Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назвала міліцыянта «сьлізкім тыпам». Жыхарку Бярозы асудзілі на два гады «хатняй хіміі»


Валянціна Мядзьведзь
Валянціна Мядзьведзь

45-гадовую Валянціну Мядзьведзь асудзілі за допіс у мясцовым тэлеграм-канале, паведаміла «Вясна».

17 лістапада яна напісала, што начальнік інспэкцыі ў справах непаўналетніх Дзьмітры Лішко «сапраўды гнілы і сьлізкі тып», параўнала яго з паліцаем і дадала яшчэ некалькі абразьлівых слоў, — гаворыцца ў матэрыялах справы.

Валянціна Мядзьведзь расказала, што яе ў верасьні аштрафавалі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, хоць, паводле яе слоў, яна проста спынілася паразмаўляць з знаёмай каля крамы. А Лішко зь іншым міліцыянтам падышлі і пачалі здымаць падзеі на відэа.

У дадатак да двух гадоў абмежаваньня волі суд абавязаў Валянціну Мядзьведзь выплаціць міліцыянту паўтары тысячы рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG