У беласьнежным кліпе рука мастака малюе вобразы герояў беларускіх пратэстаў побач з птушкамі, што вылецелі з клетак. Відэа стварыла Аляксандра Канафальская. Сьпявае аўтарка вершаў і музыкі Кацярына Ваданосава.
Кацярына Ваданосава звольнілася з БТ 11 жніўня — пасьля нечуванай жорсткасьці сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў.
Пра свае пляны яна расказвала ў інтэрвію Свабодзе.
«Я шмат чаго ўмею, шмат чаго раблю. Раблю гістарычную рэканструкцыю строяў. Кнігі па тэхналёгіях XV стагодзьдзя. Займаюся каліграфіяй, мастацкай вышыўкай. Умею вышываць паводле рэнэсансных тэхналёгій, золатам, шклярусам, чым заўгодна. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва — гэта тое, чым я люблю займацца. Думала, што гэта нікому не патрэбна. Ого! Я памылялася. Людзі заўсёды адчуваюць прагу да прыгожага, выкшталцонага».
«Для каго»
я бачу цябе ў цэнтры ўсіх гарадоў
я чую цябе ў моры ўсіх галасоў
я разам з табой да апошняй мяжы
я стану крылом для змарнелай душы
для каго гэта ціш
для каго гэты сон
для каго гэта песьня, каханьне і сьмех
для каго гэты боль
для каго гэты страх
для каго гэты лёс
як не для цябе
я бачу цябе ў тварах тысяч людзей
я чую цябе ў шэпце тысячы зор
дажджы заліваюць вугольле дарэмных надзей
і стужкі дарогі зьбіваюцца ў дзіўны ўзор
наперадзе сонца завеі і ноч за сьпіной
ты крочыш адзін але я заўсёды з табой
для каго гэты сьвет
для каго гэты шлях
для каго гэты вецер нябёсы і дзень
для каго гэты бой
для каго гэты сьцяг
для каго гэта сьмерць
як не для цябе
рэха нясе мае словы над белай зямлёй
вера твая будзе вечнай і будзе жывой