Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна» са спасылкай на «Гомельскую вясну», Цыркунова абвінавачваюць паводле двух артыкулаў: ч. 3 арт. 339 КК («Хуліганства»; нібыта кінуў два «кактэйлі Молатава» ў «Табакерку») і ч. 2 арт. 295-3 КК («Выкарыстаньне гаручых рэчываў»).
Паводле сьледзтва, 25 кастрычніка 2020 года Вадзім Цыкуноў вырабіў два «кактэйлі» Молатава і кінуў у «Табакерку» на вуліцы Алімпійскай, чым прычыніў шкоду ў 26 рублёў. Матыў яго ўчынку — «палітычная варожасьць». Яго затрымалі ў лістападзе 2020 году, і ад таго часу ён знаходзіцца пад вартай.
Аднак Вадзім Цыркуноў на судзе заявіў, што агаварыў сябе ў часе сьледзтва.
Паводле Цыкунова, 18 лістапада яму патэлефанавалі і сказалі, што яго машына, якую ён прадаў пад расьпіску, нібыта трапіла ў аварыю і яму трэба ехаць у ДАІ на вочную стаўку.
«Мяне сустрэлі два чалавекі, яны паказалі пасведчаньні, прапанавалі прайсьці ў аўтамабіль, запыталіся ці ёсьць забароненыя рэчы, папрасілі выключыць мабільны тэлефон, — сказаў Цыркуноў. — Даставілі мяне ў РАУС Цэнтральнага раёну, там прапанавалі разблякаваць тэлефон, але я адмовіўся. Я сядзеў на крэсьле пасярэдзіне пакоя, зьлева, справа і ззаду былі супрацоўнікі міліцыі. Той супрацоўнік, што быў зьлева, ударыў мяне ў вуха, я адчуў моцны боль і шок. У крэсьле зламаліся пярэднія ножкі. Справа міліцыянт, відаць начальнік, пагражаў, што падвесіць на кайданках і мяне будуць біць. Спыталі, ці зрабіў я нейкае злачынства. Я напісаў прызнаньне, што кінуў пляшкі з алеем. Потым былі паказаньні на месцы, ператрус у кватэры. Тэлефон забралі».
19 лістапада Вадзіма Цыркунова адвезьлі ў ізалятар, дзе зноў дапытвалі.
«Я сказаў, што не было загадзя намеру зрабіць вогненныя пляшкі, а жаданьне зрабіць іх узьнікла спантанна, — працягваў Цыркуноў. — Ім гэтая вэрсія, відаць, не падабалася. Яны пачалі гаварыць, што я якраз хацеў падпаліць „Табакерку“ і далей падпальваць кіёскі. Калі не пагаджуся падпісаць такія паказаньні, яны мяне абвінавацяць у падпале іншых кіёскаў, адвязуць у турму КДБ, дзе са мной ніхто ня будзе цырымоніцца. Потым нарэшце яны запісалі на мабільны, што я менавіта хацеў падпаліць „Табакерку“. Я асьцерагаўся за сваё здароўе, бо памятаў, як па вуху ўдарылі. Пасьля гутаркі ў ізалятары я памяняў свае паказаньні».
Па словах падсуднага, сьледчыя прадыктавалі яму новыя паказаньні, што нібыта пасьля выбараў ён быў незадаволены існай уладай і, ведаючы, што «Табакеркі» часткова дзяржаўныя, хацеў зрабіць ім шкоду.
Паводле Цыркунова, ён даведаўся, як вырабляюцца «кактэйлі», зь фільмаў пра вайну.