Сярод іншага Лукашэнка сказаў, што рыхтуецца да вельмі няпростага году і абвастрэньня сытуацыі ў Беларусі. Акрамя ківаньня на сілы ўнутры і звонку краіны, якія нібыта хочуць разгайдаць Беларусь, Лукашэнка прызнаў, што «ёсьць нейкае недастатковае разуменьне» і ў грамадзтве.
«Мы ніколі не хавалі гэта. Я ўвесь час пра гэта гаварыў. Вельмі будзе няпросты год».
«І ня толькі таму, што ёсьць нейкае недастатковае разуменьне ў грамадзтве працэсаў разьвіцьця Беларусі, жаданьне дэстабілізаваць становішча ў Беларусі некаторых унутраных сілаў і асабліва вонкавых.
Не было б вонкавых сілаў, не было б гэтага ціску. Прытым па ўсіх кірунках.
Сёньня нам ужо прэтэнзіі ў спорце прад’яўляюць. Намі спрабуюць кіраваць. У парушэньні ўсіх хартый і гэтак далей і да таго падобнае. Але гэта мы разьбяромся. Гэта не праблема.
Але вы бачыце, што паціху-паціху, ня кіем дык палкаю хочацца расхістаць Беларусь. І сыгналы, і ня проста сыгналы, гэта канкрэтныя дзеяньні, ідуць з-за мяжы».
«На шчасьце, мы выявілі ўсе гэтыя цэнтры. Ведаем усіх гэтых „змагароў“ і зьбеглых зь Беларусі. Але ведаць мала. Гэтаму трэба супрацьстаяць.
Як будзем дзейнічаць у выпадку абвастрэньня сытуацыі — усё трэба да дробязяў прадугледзець з улікам досьведу і Беларусі, і Расеі, і Армэніі, і Кіргізстану, і Ўкраіны (вы бачыце, успыхнула зноў Украіна), і іншых постсавецкіх рэспублік. Мы даўно пра гэта дамаўляліся, і я думаю, што вы ўжо да гэтага гатовыя», — сказаў Лукашэнка Вальфовічу.
Аляксандар Вальфовіч стаў ужо трэцім сакратаром Савету бясьпекі за апошні год. Да яго былі Андрэй Раўкоў, які расказваў пра «200 баевікоў» расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра, што нібыта хаваюцца ў Беларусі ў чаканьні нападаў дзеля дэстабілізацыі становішча ў Беларусі. Пасьля Раўкова ачольваць Савет бясьпекі Лукашэнка паставіў Валера Вакульчыка, адхіліўшы яго ад пасады старшыні КДБ, у кастрычніку той трапіў пад асабістыя санкцыі Эўразьвязу за датычнасьць да фальшаваньня выбараў і палітычных рэпрэсій.