрэя Осіпчыка, Аляксандра Кавалёва, а таксама іншых музыкаў і гледачоў — агулам 59 чалавек.
Увечары 13 лютага на базе адпачынку «Агеньчык» пад Смалявічамі, дзе праходзіў канцэрт гуртоў «Разьбітае сэрца пацана», Panska Moc і Ok-Band, затрымалі 68 чалавек. 59 зь іх пакінулі пад вартай.
44 затрыманым прысудзілі 15-дзённыя арышты, 15 астатніх аштрафавалі на 870 рублёў. Агулам затрыманым удзельнікам канцэрту прысудзілі 660 дзён, што складае 1 год і 8 месяцаў на ўсіх, а штрафы сумарна склалі 13 050 рублёў. У дамы музыкаў РСП прыходзіла міліцыя з аглядам.
З 2005 году гурт РСП выпусьціў 5 альбомаў. У 2020-м музыкі актыўна выказвалі сваю грамадзянскую пазыцыю, выступалі на дваровых канцэртах у розных раёнах Менску.
Гэта ўжо шосты канцэрт праекту «Артысты Перамогі». Выступы трансьлююцца ў інтэрнэце штосуботу. Праект прысьвечаны ўсім нязломным дзеячам культуры, якія, нягледзячы на ціск, затрыманьні і арышты, працягваюць тварыць і тым самым набліжаць агульную перамогу.
Трансьляцыі бясплатныя, але пры жаданьні музыкаў можна патрымаць грашыма.