Салігорск. Паўтара года калёніі за супраціў міліцыянту
53-гадовага Аляксандра Каратчэню асудзілі за супраціў міліцыянтам на паўтара года калёніі агульнага рэжыму, паведаміў «Лідэр-прэс».
Паводле міліцыянтаў, Каратчэня 9 жніўня супраціўляўся затрыманьню, нецэнзурна лаяўся, двойчы ўдарыў іх па галаве.
Аляксандар Каратчэня быў электрасьлесарам на «Беларуськаліі». 69 работнікаў прадпрыемства падпісаліся пад просьбай не пазбаўляць яго волі.
Сам Каратчэня казаў, што ня ведаў аб пратэстах, а затрымалі яго, калі ён сядзеў на лаўцы. Ён не пярэчыў, што супраціўляўся, але настойваў, што нікога ня біў і не штурхаў.
Ягоны сын сказаў, што прысуд будуць абскарджваць.
Менск. Тры гады «хіміі» за тое, што нібыта ўзначальваў шэсьце
У судзе Кастрычніцкага раёну асудзілі крэатыўнага дырэктара рэклямнага агенцтва Salmon Graphics Сяргея Касьцюкевіча, паведаміў Tut.by.
Яго затрымалі 6 верасьня на нядзельным маршы, асудзілі на 8 дзён, але потым завялі крымінальную справу за актыўны ўдзел у пратэстах.
Паводле сьледчых, 39-гадовы Касьцюкевіч «узначаліў вулічнае шэсьце, выйшаўшы адным зь першых на праезную частку». Касьцюкевіч свой удзел у акцыі не адмаўляў, але «нічога не ўзначальваў, не арганізоўваў, нікім не кіраваў».
Адвакат прасіў яго апраўдаць.
Прысуд Сяргей Касьцюкевіч будзе абскарджваць.
Горадня. Штраф і канфіскацыя ровара за «цынічныя выявы»
У судзе Гарадзенскага раёну дваіх жыхароў Скідзеля прызналі вінаватымі ў апаганьваньні збудаваньняў і псаваньні маёмасьці, паведаміла «Вясна».
Крысьціну Палтавец аштрафавалі на 4350 рублёў і канфіскавалі ў яе «сродак, з дапамогай якога ўчынена злачынства» — ровар.
Андрэя Апанасовіча пакаралі штрафам у 2900 рублёў
Крысьціна Палтавец зрабіла каля 20 малюнкаў у Скідзелі і ваколіцах з выявай буслоў, катоў, дзяўчат зь белымі і чырвонымі валасамі, «Пагоняй». Падпісвала іх лёзунгамі «Жыве Беларусь!», «Далучайся!», «Я выхожу». Маляваць яна езьдзіла на сваім ровары, некалькі разоў яе падвёз Андрэй Апанасовіч.